Вы тут

Будзем з бульбай


А ўраджай яблыкаў чакаецца нават большы, чым летась.

Цяпер у сельгасарганізацыях краіны і ў буйных фермерскіх гаспадарках ужо накапалі 370 тысяч тон бульбы. Аграрыі падлічылі, што сёлета ўраджай нашага другога хлеба ў гэтых арганізацыях складзе мінімум 1,3 мільёна тон. «Увогуле, з улікам плошчаў надзелаў насельніцтва пад гэту культуру, сумарны ўраджай бульбы плануецца атрымаць у памеры каля 5,5-6 млн тон», — паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення раслінаводства Мінсельгасхарча Андрэй Занеўскі.

19-52

І цыбуля ўрадзіла

Бульба нас не падвяла. І гэта нягледзячы на няпростыя ўмовы надвор'я — спякоту і недахоп вільгаці менавіта ў час росту. Сярэдняя ўраджайнасць яе па краіне складае 240 цэнтнераў з гектара. Добра паспела ў краіне сёлета і цыбуля рэпчатая, якую ўбралі толькі з 23% плошчаў, а атрымалі ўжо 12 тысяч тон. Сапраўды, ураджайнасць 300 цэнтнераў з гектара гэтага стратэгічнага прадукту ў Мінсельгасхарчы лічаць сур'ёзным дасягненнем.

Акрамя таго, у ведамстве разлічваюць атрымаць па выніках года 537 тысяч тон гародніны і 127 тысяч тон пладова-ягаднай прадукцыі. У стабілізацыйныя фонды плануецца закласці 68 тысяч тон бульбы, 86,7 тысячы тон гародніны і 22,8 тысячы тон садавіны. Частка прадукцыі паступіць таксама ў сховішчы Мінсельгасхарча. Сучасныя халадзільнікі, якія там устаноўлены, дазваляюць якасна перазімаваць 780 тысячам тон бульбы, 148 тысячам тон гародніны і 96 тысячам тон пладоў.

Нашы яблыкі смачнейшыя за замежныя

Больш за тое, яны значна больш карысныя і бяспечныя за, напрыклад, польскія, упэўнены кіраўнік аддзела захоўвання і перапрацоўкі Інстытута пладаводства НАН Беларусі Дзмітрый Марцінкевіч.

Справа ў тым, што ў каталог дазволеных у Беларусі прэпаратаў, якімі апрацоўваюць садовыя дрэвы, не ўваходзяць многія з тых, што выкарыстоўваюцца нашымі замежнымі суседзямі. У Беларусі існуе дакладнае рэгуляванне ў сферы закупкі падобных прэпаратаў. Таму ніводная гаспадарка не зможа выкарыстоўваць забаронены пестыцыд.

Паводле слоў спецыяліста, перш чым адправіцца ў буйныя гандлёвыя сеткі, айчыннаму вытворцу неабходна атрымаць пратакол выпрабаванняў, дэкларацыю. Пры гэтым строга адсочваецца кожная партыя пладоў, у прыватнасці, на паказчыкі бяспекі, а таксама на рэшткавыя пестыцыды. Менавіта таму беларускія яблыкі і пераўзыходзяць па якасці замежную прадукцыю. «Мала таго, што нашы суседзі закладваюць вялікую пестыцыдную нагрузку як падчас вегетацыі, так і на момант збору, але і на момант закладкі вядзецца актыўная апрацоўка хімікатамі. Таму, вядома, такі яблык будзе ляжаць 13-16 месяцаў», — растлумачыў сітуацыю Дзмітрый Марцінкевіч. Польскія вытворцы не ўтойваюць, што ахвяруюць смакавымі якасцямі і водарам, толькі дзеля таго, каб яблыкі ляжалі даўжэй і дайшлі да пакупніка ў больш прывабным выглядзе.

Між тым сарты беларускіх яблыкаў «Імант» і «Дарунак» могуць захоўвацца да мая і нават чэрвеня без такой «экстрэмальнай» апрацоўкі. Ёсць яшчэ шэраг сартоў з дастаткова высокімі тэрмінамі захоўвання.

Тут эксперт адзначыў, што ў апошнія гады ў Інстытуце пладаводства вялася селекцыя на атрыманне пладоў, якія не баяцца паршы. Калі параўноўваць беларускі асартымент, то ён больш ўстойлівы да гэтага захворвання, чым польскі. Адпаведна, на ім ляжыць ніжэйшая пестыцыдная нагрузка. Паводле слоў навукоўца, дастаткова зрабіць 5-6 апрацовак — і на яблыку ўжо не будзе хворых плям, у адрозненне ад польскіх, дзе робіцца каля 20 апрацовак.

Першая бахча

Сёння ў нашай краіне павялічваюцца плошчы пад пасеў дынь і кавуноў, паведаміла намеснік начальніка аддзела па вытворчасці плодаагародніннай прадукцыі галоўнага ўпраўлення раслінаводства Мінсельгасхарча Таццяна Гумянюк.

Так, сёлета пад пасевы кавуноў задзейнічана каля 40 га і 2 га — пад дыні. Андрэй Занеўскі адзначыў, што ў Беларусі ў апошнія 10 гадоў назіраецца змяненне кліматычных зон. Калі раней іх было тры, то сёння навукоўцы сумесна з сельгасвытворцамі адзначаюць, што з'явілася чацвёртая, самая цёплая кліматычная зона. Яна знаходзіцца на самым поўдні нашай краіны. У прыватнасці, у яе ўваходзяць Маларыта і Ельск.

Менавіта ў гэтых раёнах і пачалі саджаць нетрадыцыйныя для нашай краіны культуры. Займаюцца развядзеннем бахчавых культур у асноўным гаспадары прыватных падворкаў, фермеры, а таксама некаторыя сельгасвытворцы.

«Зразумела, што гэта новая прадукцыя, тэхналогія якой яшчэ не да канца адпрацавана. Але ж раней у нас не было свайго насення кукурузы. А сёння мы забяспечаныя ім на 60-80%», — падкрэсліў прадстаўнік Мінсельгасхарча. Андрэй Занеўскі адзначыў смакавыя якасці беларускіх кавуноў і дынь і расказаў, што аграрыі пашыраюць асартымент і іншых культур. Цяпер у краіне больш актыўна вырошчваецца вінаград, буякі, аронія, журавіны, закладваюцца новыя вішнёвыя, грушавыя і слівовыя сады.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.