Вы тут

Фонды кандыдатаў


Удзельнікі выбарчай гонкі адкрылі спецыяльныя рахункі ў банках.

Адпаведна з Выбарчым кодэксам Беларусі для фінансавання выдаткаў па перадвыбарнай агітацыі спецыяльныя выбарчыя рахункі адкрылі ўсе чатыры кандыдаты ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Пра гэта паведамляе Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў на сваім афіцыйным сайце.

Таццяна Караткевіч, Мікалай Улаховіч і Сяргей Гайдукевіч адкрылі спецыяльныя рахункі яшчэ на этапе вылучэння ў кандыдаты. Па звестках ЦВК на 26 жніўня на рахунак Таццяны Караткевіч было залічана Br12,8 млн, амаль усе яны былі накіраваны на аплату выдаткаў, звязаных са зборам подпісаў па вылучэнні яе ў кандыдаты. На рахунак Сяргея Гайдукевіча тады ж паступіла каля сямі мільёнаў рублёў, на рахунак Мікалая Улаховіча — трохі больш за 300 тысяч. Пасля рэгістрацыі кандыдатаў грошы, па інфармацыі ЦВК на 16 верасня, паступілі толькі на рахунак Таццяны Караткевіч — 400 тысяч рублёў і Аляксандра Лукашэнкі — 202 млн 360 тысяч рублёў.

Крыніцай фарміравання выбарчага фонду кандыдата з'яўляюцца ўласныя сродкі, памер якіх абмежаваны 9 тысячамі базавых велічынь (на сёння гэта — 1 млрд 620 млн рублёў), а таксама добраахвотныя ахвяраванні грамадзян Рэспублікі Беларусь. Памер ахвяраванняў грамадзяніна не можа перавышаць 20 базавых велічынь. Яшчэ адна дазволеная крыніца паступленняў — пералічэнні ад юрыдычных асоб. Памер такіх абмежаваны 50 базавымі велічынямі (адна базавая зараз складае Br180 тысяч).

Забараняецца пералічэнне ў выбарчыя фонды бюджэтных сродкаў, а таксама грошай замежнымі дзяржавамі і арганізацыямі, міжнароднымі арганізацыямі, замежнымі грамадзянамі, асобамі без грамадзянства, арганізацыямі, заснавальнікамі (удзельнікамі, уласнікамі маёмасці) якіх з'яўляюцца замежныя дзяржавы, замежныя арганізацыі, міжнародныя арганізацыі, замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства.

Нельга таксама ахвяраваць грошы на перадвыбарную агітацыю кандыдатаў арганізацыям, якія атрымалі на працягу папярэдняга года замежную дапамогу, калі яны яе не вярнулі або загадзя не пералічылі ў даход дзяржавы. Не дапускаецца ахвяраванне з боку непаўналетніх асоб, дзяржаўных органаў і органаў самакіравання, арганізацый, якія фінансуюцца з бюджэту, а таксама арганізацый, якія былі зарэгістраваныя менш чым за год да ўнясення ахвяравання. Не прымаюцца ахвяраванні ад дабрачынных, рэлігійных арганізацый і ананімаў. Дарэчы, ананімам лічыцца не толькі той, хто не ўказаў сваё прозвішча, імя і імя па бацьку, але і той, хто не паведаміў пра дату нараджэння, месца жыхарства, пашпартныя даныя (або ўліковы нумар плацельшчыка, найменне, банкаўскія рэквізіты, юрыдычны адрас арганізацыі).

Апошні дзень прыёму ахвяраванняў у выбарчы фонд кандыдата ў Прэзідэнты — 10 кастрычніка ад грамадзян і 9 кастрычніка — ад юрыдычных асоб. Сродкі выбарчага фонду кандыдата могуць выкарыстоўвацца на аплату выдаткаў, звязаных з перадвыбарнай агітацыяй: арэнда, транспарт, сувязь, друкаваныя матэрыялы, эфірны час, публікацыі ў СМІ, кансультацыі і агітацыя, канцылярскія тавары і іншае.

Згодна з заканадаўствам, максімальная сума ўсіх выдаткаў са сродкаў выбарчага фонду не можа перавышаць 9 тысяч базавых велічынь.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

medvedeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.