Вы тут

Сябруем і ў космасе


Беларускія і расійскія навукоўцы працуюць над новым касмічным апаратам

Міжнародная навуковая канферэнцыя «Фізіка плазмы і плазменныя тэхналогіі» праходзіць гэтымі днямі ў Нацыянальнай акадэміі навук. Сярод удзельнікаў форуму — навукоўцы амаль з 15 краін блізкага і далёкага замежжа. Асабліва яскрава мерапрыемства сведчыць пра шчыльнае супрацоўніцтва беларускіх і расійскіх вучоных — на канферэнцыю завітаў і прэзідэнт Расійскай акадэміі навук Уладзімір ФОРТАЎ, для якога гэты візіт стаў першым на пасадзе кіраўніка РАН.

Ганаровы госць паўдзельнічаў у адкрыцці форуму, выступіў з дакладам, сустрэўся з вядучымі айчыннымі навукоўцамі, пазнаёміўся з выставай дасягненняў беларускай навукі і Музеем гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, а таксама правёў перамовы з кіраўніцтвам НАН Беларусі аб перспектывах навуковага супрацоўніцтва.

— Нацыянальная акадэмія навук Беларусі займае асаблівае месца сярод навуковых устаноў, якія працягваюць працаваць у постсавецкі час, — лічыць Уладзімір Фортаў. — Ёсць шэраг напрамкаў, па якіх беларускія вучоныя займаюць першыя месцы ў свеце. Цяпер вось праходзіць канферэнцыя па фізіцы плазмы. Беларусы яшчэ з часоў славутага Міхаіла Ельяшэвіча займалі ў гэтай сферы перадавыя пазіцыі. У 1950-я гады менавіта яны даследавалі эфекты ядзерных выбухаў. Моцная савецкая школа ў Беларусі захавалася, і цяпер тут сканцэнтраваны актуальныя распрацоўкі па гэтым напрамку. Зазначу, што сусветныя аб'ёмы продажу прадукцыі з выкарыстаннем плазмы складаюць прыкладна 3—4 трыльёны долараў, гэта каласальны рынак. Сфера ўжывання плазмы неверагодна шырокая, самы просты прыклад — плазменныя тэлевізары. Тое, што Беларусі ўдалося захаваць вытворчасць плазменных прыбораў і адначасова не страціць акадэмічнай навукі, уражвае. Пэўна, менавіта таму да вас сёння прыехалі вядучыя навукоўцы з усяго свету.

Як расказаў прэзідэнт РАН, супрацоўніцтва паміж беларускімі і расійскімі навукоўцамі вядзецца ў вялікай колькасці сфер. Сельская гаспадарка, медыцына, бія- і нанатэхналогіі — далёка не поўны іх пералік. У чэрвені ў Маскве адбылося сумеснае пасяджэнне прэзідыумаў РАН і НАН Беларусі, на якім вучоныя абмеркавалі планы працы на 2016—2020 гады.

— На маскоўскім пасяджэнні мы выбралі тры знакавыя праекты, якія будзем рэалізоўваць з расійскімі калегамі, — зазначыўстаршыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір ГУСАКОЎ. — Адзін з іх — гэта суперкамп'ютар «Скіф», з якога мы калісьці толькі пачыналі сумесна працаваць. Ужо існуе некалькі пакаленняў гэтага апарата. Не менш важныя і касмічныя распрацоўкі, у прыватнасці стварэнне спадарожнікаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Цяпер вядзецца сумесная праца над новым касмічным апаратам, больш дасканалым за папярэдні. Літаральна тыдзень таму быў падпісаны адпаведны дагавор. Калі ўсё будзе ісці па плане, плануем вывесці яго на арбіту ўжо ў 2017 годзе.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.