Вы тут

Выхад на прыроду


Як беспрацоўныя асвойваюць грамадскія работы.

Зранку а палове восьмай ля ўвахода ў Цэнтральны батанічны сад НАН ужо ўтварылася чарга. Не цікаўных наведвальнікаў — беспрацоўных. Незанятыя грамадзяне, што стаяць на ўліку ў службе занятасці, павінны два дні ў месяц выходзіць на грамадскія работы. Дваццаць чалавек (адны мужчыны!), што чакаюць у варотах батанічнага сада, вырашылі прысвяціць сённяшнія восем гадзін прыродзе. Чаму некаторыя жыхары сталіцы месяцамі сядзяць без працы і не трапляюць на вакансіі, заяўленыя на біржы? Назіраючы за тым, як праходзяць грамадскія работы, мы высвятлялі і гэтае пытанне.

[caption id="attachment_101216" align="alignnone" width="600"]На 93 гек­та­рах пра­цы ўсім хо­піць. На 93 гек­та­рах пра­цы ўсім хо­піць.[/caption]

Па лапаце кожнаму

Найбольш напружаны сезон у батанічным садзе — з канца сакавіка да пачатку лістапада. Працы ў гэтыя месяцы хапае. Тым, хто прыходзіць на грамадскія работы, даручаюць добраўпарадкаваць тэрыторыю і даглядаць калекцыі раслін.

— Сёлета шмат людзей да нас запісваецца, — кажа намеснік дырэктара па навуковай працы Іван ВАЛАДЗЬКО. — Але мы не можам прыняць больш за 22 чалавекі, таму што грошы на аплату іх працы — гэтая сума абмежавана — выдаткоўвае ўпраўленне занятасці. З беспрацоўнымі афармляем дагавор, залічваем у штат на два дні, потым звальняем. Хоць некаторыя застаюцца ў нас. Адна з жанчын, з вышэйшай адукацыяй, цяпер у лабараторыі працуе.

З якога часу батанічны сад прымае мінчукоў на грамадскія работы, Іван Казіміравіч ужо і не памятае. «Больш за дзесяць гадоў, напэўна». Па дарожцы, абсаджанай чорнай рабінай, мы ідзём да брыгады беспрацоўных, што наводзяць парадак у ландшафтным парку. Мужчыны з лапатамі чысцяць тэрыторыю ад парасніку і самасеву.

— Гэта «пустазелле» для дадзенага месца, — тлумачыць нам старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі інтрадукцыі драўняных раслін і загадчык дэндрарыя Міхаіл РУДЗЕВІЧ. — Ландшафтны парк павінен мець сваё аблічча, а самасеў робіць тэрыторыю непраходнай і менш прывабнай. Такія «чысткі» праводзяць раз у пяць гадоў. Потым на ўчастак можна падсадзіць расліны, якія найбольш упішуцца ў пейзаж. Вунь там, на ўскрайку, у нас ёсць 80-гадовыя сосны, яны стаяць даволі свабодна, хопіць месца яшчэ для некалькіх дрэў. А ў бярозавым гаі добра б глядзелася якое-небудзь кустоўе, што ў розныя сезоны ўпрыгожвала б гай сваім цвіценнем, афарбоўкай лістоты ці формай.

Дадатковыя пары рабочых рук, якімі перыядычна забяспечвае батанічны сад служба занятасці, тут не лішнія. Хоць, уздыхае Міхаіл Мікалаевіч, лепш было б наняць прафесіянала, які б сам ведаў, як даглядаць пэўную мясцовасць. Абслуговага персаналу тут сапраўды не хапае.

Гультаёў — на натуральную гаспадарку

Сёння ў распараджэнні Міхаіла Мікалаевіча адзінаццаць чалавек. Ёсць старанныя работнікі, якія спрытна выкарчоўваюць карані, ёсць лайдакі, што капаюцца на адным месцы, цягнучы час.

Руды весяльчак Грыша— са старанных. Тут ён не ўпершыню. Кажа, што падабаецца раз на месяц прыходзіць у батанічны сад. Заўтра збіраецца на возера папрасіцца, чысціць вадаём ад апалых лістоў. На ўліку як беспрацоўны мужчына стаіць з мая.

[caption id="attachment_101221" align="alignnone" width="600"]Гры­ша хо­дзіць на ра­бо­ты ў ба­та­ніч­ны з за­да­валь­нен­нем. «Мо­жа, та­ды ўлад­куе­це­ся сю­ды?» — пра­па­ноў­ваю.  «Доб­ры ва­ры­янт», — зга­джа­ец­ца муж­чы­на. Гры­ша хо­дзіць на ра­бо­ты ў ба­та­ніч­ны з за­да­валь­нен­нем. «Мо­жа, та­ды ўлад­куе­це­ся сю­ды?» — пра­па­ноў­ваю. «Доб­ры ва­ры­янт», — зга­джа­ец­ца муж­чы­на.[/caption]

— Не можаце знайсці добрую вакансію?

— Мне не патрэбна праца,— спакойна заяўляе Грыша.— Але я адказны грамадзянін, не хачу лічыцца дармаедам, таму выходжу на грамадскія работы. Так, у службе занятасці прапаноўваюць вакансіі, але наймальнікі мне стабільна адмаўляюць. Чаму? Ды розныя прычыны. Вопыту няма.

— А жыць на што?

— Грамадскія работы крыху зарабіць дапамагаюць...

— Дык гэта ж маленькая сума!

— А мне шмат і не трэба. Чым менш ты прывязаны да матэрыяльнага свету, тым больш незалежным і самадастатковым будзеш. Большасць хоча кар'еру, грошы, машыну, дом. І што, гэта і ёсць усё жыццё? Сумна.

Відаць, падумаўшы, што ён нас яшчэ не дастаткова здзівіў, Грыша пачаў расказваць, як харчуецца сонечнай энергіяй і займаецца алхіміяй. І я нават не ўпэўнена, што ён жартаваў. У любым выпадку, у батанічным садзе мужчына працуе сумленна.

Заўважыўшы, як мы гутарым з Грышам, адзін са штрафнікоў (як ён сам сябе назваў), у адзенні і з тварам не першай свежасці, вырашыў паскардзіцца. «Працы няма, дык тут капаем. Дапамогу нам не плацяць!»— выказаўся мужчына і пайшоў да свайго не менш пакамечанага таварыша. Міхаіл Мікалаевіч, які гэта пачуў, абурыўся. «Я б такіх грамадзян асобна сяліў, на натуральную гаспадарку пераводзіў, каб яны самі ежу здабывалі. Адна справа, калі, як Грыша, не могуць вызначыцца, чым ім заняцца, шукаюць сябе. А гэтыя ж выпівохі цягнуць грошы з бацькоў. Ці крадуць«.

Не вытрымалі канкурэнцыю

[caption id="attachment_101220" align="alignnone" width="600"]Дзя­ніс мяр­куе, што пра­ца­ўлад­ка­вац­ца  ў ста­лі­цы не праб­ле­ма. Але сам па­куль  ва­кан­сію не знай­шоў. Дзя­ніс мяр­куе, што пра­ца­ўлад­ка­вац­ца
ў ста­лі­цы не праб­ле­ма. Але сам па­куль
ва­кан­сію не знай­шоў.[/caption]

Пад дрэвамі, у навушніках, ціха перакопвае зямлю малады хлопец Дзяніс. Былога зборшчыка трансфарматараў звольнілі з электратэхнічнага завода па артыкуле за прагул. Зараз, кажа Дзяніс, знайсці працу праблематычна:

— У службе занятасці прапаноўваюць вакансіі падсобнага рабочага, грузчыка. Але ў большасці выпадкаў аказваецца, што гэтыя месцы ўжо заняты. На сваё прадпрыемства вяртацца пакуль не хочацца: былі там пэўныя непаразуменні.

Дзяніс, як высветлілася, спецыяльнасці не мае. Дый працу малады чалавек актыўна, відаць, не шукаў. «Заводаў шмат у Беларусі, уладкавацца, думаю, не праблема. Так, трэба будзе заняцца гэтым пытаннем».

Мы пакідаем беспрацоўных сам-насам з лапатамі і каранямі і ідзём любавацца садам. Пад нагамі лопаюцца зялёныя плады маньчжурскага арэха (вы ведалі, што яны пахнуць ёдам?). Памочнікаў, якія сёння прыбіраюць гэтую алею ад апалага лісця, таксама даслала ўпраўленне занятасці. «Бачыце таго мужчыну? Творчы чалавек. Гадзіну можа з адным лістком поркацца»,— усміхаецца Міхаіл Мікалаевіч.

«Творчы чалавек« на самай справе— электрык Дзіма. Праўда, рамантаваць разеткі мужчына больш не хоча. Спрабуе сябе ў ІТ-сферы. Вопыт быццам бы крыху ёсць. Але на месцы сістэмнага адміністратара і тэсціроўшчыка, якія параіла служба занятасці, мужчыну не ўзялі. Па словах Дзімы, на рынку працы сярод суіскальнікаў зараз жорсткая канкурэнцыя. І былы электрык пакуль прайграе астатнім прэтэндэнтам на прывабныя месцы.

Можна доўга скардзіцца на вялікую канкурэнцыю і маленькую дапамогу па беспрацоўі. (На апошнюю, дарэчы, шмат нараканняў: маўляў, вось у Еўропе выплаты дык выплаты, на іх пражыць рэальна. Рэальна, і беспрацоўныя гэтым карыстаюцца. Вырастаюць цэлыя «дынастыі», кожнае пакаленне якіх не лічыць патрэбным зарабляць самому, бо дзяржава і так забяспечвае.) А можна адправіцца на перанавучанне і павысіць свой прафесійны ўзровень ці атрымаць больш запатрабаваную спецыяльнасць (сёлета службы занятасці ўжо арганізавалі прафпадрыхтоўку шасці тысяч чалавек), дабіцца субсідыі на адкрыццё ўласнай справы, перабрацца ў іншы рэгіён. Але што там, гэта ж нашмат складаней, чым чакаць наймальніка, які сам цябе знойдзе і возьме такім, які ёсць...

Афіцыйна

Па інфармацыі камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама, на пачатак года ў сталіцы налічвалася амаль 2,5 тысячы беспрацоўных. У верасні колькасць незанятых грамадзян вырасла ў 2,6 раза: цяпер на ўліку стаіць 6,6 тысячы чалавек. Найбольш зваротаў у службу занятасці назіралася ў чэрвені (у гэтым месяцы зарэгістравацца прыйшлі 2,3 тысячы беспрацоўных), аднак ужо ў жніўні колькасць ахвотных стаць на ўлік зменшылася на трэць, да 1,4 тысячы чалавек.

Максімальны тэрмін рэгістрацыі ў якасці беспрацоўнага — тры гады. Дапамога, на якую мае права незаняты грамадзянін, — да 360 тысяч у месяц. Сітуацыі, калі чалавека могуць зняць з уліку, прапісаны ў артыкуле 25 Закона «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь». Напрыклад, калі беспрацоўны не прыходзіў больш за тры месяцы ў органы дзяржаўнай службы занятасці без уважлівых прычын ці адмовіўся ад дзвюх прапанаваных вакансій (або двойчы не захацеў праходзіць прафесійную падрыхтоўку). На ўліку не будуць трымаць і тых, хто падманам спрабаваў атрымаць дапамогу па беспрацоўі, быў асуджаны па прыгаворы суда да папраўчых работ, арышту, абмежавання ці пазбаўлення волі, грамадзян, накіраваных у лячэбна-працоўныя прафілакторыі.

У 2015-м сталічным камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне заключана 144 дагаворы аб парадку арганізацыі і ўмовах правядзення грамадскіх работ, якія аплачваюцца, з наймальнікамі розных форм уласнасці і відаў дзейнасці. Калі чалавек, што стаіць на ўліку, адмаўляецца выходзіць на работы, то выплата дапамогі па беспрацоўі прыпыняецца на тэрмін да трох месяцаў.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.