Вы тут

Працаваць на апярэджанне...


...каб сітуацыя з мігрантамі ў Еўропе не стала характэрнай і для нас.

Сёння праблемы, звязаныя з мігрантамі, больш чым актуальныя для краін Еўрапейскага саюза. Ад навін пра тое, як імкнуцца перасяленцы з Паўночнай Афрыкі, Блізкага Усходу дабрацца да Еўропы — на лодках кантрабандыстаў, рызыкуючы жыццём, — становіцца не па сабе. Па звестках агенцтва Еўрапейскага саюза па бяспецы знешніх межаў Frontex, са студзеня па ліпень гэтага года зафіксавана каля 340 тысяч вымушаных перасяленцаў, якія прыбывалі як з вышэйназваных рэгіёнаў, так і з Украіны. Як вядома, з суседняй краіны за апошні год да нас таксама ў пошуках мірнага неба і магчымасці спакойна працаваць прыехала шмат людзей. Аднак, на шчасце, тая сітуацыя, што цяпер склалася ў Венгрыі, для нас не характэрна.

Nic6301965

На днях па ініцыятыве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і падтрымцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на факультэце міжнародных адносін БДУ прайшоў «круглы стол» па пытаннях вымушанай міграцыі. Удзельнікамі яго сталі як парламентарыі, прадстаўнікі міністэрстваў, так і дэлегаты міжнародных і грамадскіх аб'яднанняў, эксперты. На секцыях «круглага стала» абмяркоўвалася цяперашняя сітуацыя з вымушанай міграцыяй у свеце і ў нашай краіне, удзельнікі выказвалі свае думкі, пажаданні па ўдасканаленні айчыннага заканадаўства ў гэтай сферы.

Падрыхтавацца да ўсяго

Аляксандр ТАТУРА, намеснік кіраўніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі — кіраўнік упраўлення знешняй працоўнай міграцыі, бежанцаў і прыстанішча Міністэрства ўнутраных спраў, заўважыў, што тэма вымушанай міграцыі сёння набывае асаблівую актуальнасць.

— Беларусь не стаіць убаку. Прыклад гэтаму — сённяшняе абмеркаванне цяперашняй сітуацыі ў сферы вымушанай міграцыі, прапаноў у галіне заканадаўства, якія былі ўнесены ў форме законапраекта Міністэрствам унутраных спраў у Савет Міністраў, Палату прадстаўнікоў.

Па словах прадстаўніка МУС, праца над законапраектам праводзілася планава.

— Асноўнымі распрацоўшчыкамі законапраекта з'яўляюцца Міністэрства ўнутраных спраў нашай краіны і Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў, — паведаміў ён. — Мяркуецца, што законапраект унясе шэраг змен у дзейнае заканадаўства. Гэта тычыцца, перш за ўсё, уніфікацыі працэдуры разгляду хадайніцтваў па прадастаўленні статусу бежанца ў нашай дзяржаве. Працэдура стане адзінай. Пры гэтым тэрмін разгляду хадайніцтва не будзе перавышаць шасці месяцаў. Акрамя таго, законапраектам мяркуецца прывесці шэраг артыкулаў дзейнага заканадаўства ў адпаведнасць з палажэннямі Канвенцыі 1951 года аб статусе бежанцаў. Дакумент вызначыць парадак рэагавання на масавае прыбыццё да нас асоб, што збіраюцца звярнуцца з хадайніцтвам аб прадастаўленні міжнароднай абароны.

Андрэй НАВУМОВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, у сваю чаргу, паведаміў, што праект закона «Аб унясенні змен і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях вымушанай міграцыі» паступіў у яго камісію ў чэрвені 2015 года.

— Гэты законапраект атрымаў вельмі вялікі рэзананс у грамадстве, яго вельмі актыўна абмяркоўваюць экспертныя колы, — падкрэсліў парламентарый. — Нагадаю, у жніўні адбылося мерапрыемства на базе Савета Рэспублікі, дзе ён абмяркоўваўся. Мэта цяперашняй сустрэчы — акумуляцыя як мага большай колькасці прапаноў, заўваг, якія маюць дачыненне да гэтага законапраекта. Заключным акордам будзе разгляд дакумента ў Авальнай зале.

Парламентарый таксама адзначыў, што заканадаўства, якое ў нас ёсць, адпавядае ўсім міжнародным нормам.

— Але рэальнасць патрабуе, каб мы ацанілі сітуацыю ў нашай краіне, падзеі ў Заходняй Еўропе і ў выніку выйшлі на той законапраект, які будзе адпавядаць патрабаванням нашага народа, — заявіў Андрэй Навумовіч.

EUROPE-MIGRANTS/HUNGARY

Колькасць бежанцаў у краіне расце

Што да бягучай сітуацыі з мігрантамі ў нас, то, па словах прадстаўніка МУС Аляксандра Татуры, захоўваецца тэндэнцыя павелічэння колькасці асоб, што звярнуліся з хадайніцтвам па прадастаўленні міжнароднай абароны на тэрыторыі нашай дзяржавы.

— Хачу падкрэсліць, што толькі сёлета на 1 верасня з хадайніцтвамі аб прадастаўленні міжнароднай абароны на тэрыторыі Беларусі ўжо звярнуліся 793 замежнікі,  — сказаў ён. — Практычна мы ўжо набліжаемся да паказчыкаў па выніках усяго мінулага года — лічба дастаткова значная. Асобы, якія звярнуліся з хадайніцтвам аб абароне, як правіла, прыехалі з такіх краін, як Украіна — больш за 76%, Сірыя — каля 10% і Афганістана — каля 4%.

Аляксандр Татура таксама паведаміў, колькі ўсяго грамадзян Украіны прыехала ў Беларусь у гэтым годзе, — гэта прыкладна 52 тысячы чалавек.

— Яны прыехалі з розных прычын, не ўсе з іх збіраюцца хадайнічаць аб прадастаўленні міжнароднай абароны на тэрыторыі нашай краіны, — удакладніў выступоўца.

Патрэбен запасны план

Жак Ів Бушардзі, прадстаўнік Упраўлення вярхоўнага камісара па справах бежанцаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Беларусі, заўважыў, што нашай краіне, нягледзячы на перадавое заканадаўства ў сферы міграцыі, ёсць над чым працаваць.

— Неабходна, каб дапамога вымушаным перасяленцам аказвалася яшчэ больш эфектыўна. Напрыклад, некаторыя выхадцы з Украіны адчуваюць праблемы з працаўладкаваннем, маюць праблемы з пошукам месца пражывання.

Гаворачы аб міграцыйным крызісе ў Еўрасаюзе, ён адзначыў, што там маюць месца ажыўленыя дэбаты з нагоды таго, каго зваць бежанцам, а каго — мігрантам.

— Бежанцы — людзі, якія прыязджаюць і звяртаюцца па прадастаўленне абароны ў канкрэтна ўзятай дзяржаве, у той час як мігранты — тыя, хто прыязджае ў іншую дзяржаву, каб палепшыць свае ўмовы жыцця. У сувязі з сітуацыяй у Сірыі, Афганістане і іншых краінах кожная дзяржава павінна быць гатова да таго, каб сутыкнуцца з прыёмам вымушаных мігрантаў. Калі казаць аб выхадцах з Украіны, лічу, што Беларусь была добра падрыхтавана да прыезду вялікай колькасці грамадзян гэтай краіны.

Жак Ів Бушардзі падкрэсліў: «Тое, што цяпер адбываецца ў Еўрасаюзе — урок і для краін ЕС, і для іншых дзяржаў. Неабходна мець нейкі запасны план тэрміновых дзеянняў у выпадку масавага прыбыцця замежнікаў у канкрэтна ўзятыя дзяржавы. Гэта тычыцца ў тым ліку і Беларусі».

Кіраўнік прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі па міграцыі ў нашай краіне Зейнал Гаджыеў лічыць, што такі «круглы стол» вельмі своечасовы.

— Мінулыя месяцы паказваюць, што пытанні міграцыі патрабуюць увагі з боку ўсёй сусветнай супольнасці, — заявіў ён. — Рашэнне гэтых пытанняў вельмі няпростае. Знайсці яго ў кароткатэрміновай і нават у доўгатэрміновай перспектыве наўрад ці ўдасца. Добра, што Беларусі не характэрна тая крызісная сітуацыя з міграцыяй, якая склалася ў Еўропе. Тым не менш тут ёсць свае праблемы: востра стаіць пытанне змешанай міграцыі. Геаграфічнае становішча краіны абавязвае і ўрад, і грамадзянскую супольнасць надаваць значную ўвагу гэтаму. Міграцыя — гэта не толькі добраахвотнае перамяшчэнне людзей. Вельмі часта яно вымушанае.

Перасяленне народаў пачалося

Віктар ШАДУРСКІ, дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ, доктар гістарычных навук, прафесар, расказаў, што яго факультэт у прыватнасці і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у цэлым займаецца вывучэннем праблемы вымушанай міграцыі, бежанцаў з 1997 года.

— У нас ёсць вялікі вопыт, — адзначыў дэкан ФМА. — На нейкім этапе тэма міграцыі, бежанства была не характэрна для нашай краіны. Грамадзян, што атрымалі статус бежанца, у нас было няшмат, большасць з іх былі студэнтамі з Афганістана, Эфіопіі. Але мы бачым, што гэтая тэма набывае ўсё большую актуальнасць: украінскія грамадзяне прыязджаюць у Беларусь. Другая праблема — гэта, натуральна, вымушаная міграцыя ў дзяржавы Еўрапейскага саюза, якая, здавалася б, нас не датычыцца, але ў любы момант гэта праблема можа ў нас актуалізавацца.

Віктар Шадурскі выказаў думку, што створаная ў нас сістэма работы з бежанцамі прайшла пэўную праверку часам.

— Мы бачым, што няма ніякіх катаклізмаў, нягледзячы на тое, што Беларусь прыняла дастаткова шмат грамадзян Украіны — прыкладна адзін працэнт у адносінах да ўсяго насельніцтва нашай краіны. Гэта вельмі шмат. Пакуль нейкіх праблем няма, але трэба працаваць на апярэджанне — у сферы заканадаўства ў тым ліку. Гэты «круглы стол» — прыклад супрацоўніцтва міжнародных арганізацый, дзяржавы, выканаўчай, заканадаўчай улады і грамадскіх аб'яднанняў, таму што менавіта грамадскі сектар вельмі актыўна ўдзельнічае ў гэтай працы.

Ці трэба баяцца, што ў будучыні ў нашай краіне можа скласціся такая ж сітуацыя з мігрантамі, якая сёння склалася ў многіх еўрапейскіх краінах?

— На маю думку, сусветныя тэндэнцыі праявяць сябе і ў нас, — лічыць прафесар. — З павышэннем узроўню жыцця Беларусь будзе не проста краінай транзіту, а краінай прызначэння. Такія выпадкі ўжо мелі месца, і мы павінны быць гатовы да гэтага. Перш за ўсё трэба, каб вырашаліся пытанні пражывання, працаўладкавання, сацыяльнай арганізацыі. Ёсць магчымасць улічваць вопыт замежных краін — маю на ўвазе краіны Еўрапейскага саюза, — якія, на нашу думку, аказаліся не падрыхтаванымі да такога наплыву. Хоць, відаць, такога трэба было чакаць. Натуральна, людзі будуць шукаць лепшай долі і імкнуцца выратаваць сваё жыццё. Трэба ўлічваць гэты вопыт. Мне здаецца, вялікае перасяленне народаў ужо пачалося, і Беларусь наўрад ці застанецца ўбаку ад гэтых працэсаў.

Надзея ЮШКЕВІЧ.

yushkevіch@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.