Узвіжанне


Узвіжанне, або Звіжанне, — назва аднаго з восеньскіх свят, якое прыпадае на 27 верасня.

* У народнай свядомасці гэтае свята ўспрымалася як усеагульны рух, паварот на зіму: «Зямля з лета на зіму зварухнулася», «Узвіжанне восень зіме насустрач нясе», «На Узвіжанне апошні сноп з поля пайшоў, птушкі ў вырай паляцелі» (г.зн. ураджай павінен быць убраны).

* Па праваслаўным календары ў гэты дзень адзначаецца Узвіжанне Крыжа Гасподня ў гонар падзей 335 года, калі быў знойдзены крыж, на якім распялі Ісуса Хрыста.

* Па этнаграфічных звестках, з успамінаў старых людзей вядома, што напярэдадні гэтага свята ў вёсках будавалі новыя капліцы, на скрыжаванні дарог або каля крыніц ставілі новыя або фарбавалі старыя крыжы. Усё гэта рабілася ў знак удзячнасці за сабраны ўраджай і як абярэг ад зла, хвароб і нястачаў. У гэты дзень у некаторых вёсках наладжвалі хрэсны ход, каб «замкнуць» усіх жыхароў вёскі і іх падворкі на зіму ад мору, вайны і інш.

* Паўсюдна ў гэты дзень ішлі ў царкву, каб пацалаваць Жыватворны Крыж, маліцца за хворых, нядужых, бедных. Казалі: «Калі на Узвіжанне з верай памаліцца каля Крыжа, то ён і мёртвага падыме».

* Па народных назіраннях, на Узвіжанне «гады» (змеі) «сыходзяць» у невядомыя краіны, якія завуцца Ірыем, Вірыем. Таму існавала забарона хадзіць у лес 27 верасня. Лічылася, што апошні — «узвіжанскі» — укус змяі смяротны для чалавека.

* У гэты дзень асабліва ўважліва зачынялі дзверы, вароты, вокны і г.д., каб змеі, якія «пайшлі ў пуць пад зямлю», не трапілі ў хату або хлеў, «на цяпло» (у падпечак, гной ці салому).

* Паўсюдна дзень Узвіжання лічылі неспрыяльным для распачынання вялікіх і важных спраў, не гулялі вяселляў: лічылася, што ўсё распачатае ў гэты дзень скончыцца поўнай няўдачай ці не прынясе карысці, таму што «адбываецца барацьба паміж нячыстым і дабром, паўстае адна сіла супраць другой».

* Таксама ў гэты дзень не ішлі з просьбай да ўлады, не падпісвалі ніякіх важных папер, не елі капусты (каб увесь год не было пуста), не білі бізуном жывёлу (не будзе весціся), не сварыліся (да разладу ў сям'і), не працавалі на агародзе. У гэты дзень нельга нічога аддаваць з дому, пазычаць што-небудзь.

* У некаторых рэгіёнах на Узвіжанне пачыналі капаць познюю бульбу і збіраць журавіны, а таксама ссякаць капусту. Для адзінокіх, сталых людзей, удоў наладжвалі «помачы». Узвіжанская «капусная талака» — адна з такіх спрадвечных традыцый.

Янка КРУК, Аксана КАТОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.