Вы тут

Поспех рэформ ЖКГ залежыць ад усіх нас


Аляксей КУЗЬМІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве:

18-33

— Асноўныя пытанні ў людзей, калі яны сустракаюцца з дэпутатамі, — гэта ЖКГ і будаўніцтва. Яны складаюць прыкладна 70 працэнтаў тэматыкі праблем выбаршчыкаў. Справа ў тым, што жыллё, яго ўтрыманне, абслугоўванне, — жыццёвыя інтарэсы чалавека, якія датычацца кожнага менавіта сёння. Калі стан лячэбных устаноў хвалюе тых, хто хварэе, то жыллёва-камунальная гаспадарка — усіх.

Нездарма гэтай тэме кіраўнік дзяржавы надаў асаблівую ўвагу ў сваім Пасланні да беларускага народа і Нацыянальнаму сходу. Задача адпрацаваць рэформу жыллёва-камунальнай гаспадаркі на Мінску была пастаўлена новаму мэру сталіцы і новаму міністру ЖКГ, які прыйшоў з Гомеля, дзе таксама ў свой час былі ўкаранёны пэўныя навацыі.

Рэформы апрабоўваюцца на двух раёнах Мінска — Першамайскім і Партызанскім. Першамайскі быў выбарны з прычыны значнай колькасці новабудоўляў, а Партызанскі — праз вялікую долю прыватнага сектара. У гэтых раёнах праводзіцца эксперымент па змяншэнні ўплыву ЖРЭА, аб'яднанні ЖЭСаў, стварэнні рабочых груп па рамонце, дзе ЖРЭА выступае ў якасці заказчыка. Ёсць намер зрабіць цэнтральную дыспетчарскую службу па ўсім горадзе Мінску.

Безумоўна, кожная рэформа патрабуе дасканалай падрыхтоўкі. Сэнс новаўвядзенняў — палепшыць работу жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Каб людзі ведалі, за што яны плацяць грошы. Каб не было такога, што арганізацыя, напрыклад, сабрала подпісы жыльцоў пад згодай бясплатна ўсталяваць новы дамафон, а потым высвятляецца, што ключы ад гэтага дамафона трэба купляць у гэтай арганізацыі. А ў сем'ях, як правіла, пражывае па чатыры — шэсць чалавек, плюс адзін ключ патрэбны запасны.

Альбо новая прапанова ў гарадах — усталяванне відэакамер. Пры гэтым людзям не тлумачаць, як гэтыя камеры будуць працаваць і навошта яны патрэбны. Мадэрнізацыя жыллёва-камунальнай сферы павінна праходзіць так, каб людзі разумелі, што адбываецца.

Зараз актыўна абмяркоўваецца праблема асобнага збору смецця. Прапануецца нават заварыць смеццеправоды, каб людзі выносілі цвёрдыя бытавыя адходы ў асобныя кантэйнеры. Ідэя неблагая, але таксама патрабуе добрай падрыхтоўкі. Трэба, каб пляцоўка для асобнага збору смецця не стала рассаднікам пацукоў і прусакоў, каб машыны гэтае смецце вывозілі своечасова. Тут патрэбна апрабацыя на практыцы, каб усё ўлічыць.

Новаўвядзенні не ўсюды ўспрымаюцца адназначна станоўча. Людзі сталага ўзросту прызвычаіліся да старой сістэмы, да сваіх ЖЭСаў. Таму поспех рэформы залежыць не толькі ад кіраўніцтва жыллёва-камунальнай сферы, горада або раёнаў, але ад саміх людзей. Аднак памылак не бывае толькі тады, калі нічога не робіш.

Пакуль вынікі эксперымента мала асвятляюцца і абмяркоўваюцца ў СМІ. Калі б людзі ўбачылі, якімі сталі дворыкі, якія даглядаюцца па новых правілах, наколькі менш каштуе апрацоўка асобна сабранага смецця, тады б паспяховы вопыт распаўсюджваўся хутчэй. Людзей трэба зацікаўліваць у прагрэсіўных падыходах да кіравання сваім жыллём. Складана казаць пра больш танную перапрацоўку смецця, калі камунальныя паслугі датуюцца, разам з тым, калі працэнт датацыі змяншаецца, то і людзі менш сябе адчуваюць нахлебнікамі.

Мы ўжо прыйшлі да ўліку выканання работ па кожным доме. Калі я гляджу «жыроўку» і бачу, што «іншыя работы» складаюць 30 працэнтаў ад выніковай сумы, то ў мяне ўзнікаюць пытанні. Узнікаюць яны і пры вялікіх адміністрацыйных выдатках. Усе падобныя выдаткі павінны зніжацца. Але самая вялікая задача, якая стаіць перад намі, — зрабіць так, каб людзі спрабавалі самі вырашаць праблемы па абслугоўванні свайго жылля. Не закідвалі скаргамі органы ўлады, а самастойна кіравалі сваёй тэрыторыяй.

Нядаўна да мяне звярнулася жанчына з праблемай: уладальнікі 34 дачных участкаў не могуць вырашыць пытанне, ці трымаць на тэрыторыі таварыства курэй. Перапіска з органамі ўлады складае ўжо тры тамы. Трэба адвучаць людзей спадзявацца ў вырашэнні падобных праблем на чыноўнікаў.

У маім двары жыхары сабраліся на сход і дамовіліся аплаціць роспіс уваходных груп — вельмі прыгожа атрымалася. Наступны намер — зрабіць за ўласны кошт дзіцячую пляцоўку. Калі людзі самі заплацілі, яны падтрымліваюць зробленае ў добрым стане і сабак на такіх дзіцячых пляцоўках ужо не выгульваюць. І для дзяржавы карысць, і для людзей.

Адваротны бок рэарганізацыі ЖЭСаў — людзі, якія трапляюць пад скарачэнне. Калі з 15 службаў пакідаецца пяць, то вызваляецца стаўка кіраўніка, галоўнага бухгалтара... Яшчэ існуе праблема накіравання ў жыллёва-эксплуатацыйныя службы людзей па дэкрэце №18 («Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у небяспечных сем'ях». — Аўт.). Найчасцей за ўсё «абавязаных асоб» накіроўваюць якраз у ЖЭСы. З аднаго боку, жыхары патрабуюць якасці выканання работ, з другога — у службу прыходзяць работнікі, якія не ведаюць, як мятлу ў руках трымаць, або не жадаюць прыбіраць чыста. Жыхароў дома тая праблема не цікавіць. Але гэта нашы рэаліі, якія трэба ўлічваць.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

medvedeva@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.