Вы тут

Не падзялілі востраў з чайкамі


У Магілёве занепакоены тым, што для свайго гнездавання птушкі выбралі папулярнае ў гараджан месца адпачынку.

Чайкі на Святым возеры ў Магілёве былі заўсёды, для свайго гнездавання яны выбралі зараснікі пасярод вадаёма. Месца лепш не прыдумаеш: зямля пад вадой, трыснёг, доступ чалавека абмежаваны. Сёлета колькасць птушак павялічылася настолькі, што папулярны сярод магіляўчан пляж давялося закрыць, бо купацца ў вадаёме стала небяспечна для здароўя. І вось нядаўна ў Магілёўскім гарвыканкаме быў агучаны варыянт рашэння гэтага пытання. Каб пазбавіцца ад засілля чаек і праблем, звязаных з імі, востраў трэба ліквідаваць. «Гэта нам параілі спецыялісты інстытута водных рэсурсаў, — адзначыў мэр Магілёва Уладзімір Цумараў. — Інакш мы ніколі не зможам зрабіць так, каб людзі маглі купацца ў возеры. Неабходна выканаць рэкамендацыі, якія даў нам інстытут, і падрыхтаваць неабходныя дакументы».

— Існуе некалькі варыянтаў, — прадказвае наступствы арнітолаг грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Сямён Левы. — Чайкі паспрабуюць прыстасавацца дзесьці ў прыбярэжнай частцы возера, перабрацца на другі, менш папулярны ў насельніцтва, вадаём або на тэрыторыю якога-небудзь буйнога прадпрыемства. Людзі ўжо неаднаразова сігналізавалі, што бачылі птушак на дахах прамысловых будынкаў «Магілёўхімвалакно». Няма гарантыі, што, калі востраў будзе знішчаны, яны не паспрабуюць знайсці сабе месца там. І гэта можа прывесці да яшчэ больш непрыемных наступстваў, чым на возеры. Ёсць прыклады, калі кіраўніцтва буйных прадпрыемстваў павінна было ісці на незапланаваныя выдаткі і ўсталёўваць тыя ж гукавыя гарматы, каб распуджваць няпрошаных гасцей. У дадзеным выпадку ўсе сродкі добрыя, акрамя аднаго — знішчэння птушак. Гэта ўжо парушэнне закона, якое прадугледжвае адміністрацыйную або крымінальную адказнасць.

Яшчэ адзін факт, на які звяртаюць увагу спецыялісты. Мы прывыклі скардзіцца на засілле ў горадзе гракоў, галак, а цяпер вось і чаек. Маўляў, лятаюць тут, цягаюць смецце, парушаюць гігіенічна-санітарную бяспеку. Можна, вядома, кінуць усе сілы на барацьбу з птушынымі і нават перамагчы. Але, як кажуць, варона з куста, а пяць на куст. На змену ім прыйдзе яшчэ больш непрыемны вораг — шэры пацук.

Нэлі ЗІГУЛЯ

zigulya@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.