Вы тут

На дзяжурства з аўтапатрулём


выправіліся карэспандэнты «Звязды»...

Сёлета патрульна-паставой службе міліцыі Беларусі спаўняецца 95 гадоў. Але ці ведае большасць з нас, з якімі цяжкасцямі і непрадбачанымі сітуацыямі кожны дзень сутыкаюцца тыя, хто беражэ наш спакой? Карэспандэнты «Звязды» вырашылі пра гэта даведацца, заступіўшы на змену разам з супрацоўнікамі патрульна-паставой службы міліцыі ГУУС Мінгарвыканкама.

 

У пагоні за экшанам

Аб тым, у які дзень тыдня лепш далучыцца да супрацоўнікаў ППСМ, пытанняў не ўзнікала. Негалосны закон гаворыць: добры «ўлоў» заўжды гарантуюць вечар пятніцы і выхадныя. Маўляў, людзі расслабляюцца пасля цяжкіх працоўных дзён і пачынаюць адпачываць, як хто на што здатны. На змену з аўтапатрулём у Маскоўскім раёне сталіцы мы з фотакарэспандэнтам «заступаем» у 21 гадзіну. — Відаць, сёння будзе ціха. Надвор'е для «прыгод» не тое,  — гледзячы ў акно службовай машыны, кажа прапаршчык Павел Барадзін, міліцыянер 3-й роты палка ППСМ. Пра тое, што дождж можа паўплываць на працу супрацоўнікаў патрульна-паставой службы, нас не папярэдзілі. Як вынік, амаль дзве гадзіны цішыні. Тэлефон у дзяжурнай часці маўчыць, на вуліцах горада спакойна. Дарэчы, аўтапатруль, да якога мы далучыліся, заўсёды ў дарозе. За змену службовая машына можа праехаць каля 200 кіламетраў. Таму аўтапарк ППСМ увесь час абнаўляецца. Вось ужо тры гады патрульна-паставая служба ездзіць толькі на добра ўсім знаёмых «УАЗіках», цалкам спісаўшы старэнькія «жыгулі». — «УАЗ» для працы ППСМ  — самая добрая машына. Яна і ёмістая, і непераборлівая, і надзейная. А самае галоўнае  — усюды пройдзе,  — лічыць сяржант Павел Мельнікаў, міліцыянер-кіроўца 3-й роты палка ППСМ. Коней і веласіпеды таксама замянілі, але ўжо на скутары. Жывёлы аказаліся вельмі дарагім відам транспарту. Гэта датычыцца і куплі каня, і яго кармлення, і ўтрымання. Скутары куды больш эканамічныя і мабільныя. — Разумею, вам экшану для матэрыялу хочацца,  — звяртаецца Павел Барадзін, заўважыўшы мой сумны позірк,  — але для нас такія дні на змене  — рэдкасць, таму мы іх вельмі цэнім. Трэба было ўчора вам прыязджаць  — шыбеніка знайшлі... Павел Барадзін працуе ў патрульна-паставой службе ўжо пятнаццаць гадоў. Прапаршчык міліцыі прызнаецца, што за гэты час шмат чаго прыйшлося пабачыць. Былі і такія выпадкі, пра якія не тое што расказваць, а нават узгадваць не хочацца. — Ніколі не забуду, як, ратуючы падлетка ад суіцыду, сам ледзь не загінуў. Хлопец ад нераздзельнага кахання са шматпавярховіка выкінуцца хацеў. Я пачаў яго адгаворваць. І здавалася, усё атрымалася, як раптам, паварочваючыся да мяне тварам, падлетак пакаўзнуўся і сарваўся ўніз. Я схапіў яго  — і сам ледзь разам з ім не апынуўся на асфальце. На шчасце, калегі своечасова аказаліся побач,  — расказвае міліцыянер.

 

Як паказвае практыка, моладзь усё радзей хуліганіць ці п'е піва на вуліцах. І гэта не можа не радаваць, прызнаюцца супрацоўнікі патрульна-паставой службы. Але тых, каго трэба ўціхамірыць, і без іх хапае. На тэлефон дзяжурнай часці прыходзяць званкі рознага зместу. Пералічыць усе проста немагчыма, але вылучыць найбольш папулярныя  — можна.

— Часта прыходзіцца выязджаць да кампаній, якія пілі разам, а потым нешта не падзялілі і пачалі высвятляць адносіны кулакамі. Амаль ніводная змена не абыходзіцца без сямейнага скандалу. Шмат паведамленняў паступае пра тое, што дзесьці на вуліцы ляжыць чалавек,  — гаворыць прапаршчык міліцыі.  — Мы павінны адрэагаваць на кожны званок.

Мара  — трапіць у «Зону X»

«З кватэры скралі 3 мільёны рублёў, 150 еўра. Прыкметы злачынца: на выгляд 22-23 гады, адзеты ў сінія джынсы, цёмную куртку. Рост прыкладна 167 сантыметраў»,  — перадалі па рацыі. Мы з фотакарэспандэнтам ажывіліся: «Вось ён, той доўгачаканы выклік!» Але злачынства адбылося не на «нашай» тэрыторыі і на дапамогу паехаў іншы патруль. — А ці шмат ілжывых выклікаў паступае?  — цікаўлюся я. — За такія «гульні» можна да 50 базавых велічынь штрафу атрымаць, таму ахвотнікаў развітацца з грашыма мала,  — адказвае Павел Барадзін. ...На гадзінніку каля 23.00. Патруль ездзіць па знаёмых вуліцах, збочвае ў цёмныя двары дамоў. Тут, па словах супрацоўнікаў ППСМ, часта збіраюцца аматары піва. Вось і на гэты раз прафесійны позірк Паўла Сяргеевіча знаходзіць каля дзіцячай пляцоўкі двух «адпачывальнікаў». На пытанне, чаму распіваюць алкагольныя напоі ў грамадскім месцы, хлопцы толькі паціснулі плячыма. Прапаршчык міліцыі просіць паказаць дакументы. — Вам, паважаны, трэба будзе праехаць з намі,  — звяртаецца міліцыянер да мужчыны ў кепцы.  — А вы можаце быць свабоднымі. Сябра затрыманага адпусцілі таму, што яго бутэлька з півам была закрытая. Відаць, толькі далучыўся да «стала». — Хлопцы, я ж нічога дрэннага не рабіў!  — спрабуе абурацца затрыманы.  — Я зараз дадому пайду, абяцаю. Толькі дзе я жыву? «Адпачывальніка» даставілі ў найбліжэйшы гарадскі аддзел міліцыі. Там вызначаць яго асобу (бо пашпарта з сабой не было) і высветляць, ці «пападаўся» хлопец раней. Калі не  — выпішуць штраф 0,5 базавай велічыні за распіццё алкаголю ў грамадскім месцы, калі так  — пакаранне будзе ў выглядзе адміністрацыйнага арышту ці штрафу ад дзвюх базавых і больш. — Я з ім на адной лаўцы сядзець не буду! Хто ён, а хто я?!  — паказваючы на «нашага кліента» гаворыць такая ж пастаялка ГАМ.  — Я ўвогуле не ведаю, што тут раблю. Была дома, нікога не чапала, і тут «прыляцелі», забралі, прывезлі сюды! Супрацоўнікі ППСМ патлумачылі, што на «невінаватую» міліцыю выклікаў муж. Відаць, самастойна з п'янай жонкай справіцца не змог. Дарэчы, амаль кожнае хуліганства, бойка здзяйсняецца ў алкагольным ап'яненні. На светлую галаву, як кажуць міліцыянеры, рукі, відаць, не так свярбяць. — А ты мяне фатаграфуеш?  — звяртаецца да фотакарэспандэнта наш адпачывальнік.  — Здымай-здымай, я нават папазіраваць магу. Заўсёды марыў у гэтую крымінальную перадачу «Зона Х» трапіць! На гэтым жаданні стаць «вядомым» наша змена з фотакарэспандэнтам скончылася: у супрацоўнікаў раптоўна пачаліся агульнагарадскія вучэнні. Чакаць «калег» мы не сталі і вырашылі дапрацаваць сваё заўтра.

 

 Быць заўсёды напагатове

Другі працоўны дзень пачаўся таксама ўвечары, але на гэты раз мы ахоўвалі спакой Фрунзенскага раёна. — А ці часта прыходзіцца рызыкаваць жыццём, трапляць у перастрэлкі?  — пытаюся я. — Рызыка ёсць заўсёды. Ты ніколі не можаш прадбачыць, як павядзе сябе чалавек. Расслабляцца нельга, нават калі перад табой ціхенькі пенсіянер ці сціплы падлетак. Напэўна, вы чулі пра тую страшную студзеньскую трагедыю паўтара года таму, калі ў перастрэлцы загінуў наш калега? Дык вось, злодзеем быў пажылы чалавек, да якога супрацоўнік ППСМ паставіўся з павагай, а той у адказ адкрыў агонь. Гэтая гісторыя навучыла ўсіх аднаму: быць заўсёды напагатове,  — кажа старшы лейтэнант Фёдар Зносак, камандзір узвода 8-й роты палка ППСМ. Сёння ў экіпіроўку аўтапатрулёў уваходзяць бронекамізэлькі і броняшлемы, якія забяспечваюць ахову ад куль. Пешыя нарады падобнай бранёй не забяспечваюцца: восем гадзін на сабе такую вагу не паносіш. Прапаршчыку Уладзіміру Грамадзе, міліцыянеру 8-й роты палка ППСМ да пенсіі засталося тры гады. Уладзімір Пятровіч прызнаецца, што за працай нават не заўважыў, як хутка вырас сын. Апошні, дарэчы, таксама выбраў службу ў міліцыі. — Працуем мы два дні праз два. Напрыклад, сёння заступілі на службу ў 17.00  — і да 5 гадзін ранку. Заўтра таксама, а потым два дні выхадных. Ці спім перад начной зменай? Стараемся, але, самі разумееце, хатнія клопаты ніхто не адмяняў,  — усміхаючыся, кажа Уладзімір Грамада. «На вуліцы збілі мужчыну і выкралі тэлефон», «Дзяўчына ў парку крычыць і просіць аб дапамозе», «Адшукваецца падлетак 14 гадоў. Апрануты ў спартыўны касцюм і красоўкі. Валасы светлыя, вочы блакітныя. Хлопец пайшоў з дому каля 14 гадзін. Месцазнаходжанне падлетка да гэтага часу невядома». Сёння па тэлефоне дзяжурнай часткі званкоў паступае значна больш, чым учора, але ўсе яны не адносяцца да нашага ўчастка. — Шмат людзей знікае?  — цікаўлюся я.  — Дзе іх перш за ўсё трэба шукаць?

— З дому часта ўцякаюць хлопцы 14-16 гадоў. Пасварацца з бацькамі і пачынаюць ім нешта даказваць. Хаваюцца ў сяброў, едуць да бабулі, якая проста забывае патэлефанаваць бацькам і супакоіць, што з іх дзіцем усё добра. Шукаць даводзіцца і мужоў, якія проста загулялі, а жонкі ўжо забілі трывогу, што прапаў,  — узгадвае Фёдар Зносак.

Што датычыцца крадзяжоў, то тут мішэнямі часцей за ўсё становяцца п'яныя і дзяўчаты, якія трымаюць свае сумачкі, што называецца, «адным пальцам».

«Дастала яна мяне!»

«Нажавое раненне. Жанчына, 45 гадоў»,  — перадалі па рацыі. Міліцыянер-кіроўца 8-й роты палка ППСМ Уладзімір Міцура збочвае на вуліцу, дзе знаходзіцца дом, у якім адбылося злачынства. Паднімаемся на другі паверх, дзверы 45-й кватэры насцеж, на падлозе відаць невялікія кроплі крыві. — Дастала яна мяне!  — кідае раз'юшаны муж у адрас жонкі.  — Усё вучыць, папракае. 18 гадоў разам пражылі, а яна ніяк супакоіцца не можа!  — дадае мужчына гадоў 50. Да параненай жанчыны, у нагу якой паляцеў кухонны нож, накіроўваюцца медыкі «хуткай дапамогі». Пашчасціла: рана неглыбокая. Гаспадыня кватэры ўвесь час маўчыць, нават не адказвае на пытанні міліцыянераў. — У яе шок,  — тлумачыць Уладзімір Грамада.  — Неўзабаве пацярпелая загаворыць, але разбірацца будзем ужо ў аддзеле міліцыі. Зразумела, што муж добра выпіў сёння, мабыць, гэта і падліло масла ў агонь. Тое, што блізкія людзі, на жаль, часам становяцца самымі сапраўднымі ворагамі, пацвярджае сумная гісторыя з практыкі Фёдара Зноска. Ён узгадаў, як маці выкінула сваё трохгадовае дзіця з даху аднаго з дамоў у сталіцы. За ім і сама гора-маці скокнуць хацела, яле ўбачыла, як гэта страшна, і не змагла забіць сябе. Прычына такога ўчынку  — вялікія даўгі. — Праца ў супрацоўнікаў патрульна-паставой службы цяжкая. Не вельмі прыемна кожны дзень бачыць менавіта такі бок жыцця. А ў вас,  — звяртаюся да Уладзіміра Міцуры, самага маладога байца ў нашай змене,  — напэўна, размеркаванне? — Не, гэта мой усвядомлены выбар,  — упэўнена адказвае міліцыянер-кіроўца.  — Я ўжо тры гады ў патрульнай службе і, калі б зразумеў, што не маё, даўно сышоў бы. Увогуле, я па прафесіі эканаміст-менеджар, але служба ў міліцыі мне падабаецца больш. Да канца змены застаецца тры гадзіны. Мы з фотакарэспандэнтам вырашаем адправіцца дадому  — напрацаваліся. — Заходзьце да нас яшчэ,  — кажа Фёдар Зносак.  — Вы неяк добра на спакой у горадзе ўплываеце (усміхаецца).  — Мабыць, гэта супадзенне, але такіх ціхіх змен я даўно не памятаю. Мы падзякавалі за запрашэнне, але пра сябе падумалі, што, напэўна, гэта не наша.  Уражанняў і страшных гісторый, атрыманых і пачутых за два дні, хопіць на ўсё жыццё.

Заўсёды на ахове спакою

Віталь НІЛАЎ, першы намеснік камандзіра палка ППСМ ГУУС Мінгарвыканкама — начальнік штаба, падпалкоўнік міліцыі: — На тэрыторыі Мінска праглядаецца тэндэнцыя зніжэння вулічнай злачыннасці. У першую чаргу гэта тычыцца крадзяжоў і рабаванняў. За апошнія 8 месяцаў іх стала на 20 працэнтаў менш у параўнанні з мінулым годам. Супрацоўнікі ППСМ сумленна берагуць спакой сталіцы, пра што гавораць не толькі жыхары Мінска, але і замежныя госці горада. Вядома, на кожную вуліцу паставога мы не ставім. Але гэтага і не трэба. Патруль працуе ў найбольш крымінагенных месцах, у самы напружаны час. Больш за тое, супрацоўнікі ППСМ заўсёды курсіруюць, што дазваляе ахапіць большую тэрыторыю. Акрамя гэтага, разам з патрульна-паставой службай парадак на вуліцах горада забяспечваюць нарады ўнутраных войскаў, экіпажы дарожна-патрульнай службы ДАІ. Гэта яшчэ раз сведчыць аб тым, што і буйны горад можа быць бяспечным. Адзінае, хацелася б звярнуцца да грамадзян з просьбай паведамляць аб правапарушэнні адразу, як яно адбылося. Па статыстыцы, калі званок у дзяжурную частку паступіў у найбліжэйшыя 10-15 хвілін, верагоднасць раскрыцця злачынства дасягае 70 працэнтаў. Узаемадзейнічаючы, значна лягчэй зрабіць горад спакойным і ўтульным.

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.