Вы тут

Кветкавыя фантазіі ў Дзятлаве


«Сталіцу» абласных «Дажынак» упрыгожылі аматары «зялёнага будаўніцтва».

На Гродзеншчыне ўжо склалася традыцыя, што райцэнтры, дзе праходзяць абласныя «Дажынкі», упрыгожваюцца кветкавымі кампазіцыямі. Аб гэтым клапоцяцца работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якія ладзяць конкурс прафесійнага майстэрства работнікаў «зялёнага будаўніцтва». Сёлета конкурс «Кветкавыя фарбы» адбыўся ў Дзятлаве, дзе неўзабаве будуць ушаноўваць аграрнікаў Прынямоння.

17-37

— З кожным годам гэты конкурс набірае абароты, а яго ўдзельнікі не перастаюць здзіўляць сваім майстэрствам і фантазіяй, — кажа начальнік аддзела водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі і добраўпарадкавання ўпраўлення ЖКГ Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір ЛЯВОНЕНКА.

У конкурсе ўдзельнічаюць усе раённыя прадпрыемствы ЖКГ, прычым гэта не нейкая «абавязалаўка», а творчае спаборніцтва, дзе кожны стараецца здзівіць нейкай «фішкай» — не толькі журы, але, галоўнае, мясцовых жыхароў і гасцей горада.

Сёлета ў Дзятлаве канкурсанты спачатку прайшлі праверку тэарэтычных ведаў па «зялёным будаўніцтве» (пасадка, догляд раслін і г.д.), а затым раз'ехаліся па розных вуліцах райцэнтра, дзе ім для кветкавых «фантазій» прадаставілі ўчасткі плошчай ад 10 да 30 квадратных метраў.

— Прычым некаторыя месцы нават спецыяльна заказваюцца ўдзельнікамі конкурсу згодна з ідэяй іх кампазіцыі, — кажа вядучы спецыяліст Гродзенскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў Юлія КАХНОВІЧ.

Ажыццявіць сваю ідэю кожная каманда павінна была не больш чым за тры гадзіны. Пры гэтым журы ацэньвала не толькі змест кампазіцыі, але і выкананне тэхналогіі пасадкі кветак, патрабаванняў да аховы працы і спецадзення. Пераможцаў узнагародзілі грашовымі прэміямі і памятнымі прызамі.

«Гродназелянбуд» (пераможца конкурсу ў першай групе — сярод буйных прадпрыемстваў) мовай кветак уславіў спорт і алімпійскі рух. Кампазіцыю Дзятлаўскага прадпрыемства ЖКГ («кветкавыя» гномы з сістэмай кропельнага паліву раслін) адзначылі за арыгінальнасць ідэі, лідчан — за найлепшы асартымент расады. Ашмянцы ўпрыгожылі пляцоўку каля ЗАГСа кветкамі з галубамі (на фота), воранаўцы зрабілі ў парку казачную клумбу з Бурацінам і Бабай Ягой. Мастаўчане (пераможцы ў другой групе) выкарысталі ў сваёй кампазіцыі еўрападдоны, на клумбе смаргонцаў «пасяліўся» мядзведзь, а слонімцы размясцілі на ёй раяль.

Дарэчы, удзельнікам конкурсу трэба было не толькі прыдумаць і выканаць кветкавую кампазіцыю, але і цікава яе прэзентаваць.

Конкурс у Дзятлаве закончыўся, аднак колькі яшчэ кветкавых фантазій наперадзе! Пэўна, ужо ёсць ідэі і на наступны год. А тое, што зроблена ў гарадах раней, падтрымліваюць у парадку мясцовыя камунальнікі. Многія кампазіцыі сталі ўжо тутэйшымі «фішкамі», дзе любяць адпачываць і фатаграфавацца сем'ямі.

Барыс ПРАКОПЧЫК

prakopchik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.