Вы тут

Купалаўскі Star


Гарэзлівы, жвавы, кемлівы — у свае 95.

Калі шчыра, ну не дасі столькі. Ніяк. Асабліва цяпер — падцягнуты, з фасада наогул свеціцца, загрыміраваўся пад маладзенькага. А вось унутры не загрыміруеш: душу, талент, імпэт — што ёсць, тое ёсць і навідавоку. У тэатраў жа, як у людзей: як бы і з чаго яны ні пачыналіся, важна тое, што ўяўляе з сябе іх справа, які ў ёй сэнс.

17-35

І вось тут пачынаецца дзіва. Можна аднойчы купіць квіток у распаўсюджвальніка, чыста па размове разумеючы, што для цябе ў гэтай краіне ёсць тэатры, можа, больш зразумелыя, але, калі ўсё ж прыйшоў у Купалаўскі, многія пытанні адразу здымаюцца, яны застаюцца за дзвярыма. Купалаўскі зразумелы заўсёды і ўсім, няма пытанняў, чаму ён такі, пра што гаворыць. І няма іншага выйсця, чым самому ў сваім сэрцы шукаць з ім паразумення. Наталля Качанава, віцэ-прэм'ер урада Беларусі, напрыклад, падкрэсліла: «Купалаўскі тэатр, несумненна, найвялікшы здабытак нашай нацыянальнай культуры. Сёння ўсе словы віншавання — у адрас калектыву». Яна іх сказала за сябе і... не толькі за сябе, зачытаўшы віншаванне Прэзідэнта. А гэта фактычна — за ўсю краіну. І шукала з ім паразумення для сябе як звычайны глядач, які проста прыйшоў у тэатр прыемна правесці час, таму што ў юбілейны вечар тут усё было па-свойску: тэмы, словы, спевы. Феерыя талентаў. Славуты «купалаўскі» капуснік, дзе тэатр — больш, чым тэатр. Ён фактычна асобны свет, дзе няма нічога немагчымага.

Вось уявіце толькі сабе Марлен Дзітрых у ролі «Паўлінкі» — як бы загучалі словы Купалы з лёгкім акцэнтам? Ці падумайце толькі: якім потам здабываюцца на тэатральным фронце «крапавыя жабо» за добрасумленную службу. А масоўка — гарачая кропка тэатра, дзе прапаў без вестак не адзін чалавек. Яна ледзь не ўзяла верх гэтым вечарам над «рэжысёрскім дыктатам». Тут працуюць мужныя хлопцы, якія ўмеюць рабіць «пліе» і маюць свой прафесійны выбар: «трагік» ці «комік». Тут не важны агульны танаж трупы і нацыянальнае пакуль не саступае рацыянальнаму. Таму што і без суровых горцаў ведаюць, як смачна прыгатаваць гарачых артыстаў: яны самі па сабе ўсе тут гарачыя, «купалаўцы» яшчэ і іншых запаліць умеюць. Мужнасць і адданасць гэтых людзей справе даказана за дзесяцігоддзі: пакаленні на сцэне мяняліся, а дух «купалаўскі» прымаўся нашчадкамі.

Узгадалі былое. Без залішніх сантыментаў. Але была магчымасць (уявіце сабе!) пабачыць на сцэне Стэфанію Станюту, Галіну Макараву, Лілію Давідовіч, Паўла Кармуніна і іншых. Ім (на экране) дапамагалі партнёры па сцэне — народныя артысты Беларусі Генадзь Аўсяннікаў і Генадзь Гарбук. Сыгралі ў дуэце Галіна Талкачова і Аўгуст Мілаванаў. Усіх, хто служыў у тэатры, узгадалі — старыя фотакарткі стужкай (нібыта кіно) прайшлі перад вачыма.

Тут не бывае былых. І ніхто не чужы, нават той, хто прыходзіць у гэты тэатр упершыню, і той, хто думае, што яго не разумее. Проста вам пакажуць, што гэта насамрэч не так. Перад урачыстым вечарам раздавалі навушнікі для сінхроннага перакладу. Тэхніка ў дапамогу: сёння французская п'еса іграецца. П'еса і сапраўды французская — «Сфінкс». Ігралі невыпадкова: гэта быў першы спектакль, пастаўлены ў Мінску ў будынку гарадскога тэатра, які з'явіўся за гады кіраўніцтва гарадскога галавы Караля Чапскага. П'есу, якая мае адносіны да гісторыі айчыннага тэатра, знайшлі ў архівах Санкт-Пецярбурга. І вось у тым жа тэатры (будынку) зноў «Сфінкс». Не толькі назва таямнічая. Таямнічасць была ў навушніках. Адкуль у твой розум стала загружацца размова герояў па-беларуску. І мінула колькі хвілін, перш чым прыйшло разуменне: іграюць па-руску. Але ж гэта — Купалаўскі. Ён такі. З чым і можна павіншаваць усю нашу краіну. І маліцца за яе разам з ім, вымаўляючы пад музыку Уладзіміра Кур'яна словы Янкі Купалы.

Ларыса ЦІМОШЫК

tsimoshyk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.