Вы тут

Скачкі пад купалам


У найбліжэйшыя выхадныя пройдзе адкрыты чэмпіянат Беларусі па фрыстайле.

У спаборніцтвах прымуць удзел 40 спартсменаў, акрамя прадстаўнікоў нашай краіны, у Мінску выступяць фрыстайлісты з Швейцарыі, Украіны, Расіі і Казахстана.

18-24

Гэта першы міжнародны турнір па скачках на лыжах у ваду, які прыме новы спартыўна-аздараўленчы комплекс «Фрыстайл» у Мінску. Правядзенне турніру ўкладзецца ў два дні: у суботу, 19 верасня, пройдуць трэніроўкі, а ў нядзелю, 20 верасня, самі спаборніцтвы. Наведаць мерапрыемствы можна ў любы з гэтых дзён, квіткі ўжо паступілі ў продаж, але іх колькасць не такая вялікая — усяго 500 штук, таму арганізатары заклікаюць ахвотных наведаць чэмпіянат паклапаціцца загадзя.

Акрамя спаборніцтваў, у нядзелю адбудзецца цырымонія ўшанавання выдатных беларускіх фрыстайлістаў, якія афіцыйна завяршаюць свае выступленні за нацыянальную зборную Беларусі: гэта алімпійскі чэмпіён Аляксей Грышын і прызёр Гульняў Дзмітрый Дашчынскі.

Яшчэ нядаўна хадзілі размовы пра тэхнічныя праблемы трампліна ў комплексе «Фрыстайл». Адзначым, што на сёння яны цалкам ліквідаваны, пра гэта паведаміў першы намеснік міністра спорту і турызму краіны Аляксандр Гагіеў.

— Так, сапраўды былі пралікі, таму што аб'ект унікальны, аналагаў у свеце яму пакуль няма. На сённяшні дзень усе недахопы, што тычацца трампліна, ліквідаваны, нараканняў не існуе.

Адкрыты чэмпіянат Беларусі стане адным з этапаў падрыхтоўкі фрыстайлістаў да зімовага сезона, таму ў ім прымуць удзел наймацнейшыя спартсмены заяўленых зборных. Нашу краіну прадставіць прызёр чэмпіянату свету Максім Гусцік, прызёры Кубка свету Дзяніс Восіпаў і Ганна Гуськова, чэмпіёнка свету сярод юніёраў і пераможца аднаго з этапаў Кубка свету Аляксандра Раманоўская. Удзел Антона Кушніра пакуль знаходзіцца пад пытаннем, у найлепшага дзеючага фрыстайліста Беларусі невялікія праблемы са здароўем.

Сярод замежных спартсменаў можна вылучыць вядомых фрыстайлістаў, удзельнікаў сочынскай Алімпіяды Мішу Гесера (Швейцарыя), украінца Аляксандра Абраменку, казахстанку Жанботу Алдабергенаву.

Турнір плануюць зрабіць штогадовым, а значыць, у нас будзе шанц убачыць эліту фрыстайла ў Мінску праз год.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.