Вы тут

Для адных суп рэдкі, для іншых жэмчуг дробны


У асноўным на чарговы прыём грамадзян да старшыні Мінаблвыканкама Сямёна Шапіры прыйшлі жыхары «праблемнага» Мінскага раёна. Праблемнага ў тым плане, што тут пабудавана 20 тысяч індывідуальных прыватных дамоў. Але не ўсе гаспадары могуць засяліцца ў «звітае гняздзечка», паколькі ў адных не падведзена святло, у іншых — вада, у некаторых — газ.

2

2

 

— Бюджэт вобласці складае 18 трлн рублёў, бюджэт сярэдняга раёна — 400 млрд рублёў. Для ўладкавання сетак неабходна 4 трлн рублёў. Вядома, гэта непасільная нагрузка. Акрамя таго, трэба плаціць зарплаты медыкам, настаўнікам, работнікам культуры, пенсіі. Таму пры стварэнні кааператываў за кошт дзяржавы будуць падводзіцца камунікацыі толькі шматдзетным сем'ям, астатнім катэгорыям грамадзян — за свой кошт, — падкрэсліў старшыня аблвыканкама.

Падчас прыёму сустракаліся і заяўнікі, якія лічаць, што дзяржава не дадае тое, што ім належыць. У прыватнасці, мужчына з вёскі Тарасава Мінскага раёна. У сям'і гадуецца чацвёра дзяцей. Усе малыя з гэтага населенага пункта дабіраюцца ў школу ў Мінск, паколькі тут няма сваёй навучальнай установы. Школьнікі аплачваюць праезд у прыгарадным транспарце са сваёй кішэні, дакладней з бацькоўскай. Здаралася, кантралёры спрабавалі высадзіць малых «зайцоў» з аўтобуса. Заяўнік прывёў прыклад, што сталічныя школьнікі ездзяць да месца вучобы грамадскім транспартам бясплатна. Тут нібыта прысутнічае элемент дыскрымінацыі вясковых дзяцей. Але, як растлумачыла начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Галіна Казак, права на бясплатны праезд маюць школьнікі, што жывуць у сельскай мясцовасці і вучацца ў сельскіх школах, таксама, як іх равеснікі, што пражываюць у горадзе і наведваюць гарадскія навучальныя ўстановы. Атрымліваецца, паводле заканадаўства, усё правільна. Разам з тым Сямён Шапіра даручыў Галіне Казак выйсці ў Савет Міністраў з прапановай разгледзець пытанне аб бясплатным праездзе сельскіх школьнікаў да месца вучобы ў горадзе.

Здавалася б, тэма на гэтым вычарпана. Ды толькі не для заяўніка. Яго абурае, што шматдзетнай сям'і не аказалі матэрыяльную дапамогу (менавіта фінансавую), каб сабраць дзяцей да новага навучальнага года. Толькі аднаму з выхаванцаў, таму, што сёлета ўпершыню пайшоў у школу, дапамаглі сабраць партфель. Грамадзяніну растлумачылі, што найперш гэта тычыцца тых, хто пойдзе ў першы клас.

Акрамя таго, наведвальнік прасіў, каб да яго дома падвялі бясплатную каналізацыю. Але атрымаў адмову. Як адзначыў старшыня Мінаблвыканкама, трэба дамаўляцца з суседзямі, жыхарамі населенага пункта і ладкаваць камунікацыі за асабістыя сродкі.

Мужчына працуе юрыстам (яго заробак — 6 млн рублёў), жонка ў дэкрэтным водпуску, атрымлівае 3 млн «дзіцячых». «Грошай не хапае. Была нават запазычанасць за камунальныя паслугі», — паскардзіўся галава сям'і. А ён не можа знайсці падпрацоўку па сваіх сілах: пасля аварыі стаў інвалідам ІІ групы. Сямён Шапіра прапанаваў садзейнічанне ў дадатковым працаўладкаванні, напрыклад, юрыстам у сельгаспрадпрыемстве. Але канкрэтнай згоды заяўнік не даў.

На прадэманстраваных падчас прыёму слайдах добра відаць, што сям'я пражывае ў дыхтоўным дарагім двухпавярховым катэджы, мае аўтамабіль, вялікі зямельны ўчастак. Тым больш насцярожвае пазіцыя заяўніка: яму ўсе абавязаны.

Як кажуць, для адных жэмчуг дробны, для іншых — суп рэдкі. Менавіта апошнія і не прывыклі патрабаваць у некага, задавальняюцца тым, што ёсць, а да сваіх праблем ставяцца з гумарам. У якасці прыклада кіраўнік цэнтральнага рэгіёна прывёў канкрэтную сітуацыю. Заехаў ён у невялікую вёсачку на мяжы Бярэзінскага і Крупскага раёнаў. Тут жывуць амаль адны старыя, нямоглыя, няма каму абкасіць быльнёг, у садзе ападаюць на зямлю і гніюць яблыкі. Нестае сіл і здароўя, каб іх сабраць ды здаць у раённую нарыхтоўчую кантору. У шахтавым калодзежы засталося вады толькі на два кольцы. 80-гадовы дзядуля трымае каня спецыяльна для таго, каб можна было куды з'ездзіць па сваіх патрэбах. Нядаўна тут разраўнавалі дарогу, а то, як пажартаваў стары, да гэтага ледзьве не растрэсла на калдобінах, аж лёгкія баляць.

Менавіта старшыня аблвыканкама «паказаў» дарогу ў гэты забыты Богам і людзьмі кут раённаму кіраўніцтву. Мясцовыя чыноўнікі прызналіся: сорамна, ні разу тут не былі. А праблемы тутэйшых насельнікаў паабяцалі па меры магчымасцей вырашыць.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

lazovskaya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».