Вы тут

Няўрымслівы наўрад ці ашчадлівы


Штотыдзень у эфіры тэлеканала «Беларусь 3» гульня «Размаўляем па-беларуску». Для таго, каб стаць яе ўдзельнікамі, неабходна зайсці на сайт http://tvrgomel.by або http://3belarus.by і праз банер «Размаўляем па-беларуску» запоўніць заяўку на каманду з трох чалавек. Ну а праверыць сваё веданне роднай мовы пасля таго, як праграма выйшла ў эфір, можна з дапамогай «Звязды». Ці ведалі вы, што:

Ві́тка — скручаны лазовы дубец, якім прымацоўваюць што-небудзь. «На коллях плота віткі пагнілі», — пісаў Якуб Колас.

Неспадзе́ўка — непрадбачаны выпадак, здарэнне. «Прапанова выступіць для мяне была неспадзеўкай, і я збянтэжыўся», — чытаем у Рамана Сабаленкі.

Ашча́длівы — эканомны, беражлівы. У ашчадлівага гаспадара ніводнае зярнятка не прападзе.

Ма́рмур — цвёрдая горная парода розных колераў. Слова прыйшло з лацінскай мовы (marmor ад грэч. marmaros — бліскучы).

Няўры́мслівы — непаседлівы, які не можа супакоіцца, суняцца. Няўрымслівыя дзеці, няўрымслівыя хлапчукі, можа быць і характар няў-
рымслівы.

Ата́ва — трава, што вырасла ў той жа год на месцы скошанай. Ёсць беларуская прыказка: проста атаву скасіць, ды не проста ў хлеў скласці.

Хоць патоп — нішто не хвалюе, не кранае, не мае значэння для каго-небудзь. Беларусы яшчэ скажуць — хоць трава не расці, і гора мала, ні горача ні халодна. Рускі — по барабану, до фонаря. Лічыцца, што выраз належыць французскаму каралю Людовіку ХV, у часы праўлення якога ўся ўлада належала фаварыткам. І на пратэст народных мас разбэшчаны дэспат быццам адказаў: «Манархія пратрымаецца, пакуль мы жывыя, а пасля нас — хоць патоп».

Выскаляць зубы — смяяцца, насміхацца з каго-небудзь. Беларускі сінонім — прадаваць зубы, зубы грэць на сонцы, рускія — скалит зубы.

Чарговыя выпускі тэлевіктарыны глядзіце ў эфіры «Беларусь 3» раніцай кожную суботу.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

astashkevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.