Вы тут

Прырода на варце здароўя


Сучасная медыцына прываблівае нестандартнымі працэдурамі

Высокая якасць медыцынскіх паслуг і адносна невялікі іх кошт робяць нашу краіну вельмі папулярнай і прывабнай для ўсіх, хто хоча паправіць сваё здароўе, у тым ліку і для іншаземцаў. Медыцынскі турызм сёння — адзін з самых папулярных. Кваліфікаваныя спецыялісты, сучасныя медцэнтры і клінікі, дзе рэалізаваны навуковыя распрацоўкі і высокатэхналагічныя метады лячэння, мадэрнізаваныя бальніцы — падстава не толькі для лячэння і рэабілітацыі, а таксама для дыягностыкі і прафілактыкі захворванняў. Трэба зазначыць, што якасць медпаслуг узрасла не толькі ў сталіцы, а і ў рэгіёнах, дзе абсталяванне часам нават больш сучаснае, чым у Мінску.

Высвятляючы, дзе ў сталіцы можна атрымаць комплекс традыцыйных і разам з тым нестандартных паслуг, карэспандэнты «Звязды» зазірнулі ў Рэспубліканскі цэнтр медыцынскай рэабілітацыі і бальнеалячэння, дзе можна і ў басейне з мінералкай паплаваць, і ў саўне «папарыцца» пры тэмпературы мінус 130°С, а таксама прыняць паветраную вуглякіслую ванну, расслабіцца ў салявой пячоры, выпацкацца гразямі з Сакскага возера...

Гэта адзіная ў сталіцы ўстанова, дзе можна не толькі атрымаць кансультацыю, але і абследавацца з ног да галавы, а таксама прайсці курс санаторна-курортнага лячэння і рэа-
білітацыі. Наведвальнікі цэнтра па праве называюць яго санаторыем, у якім адпачываюць і лечацца, што называецца, без адрыву ад вытворчасці: перад працай, пасля яе або ў працоўны час, у каго як атрымліваецца.

— Пуцёўка ў наш цэнтр прыраўноўваецца да санаторнай, — адзначыла Іна РУДКОЎСКАЯ, спецыяліст цэнтра па працы з кліентамі. — Увесь комплекс лячэбных і рэабілітацыйных працэдур падбіраецца індывідуальна, зыходзячы з паказанняў да лячэння, супрацьпаказанняў. Калі чалавек хоча проста трапіць на працэдуру без накіравання ці папярэдняга абследавання, мы раім яму прайсці ў нас папярэднюю дыягностыку, каб высветліць, ці можна яму тое, што ён жадае. 

Радонавыя, жамчужныя, віхравыя...

Адметная асаблівасць установы — уласныя свідравіны з мінеральнай вадою. Менавіта таму ў мясцовай водагразелячэбніцы мінералку можна літаральна піць з-пад крана.

Як высветлілася, бальнеалячэбніца — адзінае месца ў сталіцы, дзе можна прыняць радонавыя ванны, каб не ехаць дзеля гэтага ў спецыялізаваны санаторый у Гродзенскай вобласці. Насычаная радонам мінеральная вада добра ўплывае на арганізм пры захворваннях апорна-рухальнага апарату (праблемах з суставамі і пазваночнікам), гастрыце, экзэмах, псарыязе.

Мінеральна-жамчужныя ванны, як кажуць пацыенты, вельмі прыемныя: акрамя таго, што ты ляжыш у мінералцы, тысячы маленечкіх бурбалак яшчэ робяць табе мікрамасаж па ўсім целе. Суха-паветраная вуглякіслая ванна ўразіла сваім выглядам. Гэта нешта накшталт вялізнай бочкі, унутры яе знаходзіцца чалавек (галава на паверхні), вакол тулава якога «паветра спачатку награваецца, потым туды дабаўляецца вуглякіслы газ, пасля чаго ствараецца турбулентнае цячэнне паветра з завіхрэннямі». Так апісала свае адчуванні Ганна, якую мы засталі ў паветранай ванне.

— Гэта мая другая працэдура, але ўжо пасля першага разу я адчула эфект бадзёрасці, — кажа яна. — Асаблівы момант пасля глыбокага «надыхвання» арганізма газам — гадзіны дзве лепш адпачыць і не рухацца інтэнсіўна.

У мінулым годзе ў лячэбніцы з'явіўся новы від ваннаў — з дабаўкай пантагематагену. Гэта біялагічны стымулятар, здабыты з крыві маралаў (жывёліна застаецца жывой). Прэпарат прыязджае ажно з Алтая і прымяняецца пры лячэнні вегета-сасудзістай дыстаніі, для барацьбы з радыкулітам, нармалізацыі артэрыяльнага ціску, зняцця стрэсу.

Ёсць тут яшчэ таксама шкіпідарныя ванны, гідрамасажныя і гідрагальванічныя, з бішафітам і расліннымі элексірамі, віхравыя, кантрасныя, ванны для рук і ног. Усе яны пэўным чынам уздзейнічаюць на арганізм.

Вайсковец Мікалай, напрыклад, заканчвае курс ваннаў з хвойным экстрактам. Ён разлічаны на зняцце агульнай стомленасці арганізма, і вось які вынік:

— Вельмі спадабалася. Адчуваю, што стала нават больш упэўненасці ў сабе, лягчэй прачынацца. На работу ўжо нават пабягу, пэўна. Яшчэ і аквамасаж паспрабаваў. Таксама рэч прыемная.

Найбольш мінералкі адразу мы ўбачылі, зразумела, у басейне, дзе ў той момант плёскаліся дзеці. Мінеральныя забавы разлічаны на 45 хвілін 1-2 разы на тыдзень. Вельмі добра, кажуць, замацоўваць рэабілітацыйны эфект, спалучаючы басейн з лячэбнай фізкультурай або гразямі.

[caption id="attachment_100608" align="alignnone" width="600"]Ба­сейн з мі­не­рал­кай. Ба­сейн з мі­не­рал­кай.[/caption]

Намазацца граззю — і пад коўдру

Лячэбныя гразі ў цэнтры двух відаў. Сапрапелевые гразі, што здабываюцца ў мясцовых беларускіх прэсных вадаёмах і ілавыя сульфідныя гразі з салёнага Сакскага возера Крыма. Апошнія, дарэчы, лічацца спецыялістамі самымі эфектыўнымі ў свеце, — гэта прыродны антыбіётык.

Даведаліся мы, і што такое галатэрапія, пабываўшы ў саляным пакоі, дзе падлога, сцены і столь зроблены з солі, як у сапраўднай прыроднай пячоры, а паветра насычана нябачнымі воку маленечкімі салявымі часцінкамі.

— Наш цэнтр працуе ўжо больш за 30 гадоў, і ўвесь гэты час мы гаворым людзям, што трэба не проста сачыць за сваім здароўем і клапаціцца пра яго, але і карыстацца натуральнымі прыроднымі магчымасцямі для яго падтрымкі, — расказвае Соф'я ЛЕБЕДЗЬ, загадчыца аддзялення водагразелячэння, якая суправаджала нас у экскурсіі па лячэбніцы. — У нас створаны ўсе магчымасці для карыстання прыроднымі багаццямі.

 Холад, магніт і іголкі

«Гэта «Магнітатурбатрон», — падводзяць нас да канструкцыі, якая нагадвае капсулу. У незвычайным апараце, з якога падчас працэдуры відаць толькі галава чалавека, лячэнне праводзіцца магнітным полем, што круціцца і перамяшчацца ў прасторы і ўздзейнічае на ўвесь арганізм.

— Гэтая лячэбная працэдура паказана пры захворваннях апорна-рухальнага апарату, нервовай сістэмы, цукровым дыябеце, артэрыяльнай гіпертэнзіі, захворваннях скуры, — адзначае Соф'я Люцыянаўна.

[caption id="attachment_100606" align="alignnone" width="600"]Апарат «Магнітатурбатрон» —  магніт на ўвесь арганізм.  Наталля Дзмітрыеўна Чахоўская, медсястра. Апарат «Магнітатурбатрон» — магніт на ўвесь арганізм.
Наталля Дзмітрыеўна Чахоўская, медсястра.[/caption]

Але самым дзівосным адкрыццём для нас стала крыятэрапія — лячэнне холадам. Працэдура доўжыцца толькі 1-3 хвіліны, якія чалавек «парыцца» ў клубах вадкага азоту пры тэмпературы да -130°С — гэткая своеасаблівая «марозная саўна».

На нашых вачах пацыентка Вольга распранаецца да купальніка, нацягвае шарсцяныя пальчаткі і шкарпэткі і заходзіць у апарат. Звонку гэтай капсулы відаць толькі яе ўсмешлівы твар, а на табло тэмпература, «мінус» якой становіцца ўсё большым.

— Цела выходзіць халодным, але ж не рассыпаецца, — жартуе Іна Рудкоўская, гледзячы на мае ў жаху зведзеныя сківіцы, калі дзверы адчыняюцца і з саўны ў клубах пары выходзіць Вольга.

Сапраўды, дакрануўшыся да жанчыны, адчуваю, якая ў яе халодная скура, але ж яна не дрыжыць, і зубы не стукаюць, а настрой бадзёры. У Вольгі гэта другая працэдура пасля траўмы — парваных меніскаў, і адчувае яна сябе, як кажа, «яшчэ лепш, чым у першы раз».

[caption id="attachment_100607" align="alignnone" width="600"]Кры­я­тэ­ра­пія. Люд­мі­ла Ге­ра­сі­мё­нак, мед­сяст­ра ФТА за­кач­вае азот у кры­я­саў­ну. Унут­ры кап­су­лы рых­ту­ец­ца да хо­ла­ду Воль­га. Кры­я­тэ­ра­пія. Люд­мі­ла Ге­ра­сі­мё­нак, мед­сяст­ра ФТА за­кач­вае азот у кры­я­саў­ну. Унут­ры кап­су­лы рых­ту­ец­ца да хо­ла­ду Воль­га.[/caption]

Аддзяленне традыцыйнай кітайскай медыцыны — яшчэ адзін варыянт дапамогі пацыентам лячэбніцы. Калі мы ўвайшлі ў памяшканне, нас адразу папрасілі гаварыць цішэй, бо непадалёк адбываўся сеанс іголкаўколвання, а ў такой справе ўрачу і пацыенту перашкаджаць нельга.

Асаблівая ўсходняя музыка для стварэння адпаведнага псіхалагічнага настрою, унутраны спакой і давер — складнікі паспяховай працэдуры. Яна вельмі своеасаблівая і некалькі секунд (пакуль ставяцца ўсе іголкі) адчувальная.

— Часам пацыентам здаецца, што месца, на якое ўздзейнічаюць іголкамі, павялічваецца ў памерах або награваецца, а потым яшчэ паўдня яны адчуваюць, што іголкі ўсё яшчэ тырчаць у целе, — смяецца Алег ДАМАРОД, загадчык аддзялення традыцыйнай кітайскай медыцыны. — Гэта толькі адчуванні, якіх на фізіялагічным узроўні ў пацыентаў няма. Аднак іх мы і павінны дабівацца, каб дасягнуць лячэбнага эфекту. Іголкі ставяцца па пэўных кропках на целе, якія суадносяцца з унутранымі органамі, але для кожнага чалавека патрэбны індывідуальны рэцэпт. Здараецца, што боль можа быць з іншай прычыны, а не ад таго органа, на які накіравана лячэнне. Тады гэта ўжо следства, а нам трэба знайсці прычыну болю, каб стварыць алгарытм лячэння, які дапаможа.

Эфектыўнасць лячэння іголкамі — 70-80%, а пабочных эфектаў, па словах спецыяліста, тут не існуе, бо рэакцыя магчыма, напрыклад, на лекі, а тут проста маленечкі ўкольчык без прэпарату.

Усе прапановы водагразелячэбніцы мы амаль за паўдня экскурсіі так і не здолелі не тое што паспрабаваць, а нават пабачыць. Не дзіва, што тут з ахвотай узнаўляюць сілы пацыенты не толькі са сталіцы.

Ірына СІДАРОК.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.