Вы тут

«Жамчужыны» сівіцкай зямлі


Праграма «Наперад у мінулае», якая выходзіць на тэлеканале «Беларусь 3», і ў новым тэлевізійным сезоне працягне радаваць прыхільнікаў і аматараў народнай творчасці.

Нас чакаюць новыя знаёмствы з народнымі песнямі, танцамі і людзьмі, якія сёння жывуць у вёсцы. Падчас адной з паездак мы са здымачнай групай праграмы завіталі ў вёску Сівіца на Валожыншчыне. Знаёміліся з удзельніцамі фальклорнага гурта «Сівічанка».

[caption id="attachment_101382" align="alignnone" width="600"]18-18 «Сівічанка» заўсёды гатова парадаваць добрай песняй.[/caption]

— Калектыў быў заснаваны ў 1989 годзе. На працягу дзесяці гадоў кіравала ім Антаніна Сібач, і ў яго складзе было 12 чалавек. Людзі збіраліся разам, спявалі, танцавалі, прымалі ўдзел у розных святах Валожынскага раёна. Напрыклад, у 2013 годзе гурт «Сівічанка» выступаў на фальклорным свяце «Сваты» ў вёсцы Ракаў, — дзеліцца «біяграфіяй» калектыву яго цяперашні кіраўнік Ірына Лоўчая.

Жанчына ў сферы культуры працуе ўжо не адзін дзясятак гадоў. Зараз сумяшчае спевы з працай на пасадзе загадчыцы бібліятэкі і клуба. Удзельніц «Сівічанкі» называе «жамчужынкамі». Сярод іх не толькі мясцовыя жыхаркі, але і тыя, хто жыве ў суседніх Вуглах. Назіраючы, як рыхтуюцца да выступлення сівічанкі, нельга не заўважыць іх хвалявання і радасці. Песні тут можна пачуць на дзвюх мовах: беларускай і рускай. І яны пераважна пра каханне.

Згадваючы пра свае маладыя гады, жанчыны з «Сівічанкі» адзначаюць, што некалі людзі, хоць і не мелі грошай, але весяліцца ўмелі. Вячоркі ладзілі штодня. Па чарзе прымалі гасцей, прыдумлялі, як лепей правесці час. Калі быў музыкант, то без яго не абыходзіліся... Сёння ўжо многае змянілася. Моладзь не затрымліваецца ў вёсцы, бо з працай няпроста. Але на дыскатэку прыходзяць.

— Пра даўніну з імі размаўляем. Я заўсёды параўноўваю, што мы чакалі, пакуль хлопцы прыйдуць нас запрашаць на танцы. Танцавалі «кракавяк», «падэспань», «полечку», — кажа Ірына Лоўчая. — Цяпер па-іншаму ўсё. І песні зусім не ранейшыя, дзе слова кранала за душу... На вяселлях дома збіраліся і ўсім хапала месца, ніякіх кавярняў не трэба было. Пакідаючы бацькоўскую хату, маладыя плакалі, цяпер жа радуюцца. А праз нейкі час разыходзяцца...

[caption id="attachment_101383" align="alignnone" width="600"]18-19 Ігар Адамовіч пераняў любоў да жыцця ў вёсцы ад прадзеда.[/caption]

Тут не паспрачаешся нават, бо насамрэч сёння па-рознаму ставяцца да стварэння сям'і. І не кожнаму шчасціць у жыцці сустрэць свайго адзінага і каханага. Мабыць, галоўнае — чакаць і верыць, бо жыць з нелюбімым — для любога сумная перспектыва... Вось як заканчваецца на Валожыншчыне папулярная народная песня «Туман ярам»:

А хто ж гэта калечка дастане,

Той са мною на ручнічак стане...

Адазваўся казак маладзенькі:

— А я ж тое калечка дастану,

Я й з табою на ручнічак стану.

— Бадай тое калечка прапала,

Я й з нялюбым на ручнічак стала.

Дарэчы, у Сівіцы мы пазнаёміліся з маладым хлопцам Ігарам Адамовічам, які жыве ў гэтай вёсцы і спрабуе развіваць сваю фермерскую гаспадарку. Герою нашаму толькі 25 гадоў, але яго не прываблівае перспектыва з'ехаць у горад. Больш па душы працаваць на зямлі. Сёння ў яго гаспадарцы ёсць авечкі, каровы, індыкі і нават пчолы. Раней Ігар працаваў у калгасе бухгалтарам, але з часам вырашыў усе сілы накіраваць на развіццё сваёй справы. Ён ведае, што значыць працаваць ад цямна да цямна, але гатовы ўкладаць час і грошы ў сваю задуму. Кажа, пры жаданні зарабіць на вёсцы заўсёды знойдзецца магчымасць для таго, хто не лянуецца працаваць (але сваіх уласных сакрэтаў не адкрывае).

— Калі паглядзець, то кожны ў нешта сваё ўкладае грошы. Хто дом рамантуе, хто яшчэ што робіць, а я ўсё — у гаспадарку. А з рамонтам часам і сябры могуць дапамагчы, калі пачаставаць іх шашлыком з бараніны, — усміхаецца хлопец.

Сваю любоў да вёскі і жаданне працаваць тут тлумачыць проста: «Мой дзед і прадзед па мамінай лініі былі такімі ж ахвочымі зарабляць уласнай працай». Пакуль што ў яго яшчэ ўсё ў вялікім «мінусе», але хлопец спадзяецца, што аднойчы праца дасць прыбытак...

[caption id="attachment_101384" align="alignnone" width="600"]18-20 Лідар гурта «Дразды» і вядучая Аксана Вечар абдумваюць наступны дубль.[/caption]

Назва вёскі, як расказала яе жыхарка Аліцыя Звярко, пайшла ад урочышча, якое знаходзіцца непадалёк у Налібоцкай пушчы. Ёсць гара Сівая, куды заўсёды ездзілі касіць сена. Успамінае жанчына, што жыццё было нялёгкім, але ў ім заўсёды было месца спевам. Дарэчы, у гэтай вёсцы нарадзіўся і пэўны час жыў бацька народнай артысткі Ядвігі Паплаўскай — Канстанцін Іосіфавіч, які зрабіў вялікі ўклад у развіццё беларускай народнай культуры. Кастусь нарадзіўся ў 1912 годзе ў сялянскай сям'і. Усё дзяцінства хлопчыка прайшло ў працы, і тады ж зарадзілася ў ім любоў да песні. З васьмі гадоў іграў на гармоніку, потым на скрыпцы, балалайцы. У наваколлі ён лічыўся найлепшым музыкантам... Ужо ў юнацтве ў хлопца праявіліся кампазітарскія здольнасці. Калі іх ацаніў вядомы польскі піяніст Станіслаў Шпінальскі, то з'явілася магчымасць наведваць урокі скрыпкі і тэорыі музыкі ў Віленскай кансерваторыі. У 1937 годзе Паплаўскі бліскуча здае экзамены на факультэт капэльмайстраў пры кансерваторыі ў Катавіцах. Але падзеі Другой сусветнай руйнуюць планы атрымаць дыплом... Пасля вайны ён вяртаецца да любімай справы. Са сваіх землякоў стварае квартэт баяністаў, які стаў вядомы нават за межамі рэспублікі. Музычную адукацыю працягвае ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі на дырыжорска-харавым і тэарэтычным факультэтах. У 1952 годзе разам з Генадзем Цітовічам стварае Беларускі дзяржаўны народны хор, дзе працаваў спачатку галоўным хормайстрам, а потым мастацкім кіраўніком. У залаты фонд беларускага песеннага мастацтва ўвайшлі апрацоўкі Канстанціна Паплаўскага такіх беларускіх народных песень, як «Ой, павей, буйны вецярочак», «Туман, туман пры даліне», «Закаці, закаці ты, ясна сонейка», «Кукавала зязюля ў садочку», «Цераз сад-вінаград» і многіх іншых. Апошняй яго працай быў вянок з дзесяці беларускіх народных танцаў, які ён зрабіў для кафедры харэаграфіі Мінскага інстытута культуры.

З гэтай мясцовасцю звязана таксама імя лідара гурта «Дразды» Віталя Карпанава, які ў той дзень далучыўся да нашай кампаніі падчас здымак. Аказваецца, менавіта яго калектыў будзе выбіраць песню з тых, што выконвалі сівічанкі. Адна атрымае новае гучанне і папоўніць рэпертуар «Драздоў». Пакуль мы чакаем аранжыроўшчыка, Віталь ладзіць нам экскурсію па родных мясцінах.

— Вось альтанка, дзе збіраліся некалі з кампаніяй. Я іграў свае песні, і мы нешта стваралі, — распавядае спявак. — Мая вуліца Маладзёжная. Калі пачаў зарабляць, то адрамантаваў дом. Думаю ў наступным годзе заняцца агароджай. Лазня ёсць, і на матацыкле можна пакатацца пры жаданні. Сюды сына прывожу да бабулі. А вось тут планую вырасціць алею з яблынь і вішняў.

Са з'яўленнем Максіма Осіпава, які цяпер з'яўляецца адным з аранжыроўшчыкаў праграмы «Наперад у мінулае», здымачная група пачынае абмяркоўваць далейшую працу, а я лаўлю сябе на думцы: у вёсцы жыццё зусім іншае, а людзі такія натуральныя і непаўторныя. Але час рушыць далей, каб знаёміцца з новымі старонкамі народнай творчасці!..

Алена ДРАПКО

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.