Вы тут

«Любімы» і «горыч» бацькоў Грыгар'янаў


Як змагацца са стэрэатыпамі ў сабе, блізкіх і грамадстве.

Аляксандр і Таццяна Грыгар'яны ўсынавілі ці, як яны кажуць, адаптавалі двух дзяцей — хлопчыка і дзяўчынку. Іх гісторыя — не адзіны ў краіне прыклад. Але яны расказваюць яе без таго флёру шкадавання, дабрадзейнасці і слязлівасці, якімі звычайна прасякнуты такія аповеды. Расказваюць шчыра, як яно насамрэч ёсць. А ёсць цяжкасці, маральная і фізічная праца, якую часам немагчыма цягнуць. Але, галоўнае, ёсць воля і розум, якія нараджаюць дзеянне, а дзеянне нараджае любоў. Бо «любіць», як падкрэсліваюць Аляксандр і Таццяна, гэта дзеяслоў. Толькі калі працуеш над пачуццямі, яны прыходзяць. Сапраўдныя. Шчырыя. Трывалыя. І гэта — шчасце.

17-15

«Многія прадаюць маёмасць, робяць ЭКА — і безвынікова»

— Калі мы пазнаёміліся, ведалі аб верагоднасці таго, што сваіх дзяцей у нас можа не быць. Але нас гэта не спужала, — гаворыць Аляксандр Грыгар'ян.

— Спачатку, як усе, пайшлі да доктара, — уключаецца ў размову Таццяна. — Але гэта патрабуе столькі грошай і часу, што ўвесь мой гадавы заробак ва ўніверсітэце (Таццяна выкладае замежныя мовы. — Аўт.) ішоў на лекі і аналізы. Тыя прэпараты, якія я прымала, зрабілі толькі горш і прывялі да дадатковых хвароб.

Наступным этапам сталі думкі аб ЭКА. Аднак гэтая працэдура таксама вымагае немалых грошай, часу і не найлепшым чынам уплывае на здароўе.

— Ніхто аб гэтым не гаворыць, а атрымліваецца, як у казіно: мне патрэбна маё дзіця, біялагічнае, — заўважае Таццяна. — Мы знаёміліся з людзьмі, многія з іх прадаюць кватэры, дачы, машыны, іншую маёмасць, бяруць крэдыты, робяць па 5, 6, 7 спроб — і безвынікова.

У Грыгар'янаў не было такіх сродкаў, ды і рызыкаваць здароўем больш не хацелі. Да таго ж касцёл — Аляксандр і Таццяна каталікі — не ўхваляе гэтую працэдуру. Таму сышліся на ўсынаўленні.

— У грамадстве няма станоўчага погляду на гэтую тэму, — мяркуе Аляксандр. — Многія лічаць, што прыёмныя бацькі зарабляюць на дзецях грошы. Але нам першы раз нават сорамна было запытацца пра нейкія выплаты, якія нам належалі.

[caption id="attachment_101214" align="alignnone" width="600"]Хо­чац­ца ве­рыць, што да­лей­шы шлях Ма­ры­ям бу­дзе со­неч­ным. Хо­чац­ца ве­рыць, што да­лей­шы шлях Ма­ры­ям бу­дзе со­неч­ным.[/caption]

«Першых абдымкаў ад сына чакалі паўтара года»

У жніўні ўжо мінула тры гады з таго дня, калі ў сям'і з'явіўся першынец Давід. У біялагічнай маці ён быў трэцім, і яна адразу адмовілася ад яго, як і ад двух папярэдніх дзяцей. Грыгар'яны ўзялі хлопчыка дзевяцімесячным, і ўжо ў той час ён быў вельмі развіты фізічна — даюць аб сабе знаць афрыканскія карані дзіцяці. Усынавіць мулата было свядомым жаданнем Таццяны. Яна ведала, што такія дзеці яшчэ і вельмі музыкальныя. Сапраўды, Давід пачаў спяваць раней, чым гаварыць. Бацькі мяркуюць, што ён знойдзе сябе ў спорце і ў музыцы.

Родная маці прыёмнай дачкі Грыгар'янаў, Марыям, думала, адмаўляцца ад яе ці не. Дзяўчынка пры нараджэнні важыла менш за два кілаграмы і першыя дні свайго жыцця правяла ў рэанімацыі і каранцінных палатах. З вялізным спісам хвароб — выжыла. Але засталася без бацькоўскага клопату. Да таго, як у шасцімесячным узросце трапіць у сям'ю Грыгар'янаў, змяніла пяць устаноў. Дактары, гледзячы на не па ўзросце маленькую Марыям, уздыхалі: хадзіць яна не зможа. Цяпер дзяўчынцы 1 год і 3 месяцы, і яна ўжо бегае, а першыя крокі пачала рабіць нават раней за «сямейных» дзяцей.

Брат і сястра абсалютна розныя па характарах. Давід добра спаў па начах і спачатку быў вельмі самастойным. Затое ўдзень хлопчык гіперактыўны. Марыям першыя тры месяцы ў сям'і амаль не спала і кепска ела. Цяпер гэтая шчырая і адкрытая дзяўчынка без страху ідзе да людзей, усміхаецца. Яе брат таксама ўсмешлівы, але яго давер трэба заслужыць. Аляксандр кажа, што першых абдымкаў ад сына яны дачакаліся толькі праз паўтара года.

— Спачатку мы сябе ўяўлялі такімі добрымі хрысціянамі з велізарнай душой, што возьмем дзіця і будзем яго любіць, а яно будзе любіць нас у адказ і ў нас настане ідылія, — успамінаюць бацькі. — Вядома ж, так не атрымалася. І дзякуй Богу, што ёсць курсы падрыхтоўкі да адаптавання. Там распавядаюць, што гэта за дзеці, што яны перажылі, а галоўнае, даюць зразумець: ідэальнай карцінкі не будзе. Гэта будзе цяжка, і не праз дрэнныя гены. А таму, што мы самі робім з гэтымі дзецьмі. Выкідваем іх з грамадства, а потым здзіўляемся, чаму яны не могуць у ім жыць.

Калі мы прыязджаем у дзіцячы дом, бяром цукеркі, цацкі, падарункі, клоўнаў, бенгальскія агеньчыкі і робім там свята. І як растуць гэтыя дзеці? Яны не бачаць, як гатуецца ежа. Не прыбіраюць, не ведаюць, што такое грошы, адкуль яны бяруцца і як іх размяркоўваюць. Да 18 гадоў ім даюць усё найлепшае, а пасля гавораць: «Ну ўсё, жывіце». А як ім жыць? Яны ведаюць, што ўсе ім павінны, бо заўжды так было. А насамрэч у дарослым жыцці ім ніхто нічога не павінен.

Фото1

[caption id="attachment_101326" align="alignnone" width="600"]Маленькая Ма­ры­ям вельмі зацікавілася дыктафонам і асадкай. Можа, будучы журналіст? Маленькая Ма­ры­ям вельмі зацікавілася дыктафонам і асадкай. Можа, будучы журналіст?[/caption]

«Думка пра ўсынаўленне нікому не прыходзіць»

Пахадзіўшы на курсы, прачытаўшы стос літаратуры, паглядзеўшы шмат фільмаў на тэму ўсынаўлення, Аляксандр і Таццяна вывучылі яе ўздоўж і ўпоперак. Яны былі гатовы да любых не самых добрых паводзін дзяцей у новай сям'і, бо ведалі іх магчымыя прычыны.

— Адзінае, да чаго я не быў гатовы, гэта выбар, — прызнаецца Аляксандр.

— Мы чакалі, што недзе ў сэрцы ёкне, што гэта наша дзіця, а яно не ёкае! — дадае Таццяна. — Калі ты прывозіш малое дадому, ты яго яшчэ не любіш, яно чужое. Але курсы дапамагаюць зразумець, чаму так. І нам спатрэбілася паўтара года, каб прыняць і палюбіць Давіда цалкам, як свайго. Гэта адбывалася паступова, самымі цяжкімі былі першыя паўгода.

— Цяпер я ўжо не падзяляю «мой — не мой». Мой! І гэта вялікая радасць, усе гэтыя пачуцці, калі дзеці пачынаюць размаўляць, штосьці рабіць...

— Яны раскрываюцца пакрысе, як кветкі, — падтрымлівае мужа Таццяна.

На пытанне, што дапамагло зрабіць выбар і па-сапраўднаму палюбіць, бацькі ў адзін голас адказваюць: «Розум і воля». Але асабліва цяжка прыняць прыёмных дзяцей было блізкім Таццяны і Аляксандра.

Яшчэ адна праблема — непадрыхтаванае грамадства. Пакуль у нас не вельмі прынята гаварыць пра дзяцей, якіх усынавілі. Нават калі людзі даведваюцца, што Давід прыёмны, яны ўсё адно стараюцца знайсці ў ім падабенства з татам Аляксандрам, маўляў, у абодвух цёмная скура, вочы, валасы, нягледзячы на абсалютна розныя тыпажы.

— Мы адпачывалі з Давідам у Егіпце, да нас падыходзілі немцы і спакойна казалі: «О, вы ўсынавілі дзіця, супер!» Для іх гэта нармальна. А нашы людзі пачынаюць шукаць нешта: можа, з часоў Алімпіяды ў родзе з'явіліся цемнаскурыя ці жонка здрадзіла. Усё што заўгодна, але думка пра ўсынаўленне нікому не прыходзіць.

Часам людзі саромеюцца ўсынаўлення, бо няздольнасць мець сваіх дзяцей расцэньваецца грамадствам як «невыкананне плана», паводле якога чалавек мусіць скончыць школу, ВНУ, пабрацца шлюбам, нарадзіць дзяцей, пабудаваць кар'еру.

— На падрыхтоўчых курсах усім парам было калі не за 40, то за 35. Толькі ў гэтым узросце людзі дазваляюць сабе не саромецца бясплоднасці.

 

[caption id="attachment_101213" align="alignnone" width="600"]Та­та ідзе клас­ці да­чуш­ку спаць. Та­та ідзе клас­ці да­чуш­ку спаць.[/caption]

«Мы ўдзячны маці, якія не забіваюць сваіх дзяцей»

Па словах сужэнцаў, з кожным днём яны любяць дзетак усё больш, але гэта —вялізная праца над сабой. Яны заўсёды ведалі, што любоў абавязкова прыйдзе, трэба проста пачакаць, знайсці падыход. І дазволіць сабе перажыць тыя, не заўсёды пазітыўныя, пачуцці, якія ёсць напачатку, бо гэта натуральна. Адзінае, пра што крыху шкадуюць Таццяна з Аляксандрам, — гэта тое, што не ўзялі дзяцей раней, калі яшчэ не настолькі зрасліся з працай, і што так доўга марудзілі з усынаўленнем Давіда, пакуль хлопчык пакутаваў адзін у доме дзіцяці. Магчыма, яны не ідэальныя бацькі. Але ў сям'і Давіду і Марыям лепей, чым было б у дзіцячым доме. За час адаптавання ў хлопчыка вылечылі хранічны абструктыўны бранхіт, ад якога ён пакутаваў ужо ў 9 месяцаў, у яго зводнай сястрычкі знік рахіт, адраслі валасы, сталі расці зубы і ўдвая павялічылася вага.

Маці, якія адмаўляюцца ад дзяцей пасля нараджэння, Грыгар'яны не асуджаюць. У іх на гэта свой погляд.

— На свеце немагчыма толькі адно: вярнуць жыццё. Цяпер вельмі лёгка зрабіць аборт, і ў нашым грамадстве гэта норма. Але ў нас заканадаўча пакуль што не так проста захаваць непажаданую цяжарнасць, каб потым аддаць гэтае дзіця ў добрую сям'ю. Таму мы ўдзячны тым маці, якія не забіваюць сваіх дзяцей, а пакідаюць ім магчымасць трапіць у сям'ю.

***

Усяго пару месяцаў таму Грыгар'яны змянілі гарадскую кватэру на дом у прыгарадзе. Пераехалі дзеля дзяцей: ім вельмі патрэбна свежае паветра і добрая натуральная ежа. І гэта — не проста прыгожыя словы. У бацькоў няма пазёрства і паказнога клопату пра малых. Але дачушку іначай як Мар'яша, «прынцэса» і «прыгажуня» не называюць. І за сына, як прызнаўся Аляксандр, гатовы стаяць як за свайго. Зрэшты, хто для каго ў гэтай сям'і з'яўляецца абаронцамі і настаўнікамі, яшчэ трэба падумаць. Бо дзякуючы дзецям Аляксандр і Таццяна знайшлі ў сабе волю, мудрасць, памножылі любоў. І дзецям недарэмна далі біблейскія імёны. У перакладзе са старажытнаяўрэйскай Давід значыць «любімы», Марыям — «горыч». Усё гэта спазнала сям'я Грыгар'янаў. І цяпер, шляхам любові, яна ідзе да выратавання. Бо цар Ізраіля Давід — прабацька, а Марыям — Марыя — Маці Хрыста.

Дзіяна СЕРАДЗЮК

sеrаdzуuk@zvіаzdа.bу

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.