Вы тут

Заўсёды падставіць рукі


Пасля нараджэння дачкі я стаў сентыментальным. Не скажу, што раней быў сухаром, але цяпер усё, што датычыцца дзіцячай тэматыкі, успрымаю ў некалькі разоў вастрэй. Бывае, назіраеш за Васілісай, як яна вырасла, як навучылася самастойна рабіць многія рэчы, і вочы ўжо блішчаць ад шчасця. Шчасця, якое ты баішся страціць больш, чым сваё жыццё.

natatki

Апошнія паўтара года я амаль не гляджу тэлеканалы, якія злоўжываюць крымінальнай тэматыкай, у газетах і інтэрнэце адразу адфільтроўваю навіны, у якіх ідзе гаворка пра няшчасныя выпадкі з удзелам дзяцей. Пасля нараджэння дачкі я чамусьці падсвядома кожны раз праецырую сітуацыі на сябе. «Бацька не змог выратаваць на пажары сваю дачку», «Дзіця выпала з акна шматпавярховага дома», «Гульні на дарозе абярнуліся бядой» — на жаль, не праходзіць і тыдня, каб загаловак прыблізна такога сэнсу не з'явіўся ў стужцы навінаў. Адных толькі такіх слоў, без усялякіх падрабязнасцяў, дастаткова, каб усхваляваць на цэлы дзень.

У народзе кажуць: каб ведаў, дзе яма, то пераступіў бы. Так, нават дарослае жыццё немагчыма пражыць і не набіць гузакоў. З дзецьмі яшчэ складаней. Яны пазнаюць свет амаль без боязі. Бацькам заўсёды неабходна быць напагатове, каб паспець падставіць рукі, калі яны падаюць. Шкада толькі, што мы не заўсёды паспяваем гэта зрабіць. Ды і не ўсё можна прадугадаць.

Быў пачатак сакавіка. Дачцэ толькі споўніўся годзік. У гэты дзень павінны былі прыехаць хросныя, каб павіншаваць красуню са святам. Таму прачнуліся раней, каб паспець падрыхтавацца да гасцей. Пакуль гатавалі гарбату, малая, як звычайна, пешшу вымярала кухню і вывучала змесціва паліц. У адно імгненне вока яна падскочыла да стала, зачапіла пальчыкам кубак і перакуліла на сябе кіпень. Усё адбылося так хутка, што я не паспеў нават зрабіць два крокі, каб адштурхнуць яе. Далей усё было, як у кінастужцы, пастаўленай на хуткі прагляд. Не ведама з якіх глыбінь у галаве момантам усплылі атрыманыя ва ўніверсітэце веды па медыцынскай дапамозе. Здаецца, за хвіліну паспелі злётаць у аптэку, апрацаваць апекі, выклікаць «хуткую». У сябе прыйшоў толькі, калі машына «хуткай» з жонкай і малой ад'ехала ад дома, а я ў шортах, майцы і хатніх тапках застаўся без ключоў ля пад'езда. Тады я ўсвядоміў, што ў такім жа выглядзе бегаў у аптэку. Зразумеў, чаму нават без просьбаў мяне прапусцілі без чаргі...

Дзякуй Богу, правільна аказаная дапамога дазволіла праз некалькі дзён дачцэ быць ужо дома, а яшчэ праз месяц-другі ад гэтага выпадку на целе не засталася і слядоў. Але толькі на целе. У душы мы, бацькі, ніколі не перастанем дакараць сябе за такую недальнабачнасць. За пакуты, якія давялося перанясці малой. Боль жа, перажыты ля дзвярэй рэанімацыі, адкуль даносіўся крык Васілісы, напэўна, назаўсёды запісаўся на маім сэрцы.

Пасля таго выпадку мы стараемся быць максімальна ўважлівымі. Не тое, каб празмерна апякаць малую. Не, проста навучыліся думаць на некалькі крокаў наперад. Мы не пазбаўляем дачку самастойнасці і амаль не абмяжоўваем яе пазнавальную дзейнасць, толькі намагаемся быць заўсёды побач. І тлумачым, шмат тлумачым. Напрыклад, калі асвойвалі крутую лесвіцу на горку на дзіцячай пляцоўцы, спачатку падымаліся разам з ей і паказвалі, як гэта трэба рабіць. Потым некаторы час ціхенька падымаліся следам за ёй, каб мець магчымасць пры неабходнасці падстрахаваць. Сёння яна смела і ўпэўнена разам з вялікімі дзецьмі падымаецца на самую высокую горку і з залівістым смехам спускаецца ўніз, дзе яе ўжо чакаюць мама і тата. І нават тут, калі ты дакладна ведаеш, што яна робіць гэта ўжо не ўпершыню, штораз у галаве з хваляваннем адлічваеш кожную прыступку і з палёгкай уздыхаеш, калі малая аказваецца на руках.

Толькі цяпер, калі стаў бацькам, я разумею многія хваляванні сваёй маці. У тым, што нам, малым, здавалася бяскрыўднымі гульнямі, яна часта апраўдана бачыла небяспеку. У рэальнасці ж колькі разоў бяда праходзіла зусім побач? Калі катаўся на крыгах, і адна з іх раскалолася. Дзякуй Богу, гэта адбылося ўжо ля берага. Як зваліўся з дрэва вышынёй з дом і ад моцнага ўдару некалькі гадзін нават не мог гаварыць. Калі, не ўмеючы плаваць, для форсу перад кампаніяй паказваў, што не баюся глыбіні, і ледзьве не патануў... Такіх выпадкаў, напэўна, у кожнага набярэцца цэлая калекцыя. Калекцыя, ад якой сівеюць нашы бацькі.

Сёння маёй дачцэ паўтара года. Яе крокі даўно ўпэўненыя, яна ўжо не ідзе, а ляціць па жыцці. Няглядзячы на гэта, мы, бацькі, заўсёды гатовы падхапіць яе на рукі, калі раптам яна ўпадзе. Як і дагэтуль, свае рукі гатовы падставіць нам і нашы бацькі.

Аляксандр АЛЕСІК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.