Вы тут

Высокае — яшчэ вышэй


Як выконваецца праграма развіцця самага заходняга горада Беларусі.

Вельмі вобразна патлумачыў прычыну адставання ў добраўпарадкаванні большасці былых райцэнтраў старшыня Высокаўскага гарадскога Савета дэпутатаў Мікалай САЧЫК: «Вы сабе ў кватэру, скажам, новы стол купілі, а таксама новыя шафу, канапу, а старыя — куды? На дачу, вядома. Прыкладна гэтак жа доўгі час абыходзіліся і з нашымі гарадамі, пасёлкамі, што перайшлі ў раённае падпарадкаванне. Усе найлепшыя кавалкі, і найперш фінансавыя, ішлі ў райцэнтр, а нам ужо даставалася тое, што заставалася».

[caption id="attachment_101000" align="alignnone" width="600"]16-9 Мі­ка­лай Са­чык і га­ра­джан­ка Ак­са­на Іва­но­ва.[/caption]

Звярніце на нас увагу!

І сапраўды, гаспадарка былых райцэнтраў фінансавалася калі не зусім па астаткавым прынцыпе, то вельмі сціпла. А гэта не надта справядліва. Таму што большасць былых мястэчкаў па-ранейшаму засталіся немалымі гарадкамі альбо пасёлкамі, акрамя таго, яны захавалі ў сабе тую мілую правінцыяльнасць і свае адметнасці, ад якіх райцэнтры паспяшаліся пазбавіцца. Праўда, апошнім часам рукі ў мясцовай улады ўсё ж дайшлі і да гэтых гарадкоў. Яны прыкметна папрыгажэлі і абнавіліся. Напрыклад, у Ружаны за мінулую пяцігодку ўкладзены немалыя сродкі. А вось з Высокім у Камянецкім раёне было не так. Таму людзі і скардзіліся ў розныя інстанцыі, пісалі лісты ў аблвыканкам. Быў час, калі высакаўчане пачалі збіраць подпісы за далучэнне іх горада да Брэсцкага раёна. Яны меркавалі, што ў прыгарадным раёне на іх звернуць большую ўвагу. Тады прайшлі сходы грамадзян з удзелам кіраўнікоў абласной і раённай улады. І на ўзроўні вобласці быў распрацаваны план мерапрыемстваў, які можна назваць праграмай развіцця горада на 2013-2015 гады. А пад праграму, вядома, выдзелілі сродкі.

Не ўсё адразу

Сёння можна сказаць, што зроблена многае. І вянцом усіх агульных намаганняў стала школа. Яна сустрэла вучняў першага верасня літаральна непазнавальнай. У мясцовай установе адукацыі праведзены рэканструкцыя і капітальны рамонт. Зараз школай ганарацца жыхары горада, нават тыя, у каго дзеці выраслі. Бо навучальная ўстанова стала ўпрыгажэннем самага заходняга гарадка нашай краіны. Варта адзначыць, што на школу сродкі пайшлі як з абласнога, так і з раённага бюджэтаў.

Па згаданай вышэй праграме добраўпарадкавалі вуліцы Леніна, Савецкую. Тут пракладзены не толькі новы асфальт, але і тратуары. Дарэчы, цікавую падрабязнасць расказаў Мікалай Сачык падчас экскурсіі па Высокім. Калі не было тратуара на адной з вуліц, то ў органы ўлады з гэтай нагоды паступіла адна скарга, а калі яго праклалі, то напісалі ажно чатыры звароты. Аўтарамі іх сталі жыхары суседніх вуліц і завулкаў, бо яны хацелі, каб гэтак жа зрабілі і ў іх. «Яно і зразумела, — пагаджаецца высокаўскі мэр, — усім хочацца жыць прыгожа і зручна. Але ж за адзін раз не зробіш так па ўсім горадзе. Даводзіцца зноў і зноў тлумачыць людзям, што грошы ўкладваюцца ў першачарговыя аб'екты». Вось, напрыклад, па вуліцы Будаўнікоў вядзецца цеплавая рэабілітацыя дамоў. У выніку яе тыпавыя панэльныя шматпавярхоўкі становяцца больш прывабнымі, сцены фарбуюцца ў светлыя колеры. Адначасова прыводзяцца ў парадак дваровыя тэрыторыі, дзіцячыя пляцоўкі. Такім чынам жылы квартал набывае сучасныя абрысы.

Многа зроблена такога, што не адразу і заўважыш, але без чаго важныя для горада сацыяльныя аб'екты пачувалі б сябе нашмат горш. Ну, напрыклад, у гарадскім Доме культуры праведзены капітальны рамонт даху. Мадэрнізаваны дах тэрапеўтычнага корпуса бальніцы. Такая ж работа праведзена і ў будынку дзіцячага садка. Тут яшчэ замянілі вокны і дзверы. Хаця па дзіцячай дашкольнай установе ўдалося зрабіць не ўсё, што планавалі.

Той, хто даўно не быў у Высокім, адзначыць, што зусім новае аблічча набыў галоўны гарадскі сквер. Ён быў закладзены адразу пасля вайны, і, вядома, даўно ўжо прыспела патрэба яго карэнным чынам змяніць. На гэтую работу пайшло каля шасці мільярдаў рублёў. Амаль усе дрэвы былі захаваны, але сквер стаў іншым. Цяпер вельмі прыемна гуляць па новых дарожках, сесці на прыгожую эксклюзіўную лаўку. Зручна адпачываць і сем'ям з малымі дзецьмі, для малых абсталявана пляцоўка.

У цэнтры адрамантавалі гарадскі ўнівермаг і будынак пошты, крамы а таксама рэстаран райспажыўтаварыства.

«Геаграфічныя» выгоды

Нездарма ж згадвалася, што Высокае — самы заходні горад нашай краіны. Зусім недалёка пралягае мяжа з Еўрасаюзам. А еўрапейскія суседзі, як вядома, вялікую ўвагу надаюць пытанням экалогіі. Зразумела, што ў памежжы гэтыя праблемы зручна вырашаць супольна. Таму ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва рэалізуецца шэраг праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Па адным з такіх праектаў у Высокім пракладзены каналізацыйныя сеткі. Падрадчыкам па выкананні работ стала Бярозаўская ЖКГ, спецыялістамі якой ужо зманціравана 16 кіламетраў труб. Зроблена гэта ў старой частцы горада, цяпер жыльцы прыватнага сектара атрымалі доступ да гарадскіх выгод з карысцю для экалагічнай сітуацыі. Работы толькі што закончаны, яшчэ дзе-нідзе трэба падсыпаць, выраўняць раскапаныя падчас пракладкі сетак дарогі, выправіць іншыя хібы, якія непазбежна ўзнікаюць у такіх выпадках.

Варта сказаць і пра галоўную славутасць Высокага, аб'ект, дзякуючы якому горад значыцца ва ўсіх энцыклапедыях ды гістарычных даведніках — старадаўні парк. Гэта частка былога палаца-паркавага ансамбля Сапегаў-Патоцкіх. У парку засталіся фрагменты даўнейшых пабудоў, а таксама цэлыя алеі дрэў, якім ужо больш за сто гадоў.

Рэканструкцыя парка вядзецца з вясны мінулага года па Праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча—Беларусь—Украіна». На еўрапейскі грант была зроблена кансервацыя руін уязной брамы, а таксама адноўлена цагляная агароджа з боку параднага ўезда ў парк. Пабудавана пяцімаршавая лесвіца на крутым спуску да ракі Пульва. Падсыпаны і абноўлены дарожкі, з'явіліся малыя архітэктурныя формы. Летась у парку ўзведзены летні амфітэатр. Частка грошай на рэканструкцыю выдзелена і з мясцовага бюджэту, гэта, дарэчы, з'яўляецца адной з умоў атрымання гранта.

[caption id="attachment_101001" align="alignnone" width="600"]16-10 Но­вая лес­ві­ца ў пар­ку.[/caption]

Горад і гараджане

У Высокім пражывае каля 6000 чалавек. Зараз у горадзе зарэгістравана 126 прыватных прадпрымальнікаў розных узроўняў. Прыватны бізнес тут развіваецца стабільна, і апошняе вельмі важна, бо пасля таго, як закрыліся ранейшыя прадпрыемствы савецкага перыяду, такія як «Сельгастэхніка», завод ЖБВ, у невялікім населеным пункце адчуваецца напружанне з рабочымі месцамі. Вырашэнню праблемы ў многім паспрыялі такія прадпрыемствы, як «Белавежскія сыры», «Аграпрадукт». Брэнд «Белавежскія сыры» вядомы далёка за межамі нашай краіны. Падробкі з саматужнай этыкеткай, на якой значылася памянёнае прадпрыемства, ужо сустракалі нават у Краснадарскім краі, хоць туды сыры з Высокага ніколі не пастаўлялі. Ужо гэты факт сведчыць аб тым, што прадукцыя з невялікага гарадка папулярная ў суседняй Расіі. Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Палавой з'яўляецца членам Высокаўскага гарадскога выканкама. І ва ўсіх гарадскіх справах і клопатах ён разбіраецца не горш, чым у гаспадарцы свайго прадпрыемства. І дапамагае па магчымасці.

Яшчэ адзін прыклад сучаснага бізнесу, які ўстойліва развіваецца, — адкрытае акцыянернае таварыства «Аграпрадукт». Вытворчая база самага буйнога ў краіне прадпрыемства па перапрацоўцы рапсавага алею знаходзіцца ў ваколіцах Высокага. Але заняты на ім многія гараджане. Калектыў у 160 чалавек забяспечвае вытворчасць 180 тысяч тон масла ў год. Сярэдняя зарплата тут складае крыху больш за 6,5 мільёна рублёў. Для сельскай мясцовасці гэта не проста добры, а выдатны паказчык.

Толькі набірае абароты прадпрыемства «БелМінералГруп», але гэта зусім унікальная вытворчасць. Прадпрымальнік Аляксандр Кужэльны набыў былыя памяшканні райсельгастэхнікі і разгарнуў вытворчасць уцяпляльніка, які не гарыць. Валокны, знешне вельмі падобныя на шэрую вату, аказваецца, вытрымліваюць тэмпературу да 900 градусаў, бо атрымліваюць іх з базальту. Пакуль прадукцыя запатрабавана брэсцкай фірмай «Гефест», але высокаў-
скія прадпрымальнікі перакананы, што яны знойдуць свайго спажыўца і ў другіх рэгіёнах краіны, а таксама ў замежжы.

Ёсць у Высокім і зусім невялікія прадпрыемствы, такія як, напрыклад, прыватная кузня Васіля Марынчука. Тут заняты ўсяго некалькі чалавек. Па-першае, Васіль Марынчук набыў сцены старой сінагогі, якая ўжо развальвалася, і даў ёй новае жыццё. Па-другое, стварыў некалькі рабочых месцаў. Людзі ў яго заняты запатрабаванай справай. Металічныя вырабы, хоць і не танныя, але апошнім часам сталі папулярнымі ў афармленні сядзіб. Таму заказы ёсць. Адну з лавак у гарадскім скверы, зробленую ў кузні, Марынчук падарыў гораду. Яго прыклад падтрымалі іншыя дзелавыя людзі гарадка. І ў абноўленым скверы з'явіліся лаўкі, упрыгожаныя металічным арнаментам з шыльдамі, якія сведчаць, што іх падарылі сем'і Калешка, Лісічык, Карунец.

Гэтымі падарункамі высокаўскі мэр вельмі ганарыцца.

Прыходзьце на прыём

Мікалай Анатольевіч расказваў, што падчас добраўпарадкавання сквера многія і многія гараджане неслі кветкі, каб пасадзіць іх на гарадской клумбе. Гэта будоўля нават нейкім чынам з'яднала горад. І цяпер прыкметна, што людзі клапоцяцца, каб усё ў скверы захавалася, каб ніхто не псаваў прыгажосць. Ідзём па скверы з Мікалаем Сачыкам, сустракаем маладую маму з каляскай: адна дачушка маленькая, другая трымаецца за руку. Цікаўлюся, наколькі зручна гуляць і адпачываць тут. Аксана Іванова гаворыць, што стала і прыгожа, і зручна. Яшчэ маладая маці сказала, што ў сям'і чакаецца папаўненне, а сям'я здымае прыватны дом, не вельмі цёплы і ўтульны. Старшыня гарадскога Савета і па сумяшчальніцтве выканкама запрасіў яе прыйсці ў выканкам, каб разгледзець варыянты паляпшэння жыллёвых умоў, якія ён можа прапанаваць.

Варта сказаць, што ў горадзе будуюцца і кватэры, і цэлы мікрараён прыватных дамоў, у які ўжо падведзены асноўныя камунікацыі. Значыць, будуць яшчэ нараджацца дзеці.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

yackevich@zviazda.by

Камянецкі раён

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.