Вы тут

Імя ім — натхненне


Шчасліва паяднаныя школьны ды ўніверсітэцкі педагагічныя вопыты і пісьменніцкая праца (за маладзёжныя аповесці і апавяданні яшчэ за савецкім часам я быў «рэкрутаваны» ў сябры Саюза пісьменнікаў), даюць магчымасць заўважыць і «ўзважыць», як літаральна на вачах змяняецца духоўнае, творчае светаадчуванне і светаўспрыняцце маладога пакалення, якое вырасла пры незалежнасці. Як расце яго добрая амбіцыёзнасць. Як заўважна павышаецца жаданне ўдзельнічаць у стваральным супрацоўніцтве, як прагнуць маладыя атрымаць «усё і адразу», як хочуць займець «сваю справу».

12-35

Моладзь іншая. Не, у аснове сваёй яна ўсё тая ж, традыцыйна беларуская, сціплая і працавітая, настойлівая і мэтанакіраваная, апантаная, для якой, як і для ўсяго народа, характэрныя мяккасць і дабрыня, шчырасць і сардэчнасць. Ды з'явіліся радасць і гонар за адкрытую мажлівасць бачыць нашу краіну ў кантэксце высокаразвітых дзяржаў свету, павысілася самаацэнка сябе і свайго народа, паглыбілася прага да самаідэнтыфікацыі, на яве праяўляецца высокае адчуванне ўласнай годнасці. Пры тым, паводле Л. Талстога, маладыя разумеюць, што, кіруючыся да свайго берагу, трэба браць «вышэй плыні». Больш ярка і прадметна, больш заўважна, канструктыўна праяўляецца патрыятызм маладых, якія менш заклапочаны, што ім можна ўзяць, а больш думаюць, што яны могуць даць.

Шлях спасціжэння сябе і часу для маладых — гэта самапазнанне — самаідэнтыфікацыя-самавызначэнне і самасцвярджэнне. Моладзі дарагая самасць. Дрэва засыхае без каранёў. Дзе нарадзіўся — там і згадзіўся. Працаваць на карысць Бацькаўшчыне. Дзеля гэтага яны гатовы вучыцца на «дзясяткі» ды яшчэ паспяваць працаваць (весці гурткі ў школах, дапамагаць у піяр-кампаніях, быць кур'ерамі і г.д.). Імя ім — легіён. Тут нам бачыцца асаблівая місія ўніверсітэтаў, якія, па сутнасці, адказваюць за стан грамадства. Ды не толькі за эканамічны, а яшчэ больш — за ўзбагачэнне яго духоўнага і культурнага, інтэлектуальнага патэнцыялу. З універсітэтаў — гарадоў у гарадах, рэспублік вучонасці, інтэлектуальных і культурных цэнтраў — калісьці ўсё і пачыналася. Універсітэты «сяліліся» ў самых аддаленых куточках, давалі клятву роднаму гораду, бо калі studіa generalіa нечакана мяняла сваё месцазнаходжанне (а было і такое), паселішча прыходзіла ў заняпад. У Парыжы самы бунтоўны факультэт свабодных мастацтваў знаходзіўся на вуліцы Саломы, бо «студзіёзусы» спалі на саломе. Сярэднявечныя шкаляры жылі на земляных насыпах, «ішлі» ў людзі, у новыя рэгіёны — гэта як, скажам, сёння нашы выпускнікі ВНУ «пайшлі» б у аграгарадкі, каб несці паўсюдна высокую культуру, уздымаць духоўнасць, супрацьстаяць брыдкаслоўю і дапамагаць пошуку ісціны... (Распрацаваны мною курс «Універсітэтазнаўства» дае процьму выдатных прыкладаў служэння людзям.) А такі ж росшук могуць мець любая школа, мястэчка, кожны райцэнтр. Набыццю маладымі перадавых ведаў з далейшым іх прымяненнем у роднай старонцы можа паслужыць уваходжанне Беларусі ў Балонскі працэс. Самаадданая праца маладых на карысць грамадству нікуды не «падзявалася», іх энтузіязм не патух, але той час, калі студэнтаў называлі «бульбаўборачным камбайнам», мінуў, маладзёжная «заточанасць» сёння — на канкрэтны вынік і эфектыўнасць удзелу ў агульнай справе, на павышэнне ўласнага іміджу і прафесійных кампетэнцый.

Настроенасць юных выяўляецца ў мастацкай творчасці, асабліва ў паэзіі, насуперак даўняму састарэламу сцверджанню «колькі талентаў звялося, колькі іх і дзе ляжыць». Шматлікія конкурсы, студыі, выпуск альманахаў, зборнікаў, серый кніг «Маладыя галасы» сведчаць пра асаблівы клопат дзяржавы аб маладых дараваннях. Першыя кнігі вершаў у свае юныя гады выпусцілі ў свет Кацярына Масэ, Яна Явіч, Таццяна Купрыянец, Алена Бабурэвіч, Таццяна Мацюхіна, Ганна Чумакова, Маргарыта Латышкевіч, Валерыя Радунь.

Дзякуючы сваёй шматгадовай практыцы работы старшынёй прыёмнай камісіі Саюза пісьменнікаў Беларусі лішні раз пераконваюся, што ў нашай краіне ёсць усе неабмежаваныя магчымасці праявіць свае творчыя здольнасці. Са шматлікіх сустрэч у вучылішчах і каледжах як аўтар падручніка новага пакалення «Беларуская літаратура» з электронным дадаткам, (дарэчы, адзінага, па якім вучацца навучэнцы сярэдніх спецыяльных і прафесійна-тэхнічных вучылішчаў), вынес перакананне, што нішто не можа замяніць гуманітарны, духоўны складнік у падрыхтоўцы і выхаванні прафесіяналаў высокага класа. Беларускае слова ў многім садзейнічала станаўленню незалежнасці і ўсталяванню суверэнітэту роднай і горача любімай краіны, пра якую, як калісьці трубадуры Праванса «аб Францыі мілай», нямала сказана ў мастацкай творчасці. Яна ўсхваляе вяршэнства «чалавечага ў чалавеку», дбаючы за «перабудову чалавека па новаму штату». Бо калі душы людскія пустыя, іх не запоўняць ні закон, ні палітыка.

Юнацтва — пара шматабяцальная. У юнацтве — усе паэты, творцы, мастакі, дзеячы, кажучы жартам, карыфеі эпохі і «на паўстаўкі» геніі.

Юначая пара — выдатная мажлівасць стаць такім, якім яшчэ ніхто дагэтуль не быў. Найлепшай пахвалой для ўсіх юнакоў і дзяўчат можа стаць сцвярджэнне, што ён ці яна цалкам выканалі (спраўдзілі) высокія абяцанні юначых гадоў.

Як адзіны прадстаўнік ад Беларусі на чацвёртай сустрэчы амерыканскай і савецкай моладзі ў Чыкага (1975), арганізаванай з мэтай навесці масты «між берагамі» на хвалі разрадкі напружанасці пасля Хельсінскіх пагадненняў, упэўнены, што для нашага народа і краіны словы «мір на зямлі» былі і застануцца на вякі лёсавызначальнымі. Моладзь, якая жыве сёння ў Беларусі, не сумняваецца, што нашай краіне ў недалёкай будучыні самім лёсам наканавана стаць цэнтрам (маральным, палітычным, геапалітычным), асновай умацавання дружбы паміж моладдзю ў свеце, бо для гэтага ёсць усе падставы.

Уладзімір Навумовіч, пісьменнік, кандыдат філалагічных навук 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».