Вы тут

Упаковачная плёнка стане ядомай?


У межах другога Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Сочы 17-18 верасня адбудзецца выстава вытворцаў, дзе вядучыя беларускія кампаніі прэзентуюць перспектыўныя ўзоры інавацыйнай прадукцыі.

Паводле інфармацыі прэс-службы Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, якая разам з УП «Белінтэрэкспа» з'яўляецца арганізатарам выставы, сёлета ў Сочы свой прамысловы патэнцыял прадэманструюць 97 удзельнікаў беларускай экспазіцыі, што прадстаўляюць розныя галіны эканомікі.

Асноўнымі задачамі мерапрыемства стане развіццё кааперацыі паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі нашых краін, рэалізацыя сумесных праектаў у рамках Саюзнай дзяржавы, у тым ліку ў межах рэалізацыі праграм імпартазамяшчэння, прэзентацыя гандлёва-эканамічнага патэнцыялу Беларусі дзелавым колам і кіраўнікам рэгіёнаў Расіі.

На мерапрыемстве арганізаваны тэматычныя экспазіцыі інвестыцыйных і экспартных магчымасцяў нашай краіны, навуковых дасягненняў, прамысловай прадукцыі, прадпрыемстваў нафтахімічнай галіны, прадукцыі ваеннага прызначэння, дрэваапрацоўчай галіны, тавараў для насельніцтва, прадукцыі спажывецкай кааперацыі, прадпрыемстваў аховы здароўя, а таксама стэнд Міністэрства інфармацыі.

Найбольш перспектыўныя ўзоры інавацыйнай прадукцыі на выставе вытворцаў з беларускага боку дэманструюцца па чатырох напрамках. На стэндзе Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях будзе паказана новая бесплатформавая навігацыйная сістэма для вызначэння бягучых каардынат рухомага аб'екта; доследныя ўзоры высокаэфектыўных магутных крыніц сілкавання шырокага прымянення, якія маюць убудаваны мікрапрацэсар і забяспечаны сістэмай лічбавага дыстанцыйнага кіравання; а таксама ўзоры першых ядомых плёнак, зробленых на аснове крухмалу.

Міністэрства прамысловасці прэзентуе на выставе натурны ўзор панарамнага ліфта без машыннага аддзялення; зборкі фотаадчувальных матрыц для касмічнай апаратуры; поўнапрывадныя самазвалы «МАЗ» і «БелАЗ»; газавы аўтобус «МАЗ» і іншыя машыны і абсталяванне. На стэндзе Дзяржкамваенпрама будуць паказаны макет оптыка-электроннай здымачнай апаратуры з высокай дзялільнай здольнасцю для касмічных апаратаў, нашлемная сістэма індыкацыі і амфібійны катар на паветранай падушцы.

Канцэрн «Белнафтахіма» прапануе наведвальнікам выставы базальтавае бесперапыннае валакно і прадукцыю на яго аснове, ніткі поліэфірныя тэкстыльныя, вугляродныя валокны і тэрмаўстойлівыя матэрыялы.

Сяргей КУРКАЧ. 

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.