Вы тут

Гарантыя для інвестара


Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу плануе прыняць праект закона «Аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве» (ДПП) ужо на восеньскай сесіі ў першым, а магчыма і ў другім чытанні. Такую думку выказаў старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы ніжняй палаты парламента Беларусі Віктар Валюшыцкі.

На пашыраным пасяджэнні гэтай камісіі разглядаўся праект закона «Аб ДПП». У абмеркаванні праекта прымалі ўдзел прадстаўнікі Савета Рэспублікі, Мініэканомікі і Мінфінансаў, міжнародных арганізацый, бізнес-супольнасці і вышэйшых навучальных устаноў.

Гэты знакавы для краіны праект дакумента абмяркоўваўся спецыялістамі і грамадскасцю даволі доўга. У прыватнасці пры Міністэрстве эканомікі быў створаны цэнтр дзяржаўна-прыватнага партнёрства. Гэты факт з'яўляецца прыкладам таго, як паралельна распрацоўваецца законапраект і ствараецца адпаведная інфраструктура, каб новы дакумент адразу пасля прыняцця пачаў працаваць.

І бізнесу, і людзям

Праект закона быў унесены ў Палату прадстаўнікоў у жніўні. У ім гаворыцца, што пад дзяржаўна-прыватным партнёрствам прадугледжваецца юрыдычна аформленае на пэўны тэрмін узаемавыгаднае супрацоўніцтва дзяржавы з юрыдычнымі асобамі, замежнымі арганізацыямі (якія не з'яўляюцца юрыдычнымі асобамі), фізічнымі асобамі (у тым ліку з індывідуальнымі прадпрымальнікамі). Галоўнай мэтай такога супрацоўніцтва з'яўляецца канцэнтрацыя матэрыяльных, фінансавых, інтэлектуальных і іншых рэсурсаў краіны.

Таксама такое партнёрства павінна забяспечыць баланс інтарэсаў, рызык, прыцягнуць сродкі з пазабюджэтных крыніц для рэалізацыі інвестпраектаў і развіцця інфраструктуры.

Пры гэтым старшыня парламенцкай камісіі дадаў, што распрацоўшчыкі дакумента рыхтавалі яго такім чынам, каб закон аб ДПП быў выгадны і дзяржаве, і бізнесу.

У абгрунтаванні праекта гаворыцца, што дзяржаўна-прыватнае партнёрства павінна стварыць умовы для ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, спрыяць павышэнню ўзроўню жыцця насельніцтва, забеспячэння росту занятасці, а таксама эфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў.

Допуск да бюджэтнага фінансавання

Мяркуецца, што алгарытм такога супрацоўніцтва было б мэтазгодна выкарыстоўваць у дачыненні да інфраструктурных аб'ектаў у такіх сферах, як камунальная гаспадарка, ахова здароўя, сацыяльнае абслугоўванне, адукацыя, культура, электрасувязь, перапрацоўка нафты, аграпрамысловы сектар і іншыя. У гэтым выпадку прыватны інвестар бярэ на сябе абавязацельствы па будаўніцтве аб'екта, укладвае свае грошы, прыцягвае крэдытныя рэсурсы без дзяржпадтрымкі. У сваю чаргу дзяржава бярэ на сябе адкладзеныя абавязацельствы, прымае аб'ект і пасля ўводу яго ў эксплуатацыю ажыццяўляе фіксаваныя плацяжы з бюджэту на працягу некалькіх гадоў па ўзгодненай схеме. Інвестар зацікаўлены ў якасным і недарагім будаўніцтве з далейшай эфектыўнай эксплуатацыяй аб'екта, а для дзяржавы гэта выгадны крэдыт і развітая інфраструктура ва ўмовах часовага дэфіцыту сродкаў.

Менавіта такая схема інвестыцыйнага ўзаемадзеяння шырока выкарыстоўваецца ў сусветнай практыцы і краінах СНД. Экспертамі падлічана, што дзяржаўна-прыватнае партнёрства выкарыстоўваецца ў 140 краінах свету, а аб'ём падобных здзелак у 2013 годзе склаў каля 47 млрд долараў.

Не задарма, а ў растэрміноўку

Асобна ў абгрунтаванні праекта тлумачыцца адрозненне новага механізму супрацоўніцтва ад звычайнай дзяржпадтрымкі. Цяпер дзяржава пачынае кампенсаваць фінансавыя рэсурсы, затрачаныя прыватным партнёрам, менавіта пасля поўнай гатоўнасці інфраструктурнага аб'екта і ўводу яго ў эксплуатацыю. Плацяжы ажыццяўляюцца на працягу доўгага перыяду (15-20 гадоў). Прычым дзяржава, пасля перадачы права прыватнаму сектару на будаўніцтва і далейшую эксплуатацыю аб'екта, атрымлівае магчымасць аплаты інвестыцыйных выдаткаў у растэрміноўку. Таксама яна скарачае расходы па ўтрыманні аб'екта ў перыяд эксплуатацыі.

Прыняцце закона «Аб прыватна-дзяржаўным партнёрстве» дазволіць стварыць прававое поле для такіх праектаў. Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Сяргей Навіцкі так патлумачыў пазіцыю бізнесу па гэтым пытанні: «У гэтым выпадку новы закон робіцца своеасаблівай ахоўнай граматай для замежных і мясцовых інвестараў».

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.