Вы тут

Восеньская падкормка


Зрэшты, хоць завецца яна «асенняй падкормкай», прыступаюць да яе яшчэ ўлетку. Так, пладовыя дрэвы пачынаюць падрыхтоўку да зімы ўжо з ліпеня, а ягаднікі яшчэ раней — з чэрвеня. Таму, як толькі сабралі ўраджай — угнойвайце клубніцы. Гэтак жа паступаем і з ягаднымі кустамі (парэчкай, малінай, агрэстам), якія адпладаносілі. Затым наступае пара пладовых дрэў. Уносіць угнаенні ўвосень можна да канца верасня. Больш позняе ўнясенне мінеральных угнаенняў малаэфектыўнае, бо заканчваецца перыяд вегетацыі, расліны пераходзяць у стадыю спакою і не паспяваюць засвоіць пажыўныя рэчывы цалкам.

Мінеральныя ўгнаенні

Усе карысныя рэчывы з глебы расліны могуць засвоіць толькі ў выглядзе воднага раствору. Таму многія аддаюць перавагу вадкім комплексным угнаенням: яны хутчэй пранікаюць да каранёў і, натуральна, хутчэй паглынаюцца раслінамі.

Уважліва пастаўцеся да выбару комплексных мінеральных угнаенняў. Існуе шмат спецыяльных саставаў: для газона, дэкаратыўных і ягадных кустоў, шматгадовых раслін, пладовых дрэў, хвой. У такіх сумесях аптымальна збалансаваны мінеральны састаў, і расліны атрымаюць усё неабходнае для паўнацэннага развіцця і росту.

Яшчэ звярніце ўвагу, што мінеральныя ўгнаенні, якія ўносяцца восенню, павінны быць з мінімальнай колькасцю азоту. На ўпакоўцы такіх саставаў звычайна напісана: «восень» або «для асенняга прымянення». У гэтых мінеральных сумесях азоту амаль няма, а прысутнічаюць фосфар, калій, кальцый — мікраэлементы, неабходныя для выспявання парасткаў, умацавання імунітэту раслін, павышэння ўстойлівасці да нізкіх тэмператур. Інфармацыю аб норме ўнясення ўгнаенняў таксама можна знайсці на ўпакоўцы. Перавышаць яе не варта: лепш недакарміць, чым перакарміць.

Арганічныя ўгнаенні

Гной і памёт

Вельмі каштоўны від угнаенняў, які адказвае за ўрадлівасць глебы. Свежы гной або птушыны памёт уносяць пад перакопку. Непасрэдна пад расліны яго ўносіць нельга, ён можа спаліць карані. Норма ўнясення гною: ад 300 да 400 кг на сотку з інтэрвалам у 2-3 гады.

Попел

Цэлы комплекс каштоўных мікраэлементаў змяшчае попел, атрыманы ад спальвання пустазелля, бацвіння, галінак. На 1м2 расходуюць да 1 кг попелу. Як і гной, яго ўносяць пад асеннюю перакопку адзін раз на 3-4 гады. Вельмі добра на такую падкормку рэагуюць капуста, бульба, клубніцы, маліна, парэчкі.

Торф

Верхавы торф змяшчае шмат арганічных рэчываў, валодае высокай ступенню вільгацяёмістасці. Але варта ўлічыць нізкую колькасць у ім пажыўных элементаў і высокую кіслотнасць. Нізінны торф мае нейтральную або слабакіслую рэакцыю. Узровень пажыўных элементаў у ім вышэйшы, чым у верхавым, затое арганічных рэчываў значна менш. Абодва віды торфу рацыянальней за ўсё выкарыстоўваць у якасці кампанента кампосту.

Кампост

Нездарма земляробы далі яму другое імя — «чорнае золата». Унясенне спелага кампосту забяспечыць глебе доўгую ўрадлівасць. Прыкладная норма ўнясення — па 3-4 кг на 1 кв. м.

Пілавінне (здробненая трава, дробныя галінкі, кара дрэў)

Свежае пілавінне (або яго аналагі), вядома, не ўгнаенне. Але яго ўнясенне ўсё роўна апраўдана: яно робіць больш рыхлымі цяжкія глебы, затрымлівае вільгаць на пясчаных. Паступова раскладаючыся, пілавінне ператвараецца ў перагной і служаць ежай для глебавых мікраарганізмаў, грыбоў і чарвякоў — стваральнікаў перагною.

Сідэраты

У апошні час усё часцей для ўгнаення і паляпшэння структуры глебы выкарыстоўваюць расліны-сідэраты. Гэта экалагічна чыстае і самае таннае арганічнае ўгнаенне! Іх высейваюць у канцы лета, восенню неглыбока перакопваюць, закрываючы зялёную масу глебай. Добрымі сідэратамі з'яўляюцца бабовыя: лубін, віка, люцэрна, канюшына. Папулярныя і рапс, гарчыца, жыта, авёс. Імі можна засяваць не толькі градкі пад агародніну, але і прыствольныя кругі пладовых дрэў.

Вераснёўскія клопаты

Верасень — гэта выдатны месяц для пасадкі-перасадкі шматгадовых раслін, клематысаў і многіх цыбульных.

Любяць асеннія (канец верасня — кастрычнік) радзяленне і перасадку і флёксы. Менавіта да гэтага часу выспявае іх каранёвая сістэма. Яны таксама вельмі рана стартуюць, і не варта іх трывожыць вясной.

У верасні найлепшыя ўмовы для ўкаранення. Звязана гэта з умеранымі ваганнямі сярэднесутачных тэмператур і вялікай вільготнасцю глебы. Верасень — час пасадкі клематысаў. Самы час купляць і садзіць ружавыя кусты, дзяліць шматгадовыя расліны. У другой палове верасня добра дзяліць расліны, якія толькі да гэтага часу паспелі сфарміраваць добрую каранёвую сістэму. Да іх адносяцца званочкі, аканіта, лілейнікі, якія цвітуць у сярэдзіне лета, анемоны японскія, астры альпійскія. А вось лілейнікі, якія цвітуць усё лета, лепш не чапаць і пачакаць вясны.

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.