Вы тут

«Вечны рухавік» Аляксандра Зайцава


Энтузіяст з Быхава прыдумаў, як кінуць курыць за 50 хвілін, што трэба, каб нараджаліся геніяльныя дзеці, і як наогул вырашыць харчовую праблему ў маштабах краіны

Крышачку фантазёр і летуценнік, Аляксандр Зайцаў нагадвае аднаго з тых шукшынскіх герояў, якія ў пошуках усеагульнага шчасця і справядлівасці імкнуцца вырвацца з будзённага кола клопатаў і падняцца над штодзённасцю. Ён распрацаваў некалькі методык, якія, на яго погляд, пазбавяць чалавецтва ад многіх праблем. Ідэі не новыя, але Аляксандр іх удасканаліў і гатовы падзяліцца вопытам. «Вельмі хачу, каб наша Беларусь квітнела, — патлумачыў ён свой парыў, патэлефанаваўшы ў карпункт «Звязды». — У мяне ёсць некалькі прарыўных тэхналогій, якія не маюць аналагаў у свеце». Хтосьці скажа — дзівак (я таксама так падумала). Разам з тым мне стала цікава, таму і вырашыла з ім сустрэцца...

[caption id="attachment_100575" align="alignnone" width="600"]Ме­то­ды­ка спра­ца­ва­ла: сын Аляк­сей не толь­кі пры­го­жы, але і не па гадах ра­зум­ны. Ме­то­ды­ка спра­ца­ва­ла: сын Аляк­сей не толь­кі пры­го­жы, але і не па гадах ра­зум­ны.[/caption]

Адкуль у Быхаве сібірскія кедры

Аляксандру Зайцаву, пераканалася, энергіі не займаць. Напэўна, таму пры сваіх 40 з хвосцікам выглядае не больш чым на 30. Ён не п'е, не курыць, вядзе здаровы лад жыцця і служыць прыкладам для сваіх трох сыноў. Колькі сябе памятае, заўсёды імкнуўся нешта ўдасканаліць.

Ужо ў 3-м класе блізка да сэрца ўспрымаў сацыяльнае расслаенне. Узгадвае, што купляў булачкі аднакласнікам, чые бацькі глядзелі ў бутэльку і ім было ўсё роўна, снедала іх дзіця або не. Аднойчы нават злавіў сябе на думцы, што нешта даваць іншым — гэта яшчэ больш прыемна, чым браць. І цвёрда ўпэўнены, што існуе так званы закон бумеранга. Калі робіш дрэннае, яно да цябе абавязкова вернецца. І наадварот.

— Першая мая добрая справа — гэта кедры для роднага Быхава, — Аляксандр усміхаецца, узгадваючы падзею больш як 10-гадовай даўнасці, бо не абышлося без кур'ёзу.

— Я тады наогул упершыню пайшоў з такой справай у райвыканкам. Заходжу ў прыёмную, а там процьма народу. Пытаюся ў сакратаркі: старшыня ў сябе? Тая ў адказ: «Так. А ён вас чакае?» Я не ведаў, што адказаць, і таму кіўнуў галавой. І мяне пусцілі. Старшыня спачатку здзівіўся, але мы хутка знайшлі агульную мову. Ён сказаў, што на закупку кедраў грошай у раённым бюджэце няма, але калі я знайду спонсараў, з арганізацыяй працэсу дапаможа. І слова сваё стрымаў.

На жаль, частка кедраў загінула, але тыя, што засталіся — сапраўднае ўпрыгажэнне горада.

Як кінуць курыць за адну гадзіну

Для Аляксандра вораг №1 у грамадстве — шкодныя звычкі. Сам ён спрабаваў курыць у дзяцінстве, але старэйшы сябар, які карыстаўся ў школе аўтарытэтам, пераканаў гэтага не рабіць. А вось з перавыхаваннем жонкі ў Аляксандра былі складанасці. Прыйшлося распрацоўваць методыку.

— Яна курыла каля 15 гадоў і зусім не збіралася адмаўляцца ад шкоднай звычкі, — тлумачыць ён. — Казала, цыгарэта — гэта мая сяброўка, я з ёй пасяджу, у думках паразмаўляю. Методык, якія дапамагаюць пазбавіцца ад курэння, шмат, але яны не кожнаму падыходзяць. Я прыдумаў сваю: 50 хвілін — і чалавек не курыць. Гэта той час, за які курыльшчык атрымлівае поўны аб'ём праўдзівай інфармацыі пра тое, што цыгарэта — сумесь наркотыкаў, а дым, які ён удыхае, — радыеактыўны. Галоўнае тут — зразумець абсурднасць свайго дзеяння. Адна справа, калі чалавек, напрыклад, прадае сваю нырку. Ён страчвае здароўе, але атрымлівае грошы. А тут усё да абсурду нелагічна. Атрымліваецца, што ты і нырку аддаў, ды яшчэ і грошы заплаціў.

Маё ноу-хау ў тым, што я раблю выгаднай адмову ад курэння.

Для жонкі мне хапіла паўгадзіны. Асноўным матыватарам сталі дзеці, спрацаваў мацярынскі інстынкт. Яна ўжо болей за 9 гадоў не курыць. І ніколі не вернецца да цыгарэты, даю гарантыю. Скокнуць у гэтую яму проста. А вось паўзці наверх па стромкіх сценах цяжка. Яна прызналася, што, калі кінула курыць, быццам заслона з вачэй спала. У яе сфарміраваўся імунітэт свядомасці. І яна больш не жадае рабіць глупства.

Сакрэт Калдуна

Аляксандр яго ведае дакладна. Бо распрацаваў методыку нараджэння прыгожых і геніяльных дзяцей.

— На прыкладзе некалькіх выпадкаў я зрабіў высновы, што калі цяжарная жанчына бачыць вакол прыгажосць, у яе і дзеці нараджаюцца прыгожыя, — дзеліцца ён сваёй тэорыяй. — Людзі гэта ведаюць, але трэба яшчэ ствараць умовы. Быў такі выпадак. Не вельмі прыгожая дзяўчына камплексавала з-за таго, што ў яе і дзеці будуць такія ж. Я ёй параіў знайсці ў інтэрнэце фота прыгожага дзіцяці, раздрукаваць і размясціць ва ўсіх кутках кватэры. У выніку яна нарадзіла дзяўчынку з ідэальнымі рысамі твару. Я таксама зрабіў эксперымент. Генетыка генетыкай, але чаму не выкарыстаць дадатковы механізм? Трэба было пераканацца, працуе ён ці не. Прыгажосць — гэта адно, а я пачаў шукаць і тыя фактары, якія ўплываюць на інтэлект. Набыў дыск з музыкай Вівальдзі, Моцарта... А яшчэ знайшоў спосаб, як абараніць дзіця ад няшчасных выпадкаў. Яшчэ да нараджэння трэба ўявіць сабе, як ты трымаеш немаўля на руках, прыціскаеш яго да грудзей. Калі гэты этап пройдзены, пачынаем у думках вучыцца хадзіць. І так паступова весці дзіця па жыцці. Майму малодшаму сыну 4 гады, а я ўжо ўяўляю, як ён ідзе ў першы клас. Калі вобраз будзе выразны, з дзецьмі нічога не здарыцца. У мяне сярэдні сын ходзіць у 6 клас, а я ўяўляю яго сабе на выпускным вечары. Старэйшага, якому 16 гадоў, бачу ўжо на прысязе. Вобраз павінен быць кароткатэрміновы — на 3, максімум 5 гадоў. І трэба ўяўляць гэта штодзённа. Над методыкай пачаў працаваць пасля сустрэчы з Дзімам Калдуном. Калі з ім пазнаёміўся, быў вельмі прыемна ўражаны, які ён добразычлівы чалавек, просты, без усякіх там «зорных» пантоў.

Людзі, якія жывуць меней за 100 гадоў, з'яўляюцца самагубцамі

Так лічыў акадэмік Паўлаў, і Аляксандр Зайцаў цалкам з ім згодны. Ён нават прыдумаў, як пражыць да 150 гадоў. «Ёсць фактары, якія змяншаюць працягласць жыцця, а ёсць такія, якія, наадварот, яе павялічваюць, — кажа ён. — Даведаўся, што шмат доўгажыхароў жыве на востраве Акінава, у даліне Хунза ў Паўночным Пакістане, на Каўказе, у Сібіры. Прааналізаваў, што, спрыяе іх доўгажыхарству. Напрыклад, насельніцтва Акінавы п'е каралавую ваду. У нас у Мінску яна таксама ёсць. Адзін прадпрымальнік наладзіў яе пастаўкі з Японіі. Каралавая вада не закісляе арганізм, ачышчае яго. У даліне Хунза ядуць абрыкосы. Каўказцы падаўжаюць жыццё за кошт мацоні — ёсць такі малочны прадукт. Я тэлефанаваў на «Бабулін гладыш», прапаноўваў рабіць гэта ў нас, але там пакуль думаюць, ці будзе попыт на такую прадукцыю.

Асобна згрупаваў шкодныя рэчы, якія, наадварот, скарачаюць жыццё. Гарэлка, напрыклад, адымае гадоў 30, тытунь, глутамат натрыя і іншыя Е-дабаўкі таксама не на карысць. Каб зрабіць высновы наконт алкаголю, мне было дастаткова лекцыі Жданава. Пасля гэтага я напісаў кнігу «Імунітэт свядомасці», адзін раздзел занёс у БРСМ, і мне прапанавалі арганізаваць лекцыю. Пад эгідай БРСМ правёў іх некалькі, нават з відэаматэрыяламі.

Я быў пад добрым уражаннем ад мультфільма «Ледавіковы перыяд»: памятаеце тую вавёрку-вар'ятку? Купіў у Маскве дыск з мульцікам, думаў дзецям падарунак зрабіць. Але спачатку вырашыў паглядзець сам і быў збянтэжаны. У пачатку дыска рэклама: тая самая вавёрка цягне бярэмя гарэлкі ў рай. Вароты адчыняюцца, і яна ад нечаканасці выпускае з лап сваю ношу.

Перад ёй вялізная бутэлька гарэлкі, якая называецца «Вышыня». І надпіс: вазьмі сваю вышыню. Зразумелі, на каго ўжо арыентуюцца? Ім недастаткова 15-20-гадовых, яны ўжо на дзятву замахнуліся.

Вельмі ўдзячны Анатолю Прохараву — стваральніку «Смяшарыкаў» за відэаролікі, дзе яго героі прапагандуюць здаровы лад жыцця. Іх можна пабачыць на сайце «Здаровая Расія». Спадзяюся, што я гэтаму таксама паспрыяў. Бо знаёмы з Анатолем і расказваў яму пра гэтую рэкламу з вавёркай.

 

Жывая вада

Аляксандр не сядзіць склаўшы рукі дома, бо ведае, што ў сілах дапамагчы зрабіць наша агульнае жыццё лепшым. Нядаўна ён «засвяціўся» і на беларускім тэлебачанні. На канале АНТ ён прадставіў свой праект «Беларусь — тэрыторыя высокаэфектыўнага земляробства і рыбаводства».

— Ёсць унікальная тэхналогія, якая грунтуецца на тым, што ў любым жывым арганізме існуе недатыкальны энергетычны запас, — расказвае ён. — Расійскі вучоны Юрый Красноў навучыўся гэты запас выкарыстоўваць. Ён стварыў так званую «жывую ваду»: цудадзейны канцэнтрат, кроплі якога дастаткова, каб у разы павысіць ураджайнасць нашых палёў. Яе можна выкарыстоўваць і ў рыбаводстве. Я асабіста знаёмы з гэтым чалавекам і бачыў тую «жывую ваду» ў дзеянні. З яе дапамогай мы можам забяспечыць хлебам і рыбай не толькі сябе, але і ўсю планету.

Аляксандр апынуўся сярод 200 удзельнікаў тэлепраекта «Мой бізнес», якія атрымалі запрашэнне на перадачу. Але толькі 30 найлепшых ідэй будуць прафінансаваны. Быхаўчанін лічыць, што ён у любым выпадку не ў пройгрышы. Па-першае, ён меў магчымасць агучыць сваю ініцыятыву з экрана, а па-другое, знайшоў шмат аднадумцаў. Пасля гэтай сустрэчы яны стварылі групу ў «УКантакце» пад назвай «Супольнасць маладых інаватараў».

Нашы сокі як альтэрнатыва кока-коле

А нядаўна Аляксандр разам з жонкай і яшчэ адным паплечнікам стварыў фірму па прасоўванні экалагічных прадуктаў. У тым ліку айчынных. Ён лічыць, што на беларускіх прадпрыемствах не хапае спецыялістаў, якія маглі б належным чынам піярыць прадукцыю.

— Мы вырашылі заняцца рэбрэндзінгам, — дзеліцца ён планамі. — Той жа Смаргонскі камбінат хлебапрадуктаў робіць добрыя аўсяныя кашы з разынкамі, яблыкамі, абрыкосамі — ідэальная ежа для дзяцей. А чым горшыя барысаўскія сокі? Я дамовіўся з хакеістамі «Дынама-Мінск», каб якаснай прадукцыі прысвойваць брэнд «Дынама». У іх добры лагатып з зубрам. Будзе зразумела, што калі збіраешся стаць «зубрам», павінен якасна харчавацца. А калі гэта прагучыць яшчэ і з вуснаў Аляксея Калюжнага, эфект будзе наймацнейшы. Наш праект нацыянальнага значэння. Першы крок — прадстаўляем альтэрнатыву той жа кока-коле. Другі — пераконваем у тым, што беларускі варыянт усё ж лепшы. Права выбару за спажыўцом. Трэба з дзяцінства вучыцца адрозніваць дрэннае ад карыснага. Толькі пры такіх умовах чалавек будучыні зможа стаць гарманічнай асобай.

Нэлі ЗІГУЛЯ. zіgulya@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».