Вы тут

«Толькі не бойся...»


Парады бабулі сваёй нованароджанай унучцы.

Калі б я магла напісаць гэты ліст раней для тваёй мамы, было б выдатна. Але тады мне споўнілася дваццаць пяць, і ні пра што такое я не задумвалася. Затое мела кучу іншых клопатаў: трэба было з раніцы накарміць дачку, адвезці яе ў садок, потым бегчы на лекцыі, а ўвечары яшчэ прыбраць дом і прыгатаваць вячэру. Твой дзед працаваў уночы, і не было каму мяне падмяніць, калі твая мама (а яна часта хварэла) плакала да самай раніцы. Ды і не ў адсутнасці часу справа. У дваццаць пяць ты можаш падзяліцца хіба што навыкамі прыгатавання яечні. Зрэшты, я не ўпэўнена, што ў мае гады я ведаю пра жыццё больш, чым тады. Але ўсё ж я твая бабуля, у нас (хочаш ты ці не) шмат агульнага, і я мару, каб ты была шчаслівая.

17-12

Не бойся падаць

З ровара, з арэляў, з канькоў і нават на роўным месцы. Будзе балюча (часам моцна), але затое ты навучышся быць спрытнай, хуткай і падымацца нават тады, калі хочацца плакаць.

Не бойся казаць тое, што думаеш

Ты не абавязана маўчаць, калі табе штосьці не падабаецца ці ты з нечым нязгодная. Не ўтойвай сваё меркаванне ні дзеля «сяброўства», ні дзеля «кахання». Не траць словы на тых, хто іх не чуе. Калі цябе не чуюць ці не хочуць чуць, то нашто такія адносіны?

Не бойся прызнаваць свае памылкі і прасіць прабачэння

Толькі вельмі моцныя дзяўчаткі ўмеюць гэта. А ты ж вырасцеш менавіта такой. Невыносна цяжка сказаць: «Прабач, я не мела рацыі. Як я магу гэта выправіць?» Але калі ты гэтаму навучышся, ніхто не зможа цябе перамагчы.

Не бойся атрымаць нізкую адзнаку

Не толькі ў школе. Двойка — гэта не так ужо і дрэнна. Затое ты даведаешся, дзе твае слабыя месцы і над чым варта папрацаваць. І памятай, што дрэнная адзнака не значыць, што дрэнная ты. Гэта ўсяго толькі матывацыя да дзеяння.

Не бойся прайграваць

Пройгрыш — як падзенне. Чым больш балюча, тым лепей. Калі ты прайграла (у алімпіядзе па біялогіі або ў барацьбе за самага прыгожага хлопчыка ў класе), гэта моцна павялічыла твае шанцы выйграць у наступны раз. Недарэмна ж кажуць, што людзі вучыцца на сваіх памылках.

Не бойся закахацца

Гэта ўсё роўна аднойчы адбудзецца — так мы зроблены. Так што перастань супраціўляцца і радуйся таму, што нарэшце вырасла.

Не бойся сказаць яму пра гэта

Што ты губляеш? Калі ён да цябе абыякавы, ты перастанеш пра яго думаць і знойдзеш таго, хто адкажа на твае пачуцці. А калі ўсё ж такі закаханы? Падумай сама. А мо ён таксама баіцца, што ты скажаш «не»? Тыя ж, хто гаворыць пра «жаночы гонар», проста табе зайздросцяць.

Не бойся першага пацалунка

Павер бабулі, гэта цудоўна! А калі ты раптам хвалюешся, што не ўмееш цалавацца і будзеш выглядаць, «як дурнічка», то ты і ёсць дурнічка. Усе жанчыны выдатна цалуюцца. Пацалункі ў нас у генах.

Не бойся першага сексу

Толькі, калі ласка, няхай гэта адбудзецца з тым, каго кахаеш. І памятай пра магчымыя наступствы.

Не бойся не выйсці замуж

Нават у мой час адсутнасць мужа не лічылася чымсьці жахлівым. Так што, калі ты падрасцеш, нікому не будзе справы да таго, ёсць у цябе на пальцы заручальны пярсцёнак ці не. А яшчэ я заўважыла, што мае незамужнія сяброўкі жылі і жывуць не горш, чым я, а часам нават цікавей і весялей (не ўздумай сказаць пра гэта дзядулю).

Не бойся выйсці замуж

Чужынец на тваёй тэрыторыі — яшчэ той жах. Таму пастарайся сустрэць «свайго» чалавека, і тады ўсё атрымаецца, і нават незакручаны ім цюбік зубной пасты і раскіданыя па ўсёй кватэры шкарпэткі не будуць раздражняць.

Не бойся нараджаць

Хлусіць не буду, гэта балюча. Але гэта і самае цудоўнае, што можа быць у жыцці любой жанчыны.

Не бойся разводу

У жыцці ўсякае здараецца. Галоўнае — не закрывацца ў сабе. Развод — гэта не канец жыцця. Гэта пачатак чагосьці новага і, хутчэй за ўсё, больш цікавага.

Не бойся быць моцнай

Магчыма, табе будуць казаць, што жанчына павінна быць (або прыкідвацца) слабай. Дык вось паслухай бабулю — не слухай нікога. Жанчыны нікому нічога не павінны. І толькі з такімі жанчынамі бываюць самыя моцныя і самыя лепшыя мужчыны.

Не бойся спрабаваць новае

І ўсё роўна, колькі табе гадоў і што пра цябе скажуць людзі. Бяры ад жыцця ўсё, што яно прапаноўвае. І ўсё роўна, наколькі вар'яцкім выглядае збоку тваё жаданне. Напрыклад, калі ў пяцьдзясят табе прыйдзе ў галаву купіць сабе матаролер — не стрымлівайся. Некаторыя бабулі так і зрабілі.

Не бойся быць дзіўнай

Я ж не баюся!

Не бойся старэць

Гэта не страшна, хоць трохі дзіўна. Але затое пачынаеш больш шанаваць жыццё (ну, прабач, што я банальная), мацней любіць і шкадаваць блізкіх і пісаць вялізныя лісты ўнукам.

Не бойся страчваць блізкіх

Я доўга сумнявалася, ці варта табе гэта пісаць. Але мы ж з табой ведаем, што страты і растанні непазбежныя. Таму любі сваіх блізкіх, пакуль яны побач, так моцна, як толькі зможаш. Людзі сыходзяць — але любоў не знікае

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.