Вы тут

«Пякучае» адзенне,


або Чай, што расце пад нагамі.

Карэспандэнт «Сямейнай газеты» паспрабаваў зрабіць з крапівы карысны для здароўя сувенір, а таксама збіраць, апрацоўваць і заварваць скрыпень. Гэтаму яго навучылі жанчыны з вёскі Гара Віцебскага раёна, якія жывуць у гармоніі з прыродай, вырошчваюць экалагічна чыстую прадукцыю і адраджаюць традыцыі продкаў.

[caption id="attachment_101180" align="alignnone" width="600"]12_1 Ка­ця­ры­на Кух­то ву­чыць жур­на­ліс­та.[/caption]

Крапіўная медытацыя

— Ва ўсім свеце расце каля 50 відаў крапівы. У нас найбольш распаўсюджаныя пякучая і двухдомная. Апошняя — лекавая. Лепш за ўсё пачынаць збіраць крапіву ў сухое надвор'е ў другой палове дня. І не варта «накідвацца» на яе пры зборы. Трэба «наладзіць з ёй дыялог», як з жывой істотай. Зразумейце, што яна, калючая, людзям на карысць... Дарэчы, у крапівы ёсць сваё свята: 26 чэрвеня — «крапіўны Спас». Збіраць яе можна... да канца снежня. Не здзіўляйцеся, расліна нават у вялікія маразы пад снегам захоўвае свае карысныя якасці. Неяк знаёмыя расказалі пра тое, што можна рабіць з крапівы. Вось я і пачала шукаць інфармацыю ў кнігах, інтэрнэце. Метадам спроб і памылак шмат чаму навучылася, — распавядае Кацярына Кухто, якая і правяла для мяне «крапіўны» майстар-клас. — Зараз будзем з вамі вучыцца «здабываць» крапіўнае валакно са сцябла.

Спачатку мы білі сцябло драўляным малатком, пакрысе надломвалі. Потым трэба было акуратна размяць «скуру», ці, іншымі словамі, «патрапаць». А яшчэ церлі ўжо апрацаваную крапіву, каб дастаць валакно...

— А калі шмат трэба апрацаваць крапівы, выкарыстоўваецца вось такі «апарат» — мяліца (церніца). А яшчэ лепш прымяняць мялкі. Ды не хвалюйцеся вы так. Атрымлівайце асалоду ад працэсу. Дарэчы, многія адзначалі, што апрацоўка крапівы нагадвае сеанс медытацыі. І нават калі стамляліся, праз некалькі гадзін атрымлівалі вельмі добры станоўчы зарад энергіі, — вучыць мяне майстрыха.

Урэшце я здолеў зрабіць кароткую нітачку-абярэг, якую Кацярына завязала мне на руку. «Крапіўніца» сказала, што такі «сувенір» абараняе ад сурокаў, надае ўпэўненасці ў натоўпе...

— У мяне таксама ўсё пачыналася з такой нітачкі. Зрабіла, кулон павесіла на яе і хадзіла. Эфект выдатны. Цікавая ўласцівасць яшчэ ў крапівы — спрыяе гарманізацыі. Простай мовай — становішся дабрэйшым літаральна праз дзень-два. На сабе правярала: калі негатыўныя і стрэсавыя сітуацыі, спакойна рэагуеш, — прызналася яна.

Маладая крапіва выкарыстоўваецца ў салатах і супах, з сушанай заварваецца гарбатка. У ёй шмат вітаміну С, арганічных кіслот, кераціну. Лекавая крапіва дапамагае пры страўнікава-кішачных захворваннях. Свежай раслінай карысна... караць дзяцей ды і дарослых. Гэта агульнаўмацавальная, лячэбная і прафілактычная працэдура. Крапіва валодае антысептычным, антыгрыбковым уздзеяннем. Чахол для мабільніка з «пякучкі» гарантуе мінімальнае негатыўнае ўздзеянне на чалавека. Вусцілкі прыдадуць адчуванне лёгкасці нават падчас доўгіх паходаў. З расліны робяць і зубны парашок, шампунь, мыла, венікі для лазні. Можна з яе таксама вязаць шкарпэткі, шыць кашулі, нават валёнкі рабіць. Што тычыцца кошту такіх вырабаў... Кацярына ў Маскве бачыла крапіўную кашулю за 1000 долараў. Зразумела, у нас такое наўрад ці купіць чалавек з сярэднім дастаткам. Мая «настаўніца» заверыла, што эксклюзіўныя рэчы ўласнай вытворчасці будзе ацэньваць па як мага больш прывабнай цане. Хаця, як вы самі зразумелі, трэба папацець, каб толькі валакно здабыць...

12_2

Эх, скрыпнем!

— Скрыпень пілі нашы продкі, пакуль не з'явіліся замежныя канкурэнты. А калі задумацца, пагадзіцеся, навошта нам кітайскія ды індыйскія чаі? Калі свой расце пад нагамі! Дарэчы, скрыпень калісьці экспартаваўся. Паколькі еўрапейцы называлі жыхароў Расійскай імперыі Іванамі, адтуль і руская назва гэтай цудоўнай гарбаты — іван-чай, — раскрыла таямніцы Алёна Хлапцова, з якой мы і пайшлі збіраць скрыпень.

Гэтая расліна з кветкамі фіялетава-ружовага колеру любіць месцы, дзе раней былі будынкі, на ярах. Дарэчы, многія думаюць, што трэба збіраць кветкі. А насамрэч — лісцікі!

— Калі бачым, што кветкі толькі пачынаюць распускацца, можна пачынаць збор. Трымаем сцябло і лёгка абдзіраем лісцікі. Затым іх трэба падвяліць гадзіну-дзве. І не на сонцы, а ў цені. Бо ад сонца яны страцяць усе карысныя рэчывы. Пасля гэтага пачынаем ферментаваць. Ёсць два варыянты. Кладзяце лісце ў керамічную пасудзіну вялікай ёмістасці і прыкладна 40 хвілін іх камечыце. Пакуль сок не пачне выдзяляцца. Другі — «жаночы» варыянт: круціць лісце праз мясарубку. Ёмістасць шчыльна закрываем, каб не было доступу паветра. У выніку атрымліваецца, што расліна «стаіць у сваім соку». На працягу ад 1 да 3 сутак адбываецца ферментацыя. І пры гэтым абавязкова (!) трэба ўлавіць момант, каб працэс не перайшоў у стан закісання прадукту. Гэта значыць, ад яго не павінен ісці кіслы пах. Я спачатку пару разоў прапусціла той момант, і прадукт быў сапсаваны. Так, трэба ўсё рабіць інтуітыўна. Але ў першую чаргу арыентавацца па паху. Павінен быць фруктовы водар, — тлумачыць нюансы мая настаўніца. — Вы што, нельга заліваць гарбату кіпнем! — здзіўляецца, што я не ўмею запарваць гарбату, Алена. — Выключна халоднай вадой. І награваць да прыкладна 50 градусаў. Як вызначыць? Трэба дакрануцца да чайніка. Калі яшчэ можаце трымаць руку, тады рана выключаць агонь. А калі горача, смела выключайце і пакіньце хвілін на 10 або 15. Толькі тады трава і аддасць усе свае карысныя рэчывы,

Скрыпень практычна не мае супрацьпаказанняў. Піць можна нават немаўлятам. Ён нармалізуе сон, добра здымае галоўны боль. Карысны для падтрымання імунітэту, для прафілактыкі герпесу. Надае сіл, пры гэтым супакойвае. Яго раяць піць пры захворваннях крыві, атручэннях, эпілепсіі...

На сезон сям'і з трох чалавек хопіць трохлітровага слоіка ферментаванай гарбаты. У Гары за 50 грамаў просяць 50 тысяч рублёў.

На развітанне суразмоўца пачаставала незвычайным кактэйлем. У скрыпень і іншыя зёлкі трэба ўліць крыху вады. Потым узбіць міксерам да густога стану. Пасля гэтага дадаць мёду або розных ягад, можна банан. У выніку атрымліваецца смаката. Можна дасягнуць кансістэнцыя ёгурту, калі больш дабавіць вады — кактэйлю.

Р.S. Дарэчы, крапіўная нітачка зрабіла маленькі цуд: аблегчыла боль падчас абвастрэння захворвання.

Цікавыя факты пра крапіву

* Адзенне з крапівы людзі робяць ужо больш за 6 тысяч гадоў.

* Крапіўная пража мякчэйшая, чым льняная. У спёку ў крапіўным адзенні адчуваеш сябе камфортна, а ўзімку ў ім цяплей.

* У форме напалеонаўскіх і іншых армій былі і крапіўныя атрыбуты.

* Калі італьянскі дом моды прадставіў крапіўную калекцыю адзення — джынсы і курткі — поспех быў фантастычным.

* Падвойная крапіўная нітка вытрымлівае да 9 кілаграмаў статычнай нагрузкі.

* У казцы Андэрсена крапіўныя кашулі-кальчугі вярнулі братам-лебедзям чалавечае аблічча.

* Штогод у вёсцы Крапіўна, дзе знаходзіцца сядзіба Льва Талстога, праводзіцца міжнародны фестываль крапівы. Апошняя — афіцыйны сімвал былога горада. Яе галінкі намаляваны на гербе, зацверджаным у 1778 годзе.

Цікавыя факты пра скрыпень

* Да рэвалюцыі ў Англію «іван-чай» пастаўлялі легальна. А ў Францыю і Германію, дзе клапаціліся за манаполію, яго прывозілі кантрабандысты.

* Скрыпень яшчэ называюць капорскім чаем у гонар назвы вёскі пад Санкт-Пецярбургам. Гісторык Аляксандр Сярогін пісаў, што фашысты ў час Вялікай Айчыннай літаральна знеслі гэты населены пункт. Знішчылі палі са скрыпенем, разбурылі ўсе лабараторыі. Забілі ўсіх, хто займаўся ім. А ўсё таму, што скрыпень пастаўляўся чырвонаармейцам.

* Гарбата не змяшчае кафеіну — «легальнага віду наркотыку».

* У ёй амаль 2/3 элементаў табліцы Мендзялеева.

* Знахары прымяняюць скрыпень як сродак для прафілактыкі і лячэння алкагалізму.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

рukshаnskі@zvіаzdа.bу

Віцебскі раён — Віцебск

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.