Вы тут

На варце агульнай бяспекі


Беларусь пацвярджае прыхільнасць мэтам і прынцыпам АДКБ.

Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы патрабуе ўмацавання ваеннай моцы і механізмаў крызіснага рэагавання. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Душанбэ на пленарным пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

16-45

На думку Прэзідэнта Беларусі, паскараючы працу над Стратэгіяй калектыўнай бяспекі, АДКБ зможа забяспечыць фарміраванне адзіных поглядаў на абарону сваіх інтарэсаў. «Укараненне агульных стандартаў абароннай прадукцыі, аснашчэнне воінскіх кантынгентаў АДКБ уніфікаваным узбраеннем і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем дазволяць значна ўмацаваць ваенны патэнцыял арганізацыі», — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён са шкадаваннем заўважыў, што па гэтых пытаннях у апошні час «мы шмат гаворым, але мала чаго зрабілі». Аляксандр Лукашэнка лічыць, што кіраўнікі дзяржаў павінны няўхільна і бездакорна выканаць абавязацельствы, узятыя на сябе ў гэтай частцы, асабліва што датычыць аснашчэння.

Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што патрэбны і прадуманыя дыпламатычныя захады. Паводле яго слоў, пашырэнне ўзаемадзеяння з вядучымі рэгіянальнымі і міжнароднымі структурамі па бяспецы павінна быць адным з асноўных сродкаў у нарошчванні патэнцыялу АДКБ як аўтарытэтнай арганізацыі, у павышэнні ўзроўню даверу і зніжэнні напружанасці ў рэгіёне і цэлым свеце.

У час сустрэчы ў вузкім складзе прэзідэнты комплексна разгледзелі найбольш важныя напрамкі развіцця АДКБ і адкарэктавалі планы працы на будучыню.

«Мы дамовіліся, што, калі трэба, падкарэктуем у найбліжэйшы час нашы статутныя дакументы і аптымізуем нашу арганізацыю. Прычынай таму сітуацыя, якая абвастраецца на межах вакол дзяржаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Гэтая арганізацыя становіцца самай запатрабаванай арганізацыяй на постсавецкай прасторы», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, агульнымі для ўсіх краін-саюзнікаў застаюцца знешнія рызыкі і пагрозы. «Выклікаюць насцярожанасць узровень экстрэмізму, які расце, уплыў міжнародных тэрарыстычных груповак. Сёння мы сутыкаемся з эскалацыяй напружанасці ў зонах тлеючых канфліктаў, адкрытымі ваеннымі дзеяннямі і з'яўленнем новых ачагоў нестабільнасці, у тым ліку каля нашых межаў. Як наступства гэтага — гібель людзей, разбурэнне дзяржаў, збядненне народаў і беспрэцэдэнтныя патокі бежанцаў і нелегальных мігрантаў», — канстатаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі пажадаў поспехаў Арменіі, якая прымае эстафету старшынства ў арганізацыі, і пацвердзіў прыхільнасць Беларусі мэтам і прынцыпам Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Парадак дня пасяджэння налічваў паўтара дзясятка пытанняў.

Аляксандр Лукашэнка таксама прыняў удзел у афіцыйным прыёме ад імя Прэзідэнта Таджыкістана Эмамалі Рахмона ў гонар удзельнікаў сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.

А напярэдадні беларускі лідар меў размову з кіраўніком Таджыкістана ў ходзе двухбаковай сустрэчы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў вялікую працавітасць таджыкскага народа і падкрэсліў, што наша краіна гатова прыйсці на дапамогу ў любую хвіліну. Ён адзначыў, што закрытых тэм у беларуска-таджыкскіх адносінах няма. Беларусь адкрытая да развіцця ўзаемадзеяння па шырокіх спектрах: ад прамысловасці і сельскай гаспадаркі да абараназдольнасці.

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?