Вы тут

Дробныя, а так кусаюцца...


Укусы насякомых не проста балючыя, яны могуць нават выклікаць алергічную рэакцыю. Многія значна больш апасаюцца дробных мошак, чым камароў, і не дарэмна.

Безимени-2

Паводле слоў валеолага 13-й гарадской паліклінікі г. Мінска Людмілы СЛЫШКІНАЙ, укусы мошкі выклікаюць моцную алергію з ацёкам і свербам і нават могуць прывесці да агульнага пагаршэння самаадчування. Ацёк і пачырваненне ад укусу мошкі захоўваюцца значна даўжэй, месца ўкусу расчэсваецца да крывавай ранкі, якая доўга не зажывае.

Каб зняць сверб ад укусу, змажце пашкоджаны ўчастак растворам пітной соды (0,5 ч.л. лыжкі соды на 1 шклянку вады) або нашатырным спіртам (можна накласці павязку). Калі ацёк не знікне праз некалькі дзён, абавязкова звярніцеся да ўрача.

Пчолы, восы, чмялі, шэршні джаляць часцей летам, але гэта можа быць і цяпер. Рэакцыя на такі ўкус ёсць заўсёды. Яд гэтых насякомых валодае шматбаковым дзеяннем на арганізм і, безумоўна, таксічны. Ад аднаго ўкусу ўзнікае кароткачасовы боль і сверб, а пасля пачырваненне і ацёк. Памятайце, што пчала джаліць толькі калі яе прыціснулі або спрабуюць злавіць голымі рукамі. Небяспека павялічваецца і на пчальніках.

Калі ўджаліла пчала, неабходна хутка выцягнуць джала, апрацаваць пашкоджанае месца ўсё тым жа растворам пітной соды або нашатырным спіртам. Пры з'яўленні алергічнай рэакцыі, моцнага ацёку трэба звярнуцца ў медустанову.

З восамі, чмялямі і шэршнямі ўсё тое ж, за выключэннем наступнага: пасля ўкусу джала не застаецца ў целе, а яду ў арганізм трапляе больш. Укус суправаджаецца моцным болем, вялікім ацёкам, рэзкім абвастрэннем алергічнай рэакцыі.

Для прафілактыкі развіцця алергічнай рэакцыі неабходна даставіць пацярпелага ў бальніцу. Для змяншэння болю пры ўкусе пратрыце пацярпелае месца воцатам, лімонным сокам.

Выпадкі ўкусаў кляшча былі зарэгістраваны сёлета ва ўсіх рэгіёнах. Таму прытрымлівайцеся правілаў бяспечнага знаходжання ў лесе: надзеньце шапку, панаму, а лепей капялюш, які прыкрывае шыю. Выбірайце адзенне, якое шчыльна прылягае да запясцяў, шчыкалатак і шыі. Выдаліць кляшча можна з дапамогай пінцэта, якім трэба захапіць яго галоўку ля самай скуры і, расхістваючы яго, выцягнуць. Калі тулава адарвалася, то галоўку трэба выдаліць з дапамогай іголкі.

Месца ўкусу пасля выдалення кляшча трэба апрацаваць ёдам, зялёнкай, спіртам, гарэлкай. Урачу паказацца абавязкова.

Каб вас не пакусалі камары, мошкі і кляшчы, карыстайцеся спецыяльнымі сродкамі супраць укусаў насякомых. Іх зараз існуе вялікая колькасць (спрэі, крэмы і інш.). Памятайце, што насякомых вабіць яркае і цёмнае адзенне, пах адэкалону, духоў. Не хадзіце басанож, асабліва там, дзе расце канюшына.

Каб не пакусалі восы, пчолы, шэршні і чмялі, нельга шумець каля іх гнёздаў. Не варта наогул блізка да іх падыходзіць. Калі аса, пчала або чмель селі на руку, проста змахніце насякомае другой рукой. У пакоі, дзе спіце, запальвайце загадзя пласціны, спіралі ад камароў, мошак і іншых насякомых. Калі ў вас алергія на такія пахі, можна паставіць на вокны маскітныя сеткі.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.