Вы тут

У пошуку тэхналагічнага прарыву


79-я Генеральная асамблея Міжнароднай электратэхнічнай камісіі (МЭК) пройдзе ў беларускай сталіцы з 5 па 16 кастрычніка і стане маштабным форумам не толькі для эканамічнага і навукова-тэхнічнага жыцця краіны, але і ўсяго свету. У асамблеі будуць удзельнічаць больш за тысячу дэлегатаў, якія прадстаўляюць вядучыя сусветныя кампаніі ў галіне электрычных, электронных і сумежных тэхналогій, міжнародныя, рэгіянальныя і нацыянальныя арганізацыі ў сферы тэхнічнага рэгулявання, стандартызацыі і ацэнкі адпаведнасці, а таксама навуковыя ўстановы. Генеральныя асамблеі праводзяцца ў статутных краінах з развітой высокатэхналагічнай прамысловасцю, а таксама ў перспектыўных, на думку МЭК, рэгіёнах. Беларусь будзе прымаць гэты найбуйнейшы тэхнічны і бізнес-форум упершыню.

На якім этапе знаходзіцца падрыхтоўка да правядзення Генеральнай асамблеі МЭК у Мінску? Што трэба зрабіць арганізатарам, удзельнікам мерапрыемства для таго, каб такая маштабная падзея стала максімальна эфектыўнай для эканомікі Беларусі? На сайце БЕЛТА на гэтыя і іншыя пытанні падчас анлайн-канферэнцыі адказвалі запрошаныя эксперты: старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Віктар Назаранка, сакратар Нацыянальнага камітэта МЭК у Беларусі, дырэктар акцыянернага таварыства «Выпрабаванні і сертыфікацыя бытавой і прамысловай прадукцыі «БЕЛЛІС» Юрый Пашык і дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі (БелДІСС) Ірына Асмола.

 

Не проста імя

Міжнародная электратэхнічная камісія з'яўляецца адной з найстарэйшых няўрадавых арганізацый. Сёння МЭК распрацоўвае і публікуе міжнародныя стандарты ў сферы электратэхнікі, электронікі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, энергаэфектыўнасці і аднаўляльных крыніц энергіі. Доля гэтай прадукцыі складае больш за 20% сусветнага гандлю. МЭК імкнецца эфектыўна рэагаваць на патрэбы сусветнага рынку, забяспечваць максімальна магчымае выкарыстанне яе стандартаў і схем ацэнкі адпаведнасці, паляпшаць якасць прадукцыі і паслуг, павышаць эфектыўнасць вытворчых працэсаў, спрыяць абароне здароўя людзей і ахове навакольнага асяроддзя.

Юрый Пашык адзначыў, што стандарты гэтай камісіі адыгрываюць найважнейшую ролю ў змякчэнні наступстваў змены клімату, з'яўляюцца асновай для павышэння энергаэфектыўнасці ў сферах вытворчасці, перадачы, размеркавання і спажывання энергіі. Вялікая ўвага арганізацыя надае пашырэнню супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі бакамі: прамысловасцю, урадавымі, міжнароднымі і рэгіянальнымі арганізацыямі.

Удзел у дзейнасці МЭК прымаюць 166 краін. Распрацоўка стандартаў вядзецца ў рамках 174 тэхнічных камітэтаў з удзелам больш за 15 тысяч экспертаў і 1,3 тысячы рабочых і праектных груп. Супрацоўніцтва МЭК з Міжнароднай арганізацыяй па стандартызацыі, Міжнародным саюзам электрасувязі ў межах створаных імі сумесных тэхнічных камітэтаў забяспечвае ўзаемадапаўняльнасць стандартаў у сумежных галінах дзейнасці. Стандарты МЭК аказваюць вялікі ўплыў на дзейнасць многіх кампаній, галін і краін.

Ідэальная пляцоўка для супрацоўніцтва

Наша краіна з'яўляецца паўнапраўным членам МЭК з 1993 года. Цяпер 224 тэхнічныя эксперты з 54 прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі прымаюць удзел у дзейнасці 92 тэхнічных камітэтаў і падкамітэтаў МЭК. Гэта эфектыўная магчымасць для прафесійнага ўзаемадзеяння з сусветнымі экспертамі, абмеркавання пытанняў, якія ўяўляюць цікавасць для прамысловасці і бізнесу краіны, атрымання новых ведаў і глабальнага бачання развіцця галін.

Віктар Назаранка адзначыў, што Беларусь сёння вельмі зацікаўлена стаць адной з вядучых краін у галіне электронікі, электратэхнікі і іншых сумежных галінах. Для нас вельмі важна адсочваць тэндэнцыі, якія зараз развіваюцца ў галіне стандартызацыі. Асабліва па кірунку электратэхнікі, электронікі і ўсіх сумежных абласцей. Таму наша дзяржава імкнецца ў гэтых сферах быць адным з актыўных удзельнікаў. Сама ідэя правядзення 79-й Ген-асамблеі МЭК у Беларусі была падтрымана ўрадам і Прэзідэнтам.

Віктар Назаранка паведаміў, што супрацоўнікі з офіса Жэневы ўжо некалькі разоў прыязджалі ў Мінск, каб ацаніць магчымасць і гатоўнасць да правядзення мерапрыемстваў. Упершыню ў Генеральнай асамблеі будзе прымаць удзел вялікая колькасць спецыялістаў з Беларусі. Толькі сёння зарэгістравана ўжо 135 дэлегатаў. Большасць — тэхнічныя эксперты, інжынеры, спецыялісты нашых прамысловых прадпрыемстваў.

Спікеры адзначылі, што падрыхтоўка да правядзення Ген-асамблеі МЭК у Мінску атрымала вельмі сур'ёзную падтрымку і Прэзідэнта, і ўрада. Яна адчуваецца і цяпер. План работ, які павінен быць выкананы, быў вызначаны яшчэ два гады таму. І ён паспяхова выконваецца.

 

Без свінцу і ртуці

Ірына Асмола паведаміла, што ў межах праекта Еўрапейскага саюза «Падтрымка Рэспублікі Беларусь у галіне нормаў і стандартаў у сферы энергаэфектыўнасці спажывецкіх тавараў і прамысловай прадукцыі» БелДІСС сёння развівае выпрабавальную базу ў гэтым кірунку. На набыццё, пастаўку, мантаж і запуск выпрабавальнага абсталявання, навучанне і стажыроўку персаналу выдзелена 3,5 млн еўра. Асоба варта падкрэсліць, што стварэнне такой лабараторыі таксама з'яўляецца інвестыцыйна важным праектам для нашай краіны. Ён уключаны ва ўказ № 100 «Аб зацвярджэнні Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2015 год», і на яго рэалізацыю з рэспубліканскага бюджэту выдзелена каля 30 млрд рублёў.

БелДІСС забяспечвае работы па рэалізацыі цэлага комплексу інжынерна-тэхнічных і арганізацыйна-метадычных мерапрыемстваў. Для стварэння новых працоўных месцаў у лабараторыі праводзіцца дадатковае навучанне персаналу, яго стажыроўка за мяжой. Па заканчэнні праекта будуць уведзены працоўныя месцы па вызначэнні параметраў энергаэфектыўнасці электрычных асінхронных рухавікоў, кандыцыянераў паветра, тэлевізараў, бытавога і офіснага электрычнага абсталявання ў рэжыме чакання і рэактывацыі, халадзільных прыбораў, электрычных лямпаў, электрычных духовак, цыркуляцыйных помпаў і электрычных воданагравальнікаў, бытавых пральных і пасудамыйных машын. Падобныя выпрабаванні па такім шырокім спектры прадукцыі не право-дзяцца пакуль ні ў адной з краін постсавецкай прасторы.

Выпрабаванні ў новай лабараторыі будуць садзейнічаць забеспячэнню абароны рынку дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза, а таксама пашырэнню экспартнага патэнцыялу айчынных вытворцаў. Увядзенне лабараторыі ў эксплуатацыю запланавана ўжо сёлета. Выпрабавальны цэнтр БелДІСС у найбліжэйшы час таксама плануе пашырэнне сваёй выпрабавальнай базы ў галіне вызначэння шкодных рэчываў, такіх як свінец, ртуць, кадмій і шасцівалентны хром. Гэтыя рэчывы будуць рэгламентаваны ў тэхнічным рэгламенце ЕАЭС «Аб абмежаванні прымянення небяспечных рэчываў у вырабах электратэхнікі і радыёэлектронікі». Цяпер выпрабавальны цэнтр ужо можа вызначаць свінец, ртуць, кадмій.

 

Трамплін для моладзі

Акрамя таго, у межах асамблеі пройдзе форум маладых спецыялістаў. МЭК надае вялікую ўвагу падрыхтоўцы моладзі. На Генасамблеі заўсёды праводзіцца форум маладых спецыялістаў, у якім прымаюць удзел каля 60 інжынераў з усіх краін свету, у тым ліку з Беларусі, ва ўзросце 35-38 гадоў. Важна, каб яны мелі зносіны і знаёмствы адзін з адным, а ў далейшым маглі падтрымліваць і бізнес-кантакты. Форум будзе доўжыцца некалькі дзён і ўключаць у сябе шэраг пасяджэнняў, навучальных праграм і трэнінгаў, а таксама культурную праграму. Наша краіна паспрабуе ў гэты форум уключыць як мага большую колькасць беларускай моладзі, але, на жаль, магчымасці абмежаваны. Ад Беларусі возьмуць удзел тры маладыя чалавекі, аднак прыцягваецца дадаткова каля 100 выпускнікоў і студэнтаў старэйшых курсаў БДУІР і МДЛУ. Яны будуць выступаць у якасці валанцёраў, але арганізатары пастараюцца стварыць дадатковыя праграмы, каб тыя паўдзельнічалі ў мерапрыемствах у якасці назіральнікаў і зразумелі, як «варыцца» гэтая глабальная бізнес-кухня. Трэба адзначыць, што ВНУ вельмі актыўна адгукнуліся на падобную прапанову, асабліва БДУІР.

«Разварушыць» актыў прамысловых лідараў

Адносіны айчынных прадпрыемстваў да правядзення ў Мінску «тэхнічнай Алімпіяды» сведчаць аб іх стаўленні да пытанняў стандартызацыі. Віктар Назаранка адзначыў, што вельмі актыўна да гэтага працэсу падключылася сфера навукі і адукацыі. Так, сярод удзельнікаў Генасамблеі — восем арганізацый Нацыянальнай акадэміі навук, пяць тэхнічных універсітэтаў. А вось актыўнасць прамысловасці арганізатараў форуму пакуль не задавальняе.

Не так шмат прамысловых прадпрыемстваў (закрытае акцыянернае таварыства «Атлант», магілёўскі завод «Электрарухавік», Мінскі электратэхнічны завод імя В.І.Казлова і некаторыя іншыя) удзельнічаюць у галасаванні па праектах міжнародных стандартаў. Наша прамысловасць не займае наступальную пазіцыю, яна не хоча ісці на кантакт з замежнікамі. Сёння пляцоўка для гэтага створана. Наладзіць кантакты з сотнямі прадстаўнікоў вядучых замежных кампаній з ЗША, Германіі, Японіі і іншых краін можна ў межах Генеральнай асамблеі МЭК. Наперадзе ёсць месяц, і арганізатары разлічваюць, што беларускія арганізацыі яшчэ праявяць актыўнасць.

У апошні час павялічылася колькасць званкоў ад прадстаўнікоў беларускіх прадпрыемстваў. Тэлефануюць, як правіла, менеджары і інжынеры сярэдняга ўзроўню. Гэта, безумоўна, радуе, але калі казаць аб маштабнай зацікаўленасці, то яе няма. Трэба разумець, што прыцягненне інвестыцый — гэта вельмі складаная і тонкая праца.

Сяргей КУРКАЧ.

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.