Вы тут

За будучыню незалежнай Беларусі


Перадвыбарная праграма кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча.

Прэзідэнт

Дарагія суайчыннікі!

11 кастрычніка кожнаму з вас трэба будзе выбіраць будучыню. Будучыню сваю, будучыню дзяцей і ўнукаў, будучыню ўсёй Беларусі.

Ад вашага выбару залежыць многае. Бо па сутнасці сёння перад краінай усяго два шляхі.

Адзін шлях наперад — да захавання стабільнасці і парадку, свабоды і незалежнасці. Гэта шлях адзінства і згоды, развіцця і прагрэсу. Гэта шлях міру і стварэння.

Іншы шлях назад — да смуты і хаосу «дзевяностых», бандыцкага капіталізму і дзяльбы ўласнасці, да паслаблення дзяржавы і страты незалежнасці. Гэта шлях рэвалюцыі, крыві і вайны.

Нам нельга страціць тое, што ўжо дасягнута. Мы за два дзесяцігоддзі незалежнасці зрабілі вельмі многае.

Мы пабудавалі сваю дзяржаву — свабодную і суверэнную Беларусь.

Мы жывем у мірнай, спакойнай, прыгожай, дагледжанай краіне.

Мы стварылі сацыяльную мадэль, якая абараняе простага грамадзяніна. Збераглі грамадства ад алігархаў і бандытаў.

Наша дзяржава вельмі маладая, і наша незалежнасць не ўсім па душы. Наша зямля і наш здабытак, створаны працай усяго народа, па-ранейшаму вабяць аматараў лёгкай нажывы.

Таму найперш за ўсё мы павінны абараніць тое, што ўжо створана.

Свабоду і незалежнасць Беларусі.

Мір і парадак у краіне.

Дзяржаву для народа, у якой жыць нашым дзецям і ўнукам.

Абапіраючыся на гэтыя дасягненні, мы можам рухацца наперад — да матэрыяльнага дастатку, дабрабыту кожнага грамадзяніна і росквіту Беларусі.

СВАБОДА І НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ

Два дзесяцігоддзі таму мы пачалі будаваць новую краіну — першую ў гісторыі незалежную беларускую дзяржаву.

Стагоддзямі мы ішлі да незалежнасці. Гісторыя не літавала нас. Яна не дала нам лёгкіх шляхоў. Нашы нетры не тояць казачных багаццяў — і свой хлеб мы заўсёды здабывалі цяжкай, але сумленнай працай. Нас спрабавалі заваяваць звонку і падзяліць знутры.

І ўсё ж мы здабылі нашу свабоду. Мы здабылі сваю дзяржаву. І гэты высокі гонар выпаў пакаленням, якія жывуць цяпер, — нам з вамі, кожнаму з нас.

Як першы Прэзідэнт незалежнай Беларусі магу цвёрда абяцаць вам: наша краіна ніколі не будзе ўцягнута ў чужыя войны і канфлікты. І мы заўсёды абаронім Айчыну ад любых замахаў.

Нашы дзеці, унукі і праўнукі будуць свабодна жыць на сваёй зямлі. Яны самі распарадзяцца сваім лёсам.

БЕЛАРУСЬ ЗАЎСЁДЫ БУДЗЕ СВАБОДНАЙ І НЕЗАЛЕЖНАЙ! У гэтым я бачу сваю першую найважнейшую задачу.

МІР І ПАРАДАК

«Што маем — не захоўваем, страціўшы — плачам», — так гаворыць народная мудрасць.

Калі вайна прыйшла да нашага парога, мы ўсвядомілі — няма нічога даражэйшага за мір. Вайна забірае ўсё — спакой, шчасце і дабрабыт. Вайна забірае самае галоўнае, тое, чаму няма цаны, — чалавечае жыццё.

Нам у Беларусі ўдаецца захаваць мір, мы не чуем стрэлаў і разрываў снарадаў, у нас ёсць магчымасць спакойна працаваць, гадаваць дзяцей і радавацца мірнаму жыццю.

І гэта не толькі заслуга ўлады. Гэта заслуга нашага мудрага народа. Мы не дазволілі захапіць сябе радыкальнымі ідэямі, заўсёды беражліва захоўвалі мір, адзінства і згоду ў грамадстве.

Найноўшая гісторыя даказала, што мы мелі рацыю. Горкі прыклад суседзяў яшчэ раз пераканаў нас.

Без міру няма жыцця.

Без спакою няма развіцця.

Без парадку няма стварэння.

ЗАХАВАЦЬ У КРАІНЕ МІР І ПАРАДАК — у гэтым я бачу сваю другую найважнейшую задачу.

ПРАЦА І ДАБРАБЫТ

Даць кожнаму чалавеку магчымасць зарабляць на годнае жыццё сваёй працай — гэты прынцып першапачаткова быў пакладзены ў фундамент беларускай эканамічнай мадэлі.

Захаваць прадпрыемствы, працоўныя месцы для людзей, нягледзячы на любы крызіс, — заўсёды было галоўным сэнсам нашай палітыкі. Так будзе і надалей.

Якія б крызісы ні падпільноўвалі сусветную эканоміку ці нашых суседзяў, у Беларусі кожны ахвотны заўсёды будзе мець магчымасць працаваць і зарабіць.

Пяць гадоў таму мы ставілі перад сабой вялікія задачы ў эканоміцы. Скажу прама і шчыра — не ўсё з таго, што задумвалася, атрымалася выканаць.

Мы ў поўнай меры адчулі жорсткую ўзаемазалежнасць сучаснай глабальнай эканомікі.

Не мы правакавалі сусветны эканамічны крызіс. Не мы распальвалі ваенныя канфлікты. Не мы раскручвалі спіраль узаемных санкцый.

Але ўсё гэта ўдарыла па нас, ударыла балюча і нечакана.

Нядобразычліўцы прадракалі нам абвал, крах і хаос. Але мы захавалі прадпрыемствы, калектывы, працоўныя месцы. Дзейнічаюць усе сацыяльныя праграмы. Стабілізуецца валютны рынак.

Упэўнены: мы выстаім і працягнем развіццё. Беларусь не застыне на месцы — яна энергічна рушыць наперад.

Перад сабой мы ставім тры стратэгічныя мэты: ЗАНЯТАСЦЬ, ЭКСПАРТ, ІНВЕСТЫЦЫІ.

Занятасць — гэта стабільнасць грамадства і дабрабыт людзей, магчымасць кожнаму зарабіць сабе на годнае жыццё сваёй працай.

Экспарт — гэта стабільнасць эканомікі, моцны рубель, нізкая інфляцыя, збалансаваны бюджэт.

Інвестыцыі — гэта развіццё краіны, новыя тэхналогіі і новая якасць жыцця для кожнага беларуса.

Эканамічная праграма пяцігодкі будзе заснаваная на пяці ключавых прынцыпах.

1. Барацьба з інфляцыяй і ростам цэн

Канкрэтныя меры:

— умацаванне даверу да беларускага рубля, устойлівы рост золатавалютных рэзерваў, падтрыманне іх на бяспечным узроўні;

— эмісія грошай у строгай адпаведнасці з патрэбай эканомікі, якая не прыводзіць да росту цэн;

— рашучая барацьба з манапалізмам з мэтай забеспячэння сумленнай канкурэнцыі на рынку і зніжэння коштаў;

— павышэнне эфектыўнасці бюджэтных расходаў, уключаючы прадастаўленне дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемствам незалежна ад формаў уласнасці на раўнапраўнай аснове;

— скарачэнне знешняга дзяржаўнага доўгу. Мы не павінны перакладаць нашы даўгі на будучыя пакаленні.

2. Новыя падыходы да мадэрнізацыі эканомікі

У нашай краіне праводзіцца маштабная мадэрнізацыя прадпрыемстваў. Прамысловы патэнцыял за 20 гадоў павялічыўся ў чатыры разы. Пабудаваны дзясяткі новых заводаў. На сотнях прадпрыемстваў прамысловасці, аграпрамысловага комплексу, будаўнічай індустрыі ўстаноўлена сучаснае абсталяванне.

Але найлепшае абсталяванне не дасць жаданай аддачы без эфектыўнага кіравання.

Таму ў будучай пяцігодцы нам неабходна разам з абнаўленнем вытворчасцей мадэрнізаваць кіраванне.

Менавіта тады мы атрымаем рэальную аддачу ад мадэрнізацыі — заваюем новыя рынкі, прададзім прадукцыю з прыбыткам і годна заплацім кожнаму працаўніку.

Канкрэтныя меры:

— увядзенне на дзяржаўных прадпрыемствах сістэм карпаратыўнага кіравання на аснове найлепшай сусветнай практыкі;

— прыцягненне вядучых сусветных кампаній у Рэспубліку Беларусь для рэалізацыі праектаў з высокім дабаўленым коштам;

— інтэграцыя найбуйнейшых дзяржаўных прадпрыемстваў у міжнародны фінансавы рынак.

3. Эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне

Канкрэтныя меры:

— істотнае павышэнне прэстыжу дзяржаўнай службы, удасканаленне падбору дзяржаўных служачых;

— радыкальнае скарачэнне залішніх, дублюючых функцый дзяржаўнага кіравання, кантрольных і праваахоўных органаў;

— падзел функцый дзяржавы як уласніка і рэгулятара;

— пашырэнне паўнамоцтваў і сфер адказнасці парламента, а таксама органаў мясцовага кіравання і самакіравання;

— пашырэнне пераліку дзяржаўных паслуг для грамадзян з выкарыстаннем электроннай дыстанцыйнай формы;

— далейшая дэбюракратызацыя сістэмы кіравання;

— непрымірымая барацьба з карупцыяй.

4. Прыцягненне інвестыцый, падтрымка малога і сярэдняга бізнесу

У ХХІ стагоддзі рухавік любой эканомікі — веды і энергія чалавека.

Таму галоўную стаўку мы зробім на розум, энергію і прадпрымальнасць нашых людзей. Мы яшчэ больш будзем спрыяць развіццю ініцыятывы. Маштабна падтрымаем малы і сярэдні бізнес. Ліквідуем усё, што перашкаджае яго развіццю.

Поспех прыватнага бізнесу — гэта дабрабыт не толькі прадпрымальнікаў. Гэта новыя працоўныя месцы і годны заробак для беларусаў.

Канкрэтныя меры:

— удасканаленне кантролю за функцыянаваннем бізнесу, выключэнне любых формаў неправамернага ўмяшання ў бягучую дзейнасць прадпрыемстваў;

— забарона на павышэнне старых і ўвядзенне новых падаткаў на працягу пяці гадоў. Любыя змены падаткаў — толькі ў бок змяншэння і спрашчэння;

— скарачэнне ўсіх відаў і формаў справаздачнасці, укараненне міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці;

— забеспячэнне безумоўных гарантый правоў прыватнай уласнасці;

— развіццё паўнавартаснага фінансавага рынку, паэтапная лібералізацыя руху капіталу, свабодная купля-продаж акцый прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці.

5. Адкрытасць глабальнаму свету і пабудова эканомікі ведаў

Свет мяняецца ў нас на вачах.

Новыя высокатэхналагічныя галіны эканомікі — гэта не толькі экспарт і прыток інвестыцый у краіну. Гэта цікавая, творчая і высокааплатная праца для соцень тысяч людзей, найперш за ўсё моладзі.

Адкрытасць свету і эканоміка ведаў — гэта залог нашай канкурэнтаздольнасці і выжывання ў сучаснай глабальнай цывілізацыі.

Канкрэтныя меры:

— удасканаленне сістэмы гарантый для міжнародных інвестараў на аснове найлепшай сусветнай практыкі;

— фарміраванне Беларусі як найбуйнейшага рэгіянальнага лагістычнага цэнтра;

— уваходжанне Беларусі ў лік найбольш развітых краін свету ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій;

— удасканаленне нацыянальнай сістэмы адукацыі;

— шырокае ўкараненне ў сістэме адукацыі сучасных электронных сродкаў навучання;

— развіццё высакахуткаснага інтэрнэту, укараненне перадавых стандартаў мабільнай сувязі 4G і 5G;

— стварэнне ўмоў, пры якіх інавацыйныя выдаткі, уключаючы прыватныя інвестыцыі, дасягнуць узроўню 1,5 працэнта ВУП у год;

— заканадаўчае замацаванне перадачы дзяржавай правоў інтэлектуальнай уласнасці вучоным на створаныя імі распрацоўкі;

— стварэнне паўнавартаснай венчурнай індустрыі.

Усе пералічаныя меры ў сукупнасці забяспечаць нашай краіне новы эканамічны прарыў за кошт спалучэння эфектыўнага дзяржаўнага кіравання, прыватнай ініцыятывы і добрасумленнай працы нашых людзей.

ДАЦЬ КОЖНАМУ ЧАЛАВЕКУ МАГЧЫМАСЦЬ ЗАРАБІЦЬ НА ГОДНАЕ ЖЫЦЦЁ СВАЁЙ ПРАЦАЙ — у гэтым я бачу сваю трэцюю найважнейшую задачу.

САЛІДАРНАСЦЬ І СПРАВЯДЛІВАСЦЬ

Узаемадапамога, дабрыня і міласэрнасць — гэта тое, што заўсёды адрознівала нашых людзей. Дапамога хворым і слабым, абарона дзяцей і клопат аб пажылых спрадвеку лічыліся ў нас святой, богаўгоднай справай.

Гэтыя векавыя маральныя каштоўнасці мы паклалі ў аснову беларускай сацыяльнай дзяржавы — дзяржавы для народа.

Мы абавязкова захаваем сацыяльны характар нашай палітыкі.

Канкрэтныя меры:

— далейшае развіццё аховы здароўя. У будучай пяцігодцы наша медыцына па ўсіх параметрах стане ў адзін шэраг з медыцынай развітых дзяржаў;

— захаванне даступнасці якаснай медыцыны і адукацыі для кожнага грамадзяніна Беларусі;

— удасканаленне сістэмы адраснай сацыяльнай дапамогі грамадзянам і сем'ям, якія жывуць у нястачы;

— далейшае развіццё ўсіх дзеючых праграм падтрымкі моладзі;

— стварэнне сучаснай сістэмы даступнага іпатэчнага крэдытавання. У кожнай беларускай сям'і, якая рэальна мае патрэбу ў новым жыллі, будзе магчымасць пабудаваць сабе дом або кватэру;

— захаванне і развіццё ўсіх дзяржаўных праграм па абароне і падтрымцы пажылых людзей, інвалідаў, мацярынства і дзяцінства, шматдзетных сем'яў.

Кожны з нас павінен ясна разумець: усе мы калісьці былі дзецьмі і ўсе мы некалі станем пажылымі людзьмі. Шчыры клопат пра дзяцей і пажылых людзей, падтрымка і ўвага да іх заўсёды былі, ёсць і будуць нашым галоўным прыярытэтам.

РАЗВІВАЦЬ БЕЛАРУСЬ ЯК САЦЫЯЛЬНУЮ ДЗЯРЖАВУ — у гэтым я бачу сваю чацвёртую найважнейшую задачу.

Мірнае і шчаслівае жыццё нашых людзей стане галоўным вынікам выканання ўсяго задуманага.

Беларусь умацуе сваю незалежнасць і зробіць імклівы прарыў у будучыню.

Гісторыя не раз даказвала — адзінства і мэтанакіраванасць усяго народа здольны тварыць цуды.

ІМКЛІВА РУХАЮЧЫСЯ ПА ШЛЯХУ ПРАГРЭСУ, МЫ БУДЗЕМ РАБІЦЬ УСЁ, КАБ ПРЫВЕСЦІ БЕЛАРУСЬ У ГРУПУ САМЫХ ПЕРАДАВЫХ КРАІН СВЕТУ, — у гэтым я бачу сваю пятую найважнейшую задачу.

Дарагія суайчыннікі!

Усе гады на пасадзе Прэзідэнта мяне падтрымлівала вера. Вера ў Беларусь, у наш народ, у нашу будучыню.

Маю працу ацэньваць вам.

Магу сказаць толькі адно. Беларусь — мой лёс. Служэнне ёй — сэнс майго жыцця. Не было, няма і не будзе ў мяне нічога даражэйшага за Радзіму.

І сёння я цвёрда ведаю.

РАЗАМ мы стварылі незалежную Беларусь!

РАЗАМ мы пераадолеем любыя нягоды!

РАЗАМ мы пабудуем шчаслівую і квітнеючую краіну!

Нам няма чаго дзяліць і няма дзеля чаго падзяляцца.

Таму што БЕЛАРУСЬ У НАС АДНА!

Выбар рэдакцыі

Палітыка

«Наша агульная задача — яшчэ мацней аб’яднацца і працаваць на карысць роднай Беларусі»

«Наша агульная задача — яшчэ мацней аб’яднацца і працаваць на карысць роднай Беларусі»

Словы Прэзідэнта на цырымоніі інаўгурацыі, як і сама знакавая для дзяржавы падзея, знайшлі водгук у сэрцах усіх сапраўдных патрыётаў краіны