Вы тут

Канцэртамі мінчан ужо не здзівіш,


але забаву па сэрцы ў Дзень горада мог знайсці кожны.

Мінск адзначыў сваё 948-годдзе, і свята сёлета прайшло сапраўды з размахам, хоць дата зусім не круглая. Але адной з асаблівасцяў гэтага дня нараджэння сталіцы сталі не толькі абсалютна новыя для жыхароў мерапрыемствы, але і еўрапейская атмасфера, якая запанавала на вуліцах у мінулыя выхадныя.

[caption id="attachment_100864" align="alignnone" width="600"]2 Незвычайны парт­рэт Ка­ра­ля Чап­ска­га з'явіўся на вуліцы Кастрычніцкай.[/caption]

Асноўныя мерапрыемствы адбыліся ў суботу. Ужо традыцыйна мінчане і госці сталіцы маглі пабачыць гістарычныя рэканструкцыі падчас фестывалю «Мінск старажытны», які праходзіў каля стэлы «Мінск— горад-герой». Канцэрт «зорак» эстрады ахвотныя маглі паглядзець на галоўнай пляцоўцы сёлетняга святкавання— каля Палаца спорту. Аднак каб трапіць туды, трэба было прайсці праз міліцэйскія турнікеты і металашукальнікі, якія гарантавалі бяспеку ў месцы масавых гулянняў. Добра, што такіх мер перасцярогі не было ў Верхнім горадзе. Там можна было спакойна хадзіць, разглядаць стэнды фестывалю архітэктуры, што акурат у гэтыя дні праходзіць у сталіцы, дзівіцца на новыя інсталяцыі, якія ўзніклі тут да Дня горада. А яшчэ ля ратушы з'явілася некалькі «жывых» статуй, з якімі можна было фатаграфавацца, мімы на хадулях, якія палівалі мінакоў вадой з леек, а частка іх «добрых» напарнікаў раскрывала над «ахвярамі» нечаканага «дажджу» парасоны. Ля сцен ратушы гучала жывая музыка, і ўсё гэта разам з горадам майстроў стварала дух сапраўднай еўрапейскай сталіцы.

Адзначалі народзіны горада не толькі на вулічных пляцоўках, але і ў музеях. Адну з самых цікавых праграм прадставіў Літаратурны музей Максіма Багдановіча. У 1891 годзе над Мінскам узышла зорка Максіма, і таму галоўнае свята сталіцы— яшчэ адна добрая нагода ўзгадаць Мінск Паэта, месцы, з якімі было знітавана яго жыццё, гісторыі, якімі поўняцца старыя дамы і вулкі. Шмат часу мінула, шмат чаго адбылося з той пары, як Багдановіч выправіўся ў сваё апошняе падарожжа... Ці пазнаў бы ён цяпер горад, які падарыў яму жыццё? Ці зберагліся памятныя для яго мясціны? Што б ён пабачыў на месцы дома, у якім нарадзіўся? Якім паўстаў бы перад яго вачыма горад з Траецкай гары? На гэтыя і многія іншыя пытанні мінчане і госці горада маглі знайсці адказы падчас мерапрыемства «Ад Багдановіча да Гарадскога вала».

[caption id="attachment_100863" align="alignnone" width="600"]1 Горад святкуе.[/caption]

— Наш музей не мог абмінуць свята горада, таму што Мінск— горад, у якім нарадзілася адна з «зорак» беларускай літаратуры— Максім Багдановіч,— распавяла загадчыца культурна-адукацыйнага аддзела музея Юлія МАЦУК.— Хоць жыла тут сям'я вельмі мала: калі хлопчыку было паўгода, пераехалі ў Гродна. Пазней Максім вярнуўся ў родны горад ужо дарослым— у 24, і жыў тут з кастрычніка 1916 года па ліпень 1917-га, працуючы ў земскай управе.

Імпрэза «Ад Багдановіча да Гарадскога вала» была наскрозь працятая метафарамі і сэнсамі, пачынаючы з назвы і заканчваючы праграмай. У Мінску ёсць вуліцы Максіма Багдановіча і Гарадскі вал, а мерапрыемства адбывалася ў музеі Багдановіча і ў яго вячэрняй праграме быў заяўлены гурт з назвай «Гарадскі вал». Апроч таго, на канцэрце выступіў гурт «Нельга забыць», фронтмен якога Міхаіл Бараноўскі— супрацоўнік музея. Больш за тое, у калектыва «НЗ» ёсць цэлая музычная праграма на вершы беларускага класіка. Такім чынам, сувязь атрымалася не толькі геаграфічная, наведвальнікам прапанавалі не толькі прайсці шлях ад адной сталічнай вуліцы да другой, але яшчэ і паэтычна-часавая: шлях ад паэзіі пачатку ХХ стагоддзя да паэзіі пачатку ХХІ.

Аднак, апроч канцэрта, супрацоўнікі музея зладзілі спецыяльную дзённую імпрэзу для дзетак. Галоўнай яе часткай, як ні дзіўна, стала... батлейка. І хоць да Калядаў— асноўнага часу батлейкі— яшчэ даволі далёка, выбар на яе прыпаў не проста так. Бо адзін з герояў лялечнай містэрыі— Анёл, і некалькі гэтых жа персанажаў можна ўбачыць на гербе Мінска. Апроч таго, малечы прапанавалі вырабіць з тканіны гэтага самага анёла-ахоўніка Мінска. Дзясяткі дзетак у Дзень горада ў музеі здзейснілі віртуальнае падарожжа «Мінск— горад нараджэння Паэта».

Яшчэ адной разынкай свята тут стаў выраб аналагаў унікальнай паштоўкі-«гармоніка», якая захоўваецца ў фондах музея.

— У нас захоўваецца адна з найбольш значных калекцый паштовак канца ХІХ— пачатку ХХ стагоддзя ў краіне,— распавяла Юлія Мацук.— Сёння некаторыя з іх выстаўлены, гэта адбываецца раз на некалькі гадоў. Сярод іх— паштоўка-«гармонік» 1913 года, якая раскладаецца, і на ёй надпіс «Приветъ изъ Минска».

А яшчэ падчас свята выступіў гурт «ПаЦі», адбылася пазнавальна-забаўляльная віктарына «Сакрэты старога Менска» і прайшоў конкурс чытальнікаў «Ода гораду» па вершах Максіма Багдановіча з цыкла «Места». Такога кшталту імпрэза ў музеі Багдановіча на Дзень горада адбывалася ўпершыню, раней падобнага маштабу мерапрыемствы ладзілі хіба што на Ноч музеяў. Аднак наведвальнікам такі пачатак прыйшоўся даспадобы і, магчыма, ён перарасце ў добрую традыцыю.

У гэты ж дзень каля храма-помніка ў гонар Усіх Святых у суботу адбыўся канцэрт «Харавое веча», падчас якога 2000 харыстаў з усёй краіны паказвалі сваё спеўнае майстэрства. А ў канцэртнай зале «Верхні горад» адбыўся фестываль творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Упершыню ў сталіцы прайшоў незвычайны флэшмоб: яго ўдзельнікі разгарнулі самы вялікі беларускі дзяржаўны сцяг вагой 300 кг. Палотнішча, якое прэтэндуе на рэкорд Гінеса, трымалі каля 300 чалавек. Пазней яго абяцалі перадаць у Музей беларускай дзяржаўнасці.

Адной з самых яркіх вуліц горада сёлета стала Кастрычніцкая, якую спецыяльна на свята зрабілі пешаходнай. Тут з 30 жніўня да 12 верасня праходзіў другі беларуска-бразільскі стрыт-арт-фэст «Vulіca Brasіl». У ім узялі ўдзел беларускія і бразільскія мастакі, і па яго выніках будынкі на вуліцы ўпрыгожылі новыя графіці. У прыватнасці, з'явіўся партрэт Караля Чапскага, прагрэсіўнага гарадскога галавы, які шмат зрабіў для развіцця Мінска: пабудаваў першую электрастанцыю, гарадскі тэатр (цяпер Купалаўскі), велатрэк і многае іншае. Будынкі на вуліцах Калініна і Кальварыйскай упрыгожылі сава і яшчэ некалькі ні на што не падобных, але вельмі яркіх і мілых персанажаў.

3

У суботу свята горада традыцыйна завяршылася феерверкам.

Упершыню ў Мінску на Дзень горада прайшло некалькі цікавых лакальных імпрэз. Так, у нядзелю ў скверы за філармоніяй адбылася акцыя «Вязаны бульвар». Некалькі дрэў і слупоў на алеі «апранулі» ў рознакаляровыя вязаныя «світары», дзякуючы чаму на бульвары адразу стала неяк цёпла і ўтульна. Дарэчы, нешта падобнае можна было пабачыць і ля гарадской ратушы: у тамтэйшым скверы дрэвы таксама ўпрыгожылі бялюткімі карункамі, прычым абвязалі імі нават шпакоўні.

А вось першы ў сталіцы «Дранік-фэст», што быў заяўлены як «гастранамічнае свята для аматараў беларускай кухні», крыху расчараваў. Перадусім вялізнымі чэргамі, якія выстройваліся за галоўнай беларускай стравай, і маленькімі порцыямі саміх дранікаў, дэгустацыя якіх праводзілася ў межах майстар-класаў па іх прыгатаванні. Праўда, можна было набыць порцыю хрусткіх бульбяных блінцоў і за грошы, аднак 30 тысяч (менавіта столькі каштавалі яны на фестывалі)— не самы дэмакратычны яе кошт. Зрэшты, калі пакаштаваць страву не ўдалося, можна было хаця б паўдзельнічаць у майстар-класе па фуд-фатаграфіі, сэлфі-конкурсе, а таксама ў конкурсе па скачках у мяшку.

Аднак, бадай, самай глабальнай і дынамічнай падзеяй гэтага дня стаў Мінскі паўмарафон, у якім узялі ўдзел больш як 16 тысяч чалавек з 36 краін. Дзеля мерапрыемства перакрылі праспекты Незалежнасці, Пераможцаў і вуліцу Карла Маркса, па якіх праходзілі дыстанцыі. Паўмарафон стаў першым масавым забегам у краіне такіх маштабаў.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.