Вы тут

«Звязда» — самая грунтоўная энцыклапедыя жыцця


Сёння ў нашай краіне адзначаецца Дзень бібліятэк. З гэтай нагоды я завітала ў Прэзідэнцкую бібліятэку, каб павіншаваць супрацоўнікаў, а таксама азнаёміцца з унікальным газетным фондам 1874 — 1945 гадоў. Зразумела, найбольш цікава было даведацца, што ўяўляла з сябе «Звязда» амаль стагоддзе таму... Маім правадніком у газетнае мінулае стаў загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Валерый ГЕРАСІМАЎ.

[caption id="attachment_100768" align="alignnone" width="600"] Валерый Герасімаў выдатна распавядзе пра любыя старадрукі, што захоўваюцца ў Прэзідэнцкай бібліятэцы.[/caption]

— Валерый Мікалаевіч, газетны матэрыял — досыць крохкі. Як удалося сабраць фонд амаль векавой даўніны?

— Наш газетны фонд сапраўды адзін з самых багатых па тэматыцы і па назвах. Хаця падчас вайны кнігі было прасцей захаваць, а газеты нават салдаты пускалі на самакруткі. Фонды бібліятэк Мінска не эвакуіраваліся і заставаліся тут і пры немцах — падшыўкі маглі выкарыстоўвацца на падпалку, падсцілку ці проста выкідваліся. Такім чынам беларускі нацыянальны газетны фонд быў страчаны. Якое выйсце з гэтага было?.. Пасля вайны супрацоўнікі бібліятэкі паехалі па іншых кнігасховішчах Савецкага Саюза, каб стварыць неабходную падборку. Вельмі дапамагла Расійская нацыянальная бібліятэка ў Пецярбургу. Нашы супрацоўнікі па дамове працавалі ў газетных сховішчах — склепавых памяшканнях, дзе з 1917 года ляжалі неразабранымі цэлыя «стагі» газет. Там дазволілі браць усё, што трэба, і нашы бібліятэкары проста выцягвалі падшыўкі, асобныя нумары — усё тое, што звязана з Беларуссю. Такім чынам была створана найбольш каштоўная частка газетнага фонду Прэзідэнцкай бібліятэкі, хаця нешта засталося і з уласнага даваеннага фонду.

— Ці можна пачытаць першыя нумары «Звязды» ў электронным выглядзе?

— Ствараецца нацыянальная электронная бібліятэка Беларусі. Натуральна, там павінны быць прадстаўлены і ўсе нумары «Звязды». Тыя, якіх пакуль не хапае, будзем шукаць у іншых бібліятэках — у Расійскай нацыянальнай бібліятэцы, Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы — і ў іншых краінах таксама. Мы ведаем, што да вайны «Звязда» дасылалася нават у Бібліятэку Кангрэса ЗША.

[caption id="attachment_100922" align="alignnone" width="600"]15-8 Наш класік Янка Купала рэгулярна друкаваў свае творы ў «Звяздзе».[/caption]

— Відавочна, выданне мела вялікі аўтарытэт, раз распаўсюджвалася нават у іншых краінах...

— «Звязда» выходзіць з 1917 года. Гэта адзіная газета, якая мае такую доўгую гісторыю ў новым часе. Яшчэ даваеннымі рэдактарамі, карэспандэнтамі і нават чытачамі былі закладзеныя настолькі трывалыя традыцыі, што яны існуюць да нашых дзён. У няпростыя часы «Звязда» выстаяла, перажыла ўсе буры і хвалі. Думаю, немалую ролю ў гэтым адыграў аўтарытэт назвы выдання, якое паважаюць многія. Газета не пераймяноўвалася і дагэтуль адлюстроўвае перыяд узлёту беларускага нацыянальнага адраджэння 1920-х гадоў. Дзеячы, якія жылі ў той час, — Янка Купала, Якуб Колас, Вацлаў Ластоўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Зміцер Жылуновіч — успрымалі гэтую назву. Яны чыталі яе і супрацоўнічалі з выданнем. І ў бібліятэцы яно карысталася попытам. Да вайны ў нас быў поўны камплект «Звязды», і сюды яе прыходзілі чытаць тыя ж Алесь Чарвякоў, Васіль Шаранговіч, Мікалай Галадзед — тагачасныя кіраўнікі Беларусі. «Звязду» можна назваць самай грунтоўнай перыядычнай энцыклапедыяй таго часу (як і сучаснага беларускага жыцця). Кожная падзея знаходзіла сваё адлюстраванне на яе старонках.

— Калі ўзгадваць пачатак беларускай газетнай справы, можна прыгадаць і «Нашу долю, «Нашу ніву»...

— Я думаю, што «Звязда» — своеасаблівая пераемніца «Нашай долі», «Нашай нівы», якія выходзілі з 1906 па 1915 год. Гэта стала магчымым дзякуючы нашым палітычным дзеячам, такім як Зміцер Жылуновіч, Алесь Чарвякоў. Яны ўдзельнічалі ў працэсах беларускага нацыянальнага адраджэння як да 1917 года, так і пасля яго. Калі параўнаць апошнія нумары «Нашай нівы» і «Звязды» за 1917, 1918, 1919 гады, адчуваецца пераемнасць. Бо вялікая ўвага надавалася беларусам, пашырэнню беларускай нацыянальнай свядомасці. Падмуркі нашай дзяржаўнасці закладваліся ў «Нашай ніве» і «Нашай долі», але тады людзі і марыць не маглі, што Беларусь атрымае пэўную незалежнасць, хоць і ў межах савецкай дзяржавы. БНР, ССРБ, БССР — гэта тры дзяржаўныя ўтварэнні, якія не мелі поўнага дзяржаўнага суверэнітэту, але заклалі аснову той сапраўднай незалежнасці, якую мы атрымалі на пачатку 1990-х гадоў, у тым ліку дзякуючы газеце «Звязда» і яе інфармацыйным матэрыялам.

[caption id="attachment_100770" align="alignnone" width="600"]Без имени-1 З калекцыі рарытэтных газетных выданняў.[/caption]

— Наколькі заўважнай на старонках выдання была публіцыстычная праца беларускіх пісьменнікаў?

— Амаль усе тагачасныя пісьменнікі Беларусі друкаваліся ў «Звяздзе». Якуб Колас, Янка Купала, Змітрок Бядуля размяшчалі на старонках выдання свае творы. Газета мела вялізныя тыражы і карысталася поспехам у самых розных куточках Беларусі. Слова нашых класікаў, дзякуючы газеце, разыходзілася шырока.

— Калі казаць пра тагачасны друк увогуле, ці ёсць розніца ў падыходах да адлюстравання падзей? Ці маглі ў савецкі час розныя выданні выказваць розныя меркаванні?

— Агульная ідэалагічная платформа газет была аднолькавай — гэта савецкі час. Толькі 1920-я гады былі перыядам нацыянальнага адраджэння, калі менш уздзейнічала цэнзура. Публікацыі гэтага часу больш раскаваныя. Можна нават сказаць, што яны былі напісаны больш таленавіта, бо таленты мелі магчымасць раскрывацца. А ў 1930-я гады адчуваецца ўплыў сталінскіх рэпрэсій. Матэрыялы носяць больш сухі, інфармацыйны характар. На старонках друкуюцца артыкулы пра выкрывальніцкія працэсы ворагаў народа. Яны таксама маюць для нас пазнавальна-даведачны характар, адтуль мы можам нешта ўзяць для сябе, але чытаць іх досыць прыкра і горка... Увогуле ж, «Звязда» была масавым выданнем, і ад часу яе заснавання да 1941 года тыраж газеты пастаянна рос.

Загадчык аддзела фарміравання электроннай бібліятэкі Элеанора ГУРЫНОВІЧ:

Маюцца багатыя калекцыі перыядычных выданняў за 1917 — 1945 гады. Іх алічбоўку пачалі рабіць з газеты «Звязда» — усё, што ёсць у фондах, ужо пераведзена ў электронны выгляд. Спецыяльна для такой працы быў набыты новы сканер.

Якасць алічбаваных выданняў розная — залежыць ад якасці самога арыгінала. Некаторыя газеты рассыпаліся на вачах, бо гэта ж артэфакты. Аднак дзякуючы добраму тэхнічнаму абсталяванню і фармаціраванню копіі атрымалі досыць добрыя вынікі. Усё захавана ў pdf-фармаце, з якім зручна працаваць. Кожны можа стварыць сваю электронную падшыўку газеты — выбраць перыяды і старонкі, якія яго цікавяць.

Доступ ажыццяўляецца праз электронны каталог Прэзідэнцкай бібліятэкі. Усю інфармацыю можна праглядзець адразу на месцы, нічога папярэдне не замаўляючы, а таксама пампаваць тыя дакументы, якія цікавяць. Праца праведзена вельмі вялікая, таму доступ праз інтэрнэт да яе зрабіць даволі складана. Магчыма, пэўныя тэматычныя калекцыі з часам будуць даступны праз сеціва.

Перад намі стаяла пытанне захаванасці фонду. А «Звязда» — адна з цэнтральных газет, таму і было прынята рашэнне зрабіць яе алічбаванне. Таксама гэта зроблена для таго, каб захаваць і паказаць выданне, каб яно нарэшце ажыло і стала даступным чытачу.

Загадчык інфармацыйна-аналітычнага аддзела Прэзідэнцкай бібліятэкі Кіра САМАВОЛЬЦАВА:

Наша найпершая задача — аператыўнае інфармаванне дзяржаўных органаў. Мы абслугоўваем кіраўніка краіны, Адміністрацыю Прэзідэнта, парламентарыяў з Нацыянальнага сходу, усе міністэрствы і ведамствы, камітэты, мясцовыя органы ўлады і кіравання.

Штодзённа выходзяць агляды СМІ, улічваючы электронныя выданні і базы даных, па трох тэмах — хроніка дзейнасці Прэзідэнта, унутраная і знешняя палітыка Беларусі і эканамічная рэформа краіны.

Робяцца бібліяграфічныя паказальнікі па трох тэмах — тэорыя і практыка парламенцкай дзейнасці, літаратура па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання, а таксама дзяржава і права.

З аддзелам старадрукаў і рэдкіх выданняў сябруе і вельмі шчыльна працуе пісьменніца Наталля ГОЛУБЕВА, якая сёлета стала пераможцай Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі «Драматургія». Пісьменніца адзначае, што перамога па праве належыць таксама і гэтаму аддзелу, дзе захоўваюцца рэдкія дакументы, якія яна выкарыстоўвала для стварэння сваіх сцэнарыяў.

— Мы зрабілі ўнікальны фільм «Друкаваны фронт. Прэса страляла ва ўпор», прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі, у якім выкарыстоўвалі ўнікальныя дакументы з бібліятэкі. Нам удалося адшукаць першыя экзэмпляры газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», якая ўсюды пачыналася толькі з 17-га нумара. Таксама разам з бібліятэкай мы зрабілі знакавыя фільмы «Кірыла Мазураў. Непакорлівы беларус», «Аляксандр Чарвякоў. Абвінавачваецца бальшавік». Выхад стужкі «ЮНЭСКА. Беларускі спіс» быў прымеркаваны да 80-годдзя ўступлення нашай краіны ў гэтую арганізацыю. Фільм «Вялікая вайна. Сыходзілі добраахвотнікі» прысвечаны пачатку Першай сусветнай вайны. Выйшла і шмат іншых добрых фільмаў, некаторыя з якіх яшчэ чакаюць сваёй сустрэчы з гледачом.

Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ

nina@zviazda.by

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.