Вы тут

Эканоміка залежыць ад нас


Што, на думку дэпутата, трэба тлумачыць людзям?

Мая сённяшняя суразмоўца ўпэўнена: людзям проста неабходна расказваць пра тое, як працуе наша эканоміка, што аказвае на яе пазітыўны, а што — негатыўны ўплыў. Дэпутат Аршанскай гарадской выбарчай акругі №26, старшыня Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Людміла Дабрыніна ў інтэрв'ю заўважыла, што важна не толькі дапамагчы людзям вырашыць праблему, але і правесці пры гэтым эканамічны лікбез.

16-16

Калі сітуацыя нестабільная

— Вельмі важна на гэтым этапе, калі наша эканоміка працуе, відаць, у самых складаных умовах у параўнанні з іншымі гадамі, быць бліжэй да людзей, — лічыць Людміла Дабрыніна. — Наша эканоміка, як вядома, цесна звязана з сусветнай. Падзенне цэн на нафту, дэвальвацыя расійскага рубля і, адпаведна, іншых валют ЕАЭС, звужэнне рынкаў збыту — усё гэта ўплывае і на развіццё беларускай эканомікі. Калі няма продажаў, малая выручка, нашы прадпрыемствы і арганізацыі працуюць нестабільна. Эканоміка краіны складваецца, натуральна, з эканомікі рэгіёнаў, эканомікі кожнага прадпрыемства, кожнай арганізацыі. Але, акрамя знешніх фактараў, што негатыўна ўплываюць на стан эканомікі, ёсць і шэраг унутраных. Эфектыўнае кіраванне, развіццё знешняга гандлю, дыверсіфікацыя рынкаў збыту — вось тое, што можа палепшыць эканамічную сітуацыю ў нас.

Дэпутат заўважыла, што кожнага з нас хвалюе замаруджванне тэмпаў росту даходаў насельніцтва.

— Сёння, калі становішча ў плане эканомікі нестабільнае, мы павінны правільна патлумачыць людзям, чаму гэта адбываецца, ад чаго залежыць эканоміка краіны, якія праблемы неабходна вырашаць у першую чаргу, чаму мы сёння павінны жыць па сродках, якія праблемы ёсць на прадпрыемствах. Я заўсёды кажу ў калектывах, што вырашэнне пэўных праблем залежыць ад саміх людзей. На маю думку, важна, каб гэта зразумелі.

Найлепшы рэгіён для бізнесу

Падчас прыёмаў грамадзян, сустрэч у працоўных калектывах парламентарый асаблівую ўвагу надае эканамічнай сітуацыі ў сваім рэгіёне.

— Калі казаць пра маю акругу, то трэба адзначыць, што ўсё ж удалося забяспечыць выкананне шэрагу паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, ёсць рост індэкса фізічнага аб'ёма прамысловай прадукцыі, — адзначыла Людміла Дабрыніна. — Забяспечана станоўчая дынаміка па вытворчасці прамысловай прадукцыі і прадукцыі сельскай гаспадаркі, прыцягненні прамых замежных інвестыцый, уводзе ў эксплуатацыю жылых дамоў. Экспарт паслуг за 4 гады пяцігодкі павялічыўся ў 2,9 раза. Прамыя замежныя інвестыцыі ў 2011 годзе склалі 1,3 млн долараў, а ў 2014-м — 65 мільёнаў. Уяўляеце, у колькі разоў павялічыўся іх аб'ём? Падчас выступленняў у працоўных калектывах я асобна адзначаю развіццё малога і сярэдняга бізнесу.

Дарэчы, Аршанскі раён — пераможца сярод раёнаў з колькасцю насельніцтва больш за 50 тысяч чалавек па ўмовах вядзення бізнесу.

— Нават у гэтым годзе з'яўляюцца новыя прадпрыемствы ў малым бізнесе. Сёлета ў Аршанскім раёне зарэгістравана 256 індывідуальных прадпрымальнікаў і 30 малых і мікраарганізацый, створана 15 новых арганізацый на плошчах, якія не выкарыстоўваліся або выкарыстоўваліся неэфектыўна, і дзве новыя вытворчасці. Арганізавана 75 новых працоўных месцаў. Але ўклад бізнесу ў развіццё эканомікі павінен быць больш важкім. Удзельная вага яго сёння па краіне складае ў сярэднім 30%, у будучыні ж плануецца давесці гэты паказчык да 60% — гэта ж нашы працоўныя месцы! Тое, што ў рэгіёне створаны адпаведныя ўмовы — гэта добра. Асабліва важна, што сёння развіваецца менавіта бізнес у сферы вытворчасці.

Насуперак крызісу

Людміла Дабрыніна ўпэўнена: вельмі важна сёння ведаць, якія праблемы ёсць унутры рэгіёна або калектыву таго ці іншага прадпрыемства.

— Мяне як дэпутата, які прадстаўляе Аршанскую выбарчую акругу, вельмі цікавіць, як развіваецца сама Орша. Шмат зроблена ў плане развіцця сацыяльнай сферы. Ідзе будаўніцтва новых аб'ектаў. Толькі ў гэтым годзе рэканструяваны мост праз раку Дняпро на вуліцы Бабкова, вядзецца будаўніцтва дзіцячага садка ў мікрараёне і рэканструкцыя тэрапеўтычнага корпуса бальніцы імя Сямашкі. Нават у складаны для ўсёй краіны час жыццё не спыняецца.

Маю суразмоўцу радуе, як працуе жыллёва-камунальная гаспадарка рэгіёна.

— Сёння колькасць тых, хто звярнуўся са скаргай менавіта па пытаннях жыллёва-камунальнай гаспадаркі, значна паменшылася ў параўнанні з мінулымі гадамі. Значыць, гэтая арганізацыя забяспечвае вырашэнне жыццёва важных для насельніцтва задач, падтрымлівае парадак у горадзе.

Людзі хочуць «пісаць» законы

Людміла Дабрыніна расказала, што часта гараджане прыходзяць да яе з канкрэтнымі прапановамі па ўдасканальванні заканадаўства.

— Гэта неабавязкова прапановы ў рамках маёй кампетэнцыі, але трэба адзначыць, што мае калегі таксама ўважліва іх вывучаюць. Многія знайшлі рэалізацыю пры падрыхтоўцы законапраектаў аб зваротах грамадзян і «Аб зменах у Падатковы кодэкс».

Увогуле, па словах Людмілы Дыбрынінай, людзей сёння найбольш турбуюць пытанні працаўладкавання, памеру пенсій, будаўніцтва жылля, бытавыя праблемы. Што да курсу рубля, то такіх пытанняў да дэпутата не паступала — людзей, відаць, больш хвалюе стабільнасць цэн.

Надзея ЮШКЕВІЧ

yushkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».