Вы тут

Мосар. Пяць гадоў без ксяндза Булькі


Летась знакамітаму Мосару споўнілася 500 гадоў. Гэтая вёска ў Глыбоцкім раёне з насельніцтвам усяго каля 250 чалавек стала вядомай у першую чаргу дзякуючы святару мясцовага касцёла Юозасу Бульку. Ужо 5 гадоў, як яго, на жаль, няма з намі. Сёлета паважанаму ксяндзу споўнілася б 90. І роўна 25 гадоў, як ён стаў ксяндзом у Мосары. Цяперашні ксёндз Марат працягвае справы папярэдніка. Разумее: тое, што зроблена Булькам, трэба не толькі захоўваць, але і развіваць далей.

[caption id="attachment_101005" align="alignnone" width="600"]16-6 Ксёндз Ма­рат.[/caption]

Спіртнога ў краме няма

Бульку ўспамінаюць добрым словам усе, у каго пытаўся пра яго яшчэ ў Глыбокім. Зразумела, што знайсці годную замену такому пробашчу было цяжка. Ксёндз Марат — трэці святар пасля Булькі ў Мосары.

— Вядома, што Булька многа чаго зрабіў для аднаўлення касцёла, упрыгожвання тэрыторыі вакол яго. Зразумела, што не кожны можа так актыўна ствараць прыгажосць, змагацца за цвярозы лад жыцця. Пасля Булькі ксяндзом быў таксама ініцыятыўны, але вельмі малады чалавек. Потым яго замянілі на больш сталага. Але, шчыра кажучы, ён не вельмі добра разумеў, што касцёл у Мосары — гэта не толькі храм. Ён стаў і турыстычным аб'ектам, бо касцёл жа знаходзіцца на тэрыторыі культурна-дэндралагічнага комплексу. Акрамя скульптурных кампазіцый, нагадаю, там ёсць экзатычныя расліны, вальер для страусаў, іншых «братоў нашых меншых». А яшчэ можна ўбачыць Крыжовы шлях, антыалкагольны музей, Алею цвярозасці. Сабрана цікавая этнаграфічная калекцыя, — расказвае па дарозе ў Мосар Уладзімір Мірончык, навуковы супрацоўнік Глыбоцкага гісторыка-этнаграфічнага музея.

[caption id="attachment_101006" align="alignnone" width="600"]16-7 У му­зеі. Памяць пра славутага ксяндза жыве.[/caption]

Нагадаю, што ў свой час ксёндз Юозас Булька ўпершыню ў краіне ініцыяваў забарону на продаж спіртнога ў Мосары. Вёска і цяпер безалкагольная. Праўда, у краме суседняй вёскі, да якой каля 3 кіламетраў, можна купіць усё...

І вось ён, Мосар. Колькі сюды ні прыязджаеш, не перастаеш здзіўляцца — як прыгожа! Аўтару гэтых радкоў пашанцавала ў пачатку 2000-х гадоў пазнаёміцца з самім ксяндзом. Мясцовыя жыхары прапанавалі паглядзець на цуд, і мы паехалі. Шаноўны ксёндз тады пацікавіўся, ці ёсць у мяне грэх — цяга да выпіўкі.

— Вы ж яшчэ малады, — звярнуўся ён да мяне. — Дык навошта вам наогул піць? Я вам усяго тры парады дам: не купляйце, не піце, не частуйце іншых! Пачніце — і вам спадабаецца!

На развітанне ён падарыў мне і калегам пластыкавыя статуэткі Дзевы Марыі... Колькі гадоў прайшло, а памятаю сустрэчу ў дробязях. Другі раз я пабываў у Мосары разам з праваахоўнікамі Віцебшчыны. Булька паказваў нам знакаміты супрацьалкагольны музей. Распавядаў пра тое, як не вянчае і не хрысціць, калі ведае, што потым будзе алкагольнае застолле.

Да чаго даходзіла: нецвярозыя, убачыўшы ксяндза, літаральна збягалі ад яго, хаваліся. А ён, сталы чалавек, умудраўся... даганяць!

І ў чарговы раз чытаў «лекцыі» пра неабходнасць здаровага ладу жыцця.

[caption id="attachment_101007" align="alignnone" width="600"]16-4 Сучасны Мо­са­р.[/caption]

Справа яго жыве

Святар Марат чакаў нас пазней. А мы здзівілі раннім візітам. Дзверы ў дом ксяндза (ён жыве побач з касцёлам. — Аўт.) адчыніла маці пробашча. У службовым пакоі кінулася ў вочы... гітара. А праз некалькі хвілін туды зайшоў мужчына ў цывільным і на мыліцах.

— У аварыю трапіў, вось і даводзіцца пакуль што з мыліцамі хадзіць. Гітара мая. Навучыўся іграць сам, але не так добра, каб выступаць перад публікай. Рок люблю, у прыватнасці The Rollіng Stones, Deep Purple... З «нашых» — «Машыну часу», «ДДТ», «Наў-
тылус», — распавядае ксёндз Марат, адміністратар парафіі святой Ганны ў Мосары. Такім чынам нечакана размова пачалася з музычнай тэмы.

— Як я працягваю традыцыі, закладзеныя шаноўным пробашчам? Стараюся адпавядаць. Думаю, у чэрвені 2016-га адкрыем музей імя Булькі. У спадчыну ж засталося шмат дакументаў і фотаздымкаў, — працягвае ксёндз.

Сярод экспанатаў, прысвечаных Бульку, — атэстат сталасці. Школьніку Бульку не даваліся дакладныя навукі. Відаць, самім лёсам было наканавана, каб ён стаў «гуманітарыем». А навуцы любіць і паважаць людзей, перажываць за іх у ксяндза можна павучыцца. За свае добрыя справы па адраджэнні духоўнасці ён быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. У прыходскім музеі ёсць і вельмі рэдкія экспанаты, напрыклад більярд. Другі такі толькі ў Нясвіжскім замку. Але там ён пасля рэстаўрацыі, а мосарскі без яе...

[caption id="attachment_101008" align="alignnone" width="600"]16-5 Ма­гі­ла ксян­дза Буль­кі.[/caption]

Да яго магілы і сёння едуць пакланіцца людзі здалёку.

— Жанчына са Смаленскай вобласці прыязджала, і не раз, каб зведаць шчасце мацярынства. Далёкі шлях пераадольвала, каб памаліцца. Рабіла гэта ля рэліквій Святога Юстына, аднаго з першапакутнікаў, апалагетаў хрысціянства. Прасіла міласці Бога і ля магілы ксяндза. І нарадзілася ў яе дзіця! — кажа суразмоўца.

Як і пры Бульку, многія наведвальнікі ў спецыяльнай кніжцы пішуць просьбы аб тым, каб іх родныя, блізкія кінулі піць... Лічыцца, што дапамагае пераадолець залежнасць і крынічная вада з Мосара. На жаль, ваду ў крыніцах часова браць нельга — не адпавядае дазволеным нормам якасці.

— Неабходна, каб, як і раней, тут працаваў пункт харчавання: каб хаця б чай з дарогі прыезджыя маглі папіць. А ў ідэале добра будзе, калі госці Мосара змогуць пачаставацца нацыянальнымі беларускімі стравамі — дранікамі і блінамі з печы, паспытаць на смак натуральную смятану, папіць свежага малака... А для прыхаджан адкрыць клуб, каб збіраліся разам пачытаць Святое Пісанне або паглядзець у кампаніі трансляцыю матчаў чэмпіянату свету па футболе, — дзеліцца марамі і планамі ксёндз Марат.

Сярод ідэй і выстава старых фота, прысвечаных Мосару і яе людзям, якія ў розныя часы жылі тут...

[caption id="attachment_101009" align="alignnone" width="600"]16-11 Стар­шы­ня кас­цель­на­га ка­мі­тэ­та Ста­ні­слаў Іг­на­та­віч Бу­ка і ксёндз Ма­рат.[/caption]

«Без прыгажосці выцягнеш... душу»

Ксёндз з болем гаварыў і пра тое, што, на жаль, вясковай моладзі мала, як і дзятвы... Святар адзначыў, што і ў сельсавеце, і ў райвыканкаме вельмі ахвотна падтрымліваюць ініцыятывы, каб надалей Мосар заставаўся прывабным для турыстаў месцам. Ксёндз, дарэчы, спадзяецца на ўдзел у гэтай справе ўсіх, хто можа дапамагчы захаваць прыгажосць.

— Касцёл у Мосары пабудаваны ў 1792 годзе. Зразумела, перыядычна яму патрэбны рамонт. Сцены трэба прывесці ў парадак, дах працякае... Вашу газету многія чытаюць — няўжо ніхто не адгукнецца, не дапаможа? Разумею, што ў райвыканкаме грошай на ўсё не хапае. Былы старшыня Міхаіл Кандзерскі як мог дапамагаў Бульку, знаходжу паразуменне і ў цяперашняга старшыні Алега Морхата... Упэўнены, што ў кожным раёне ёсць ініцыятыўныя людзі, і іх вельмі важна падтрымліваць на ўзроўні ўлады. Спрыяць, калі людзі дбаюць пра захаванне памяці аб мінулым, спрабуюць даць другое жыццё старым будынкам, храмам. Зразумела, у прадстаўнікоў улады шмат іншых клопатаў. Вядома ж, без хлеба ногі выцягнеш. Але без прыгажосці — душу. Калі чалавек бачыць вакол прыгажосць, ён жа і сам захоча развівацца: працаваць лепш, ведаць больш, — разважае ён.

На развітанне ксёндз Марат папрасіў звярнуцца да чытачоў з просьбай, каб паважалі і цанілі ўсё, што тычыцца нашай гісторыі, веры, каранёў... Каб вёсак, падобных да Мосара, стала больш.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

pukshanskі@zvіazda.by

Глыбоцкі раён — Віцебск

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.