Вы тут

Аграгарадок з усімі выгодамі, або Прыгажосць і зручнасць па-брашэвіцку


Жыхары палескай глыбінкі жывуць не горш за гараджан.

Сёлета ў Брашэвічах свята вёскі асабліва ўдалося. Прыехала шмат выхадцаў з тутэйшых мясцін, якія жывуць нават па-за межамі Беларусі. Да дня вёскі прымеркавалі і свята ўраджаю Брашэвіцкага СВК. Найлепшых працаўнікоў-земляробаў ушанавалі перад усімі землякамі. А мясцовыя гаспадынькі пастараліся, прыгатавалі такія прыгожыя, разнастайныя сталы са смакатой, пра якія дырэктар Дома культуры Тамара Казлоўская сказала: «Было нічым не горш за «Мотальскія прысмакі».

19-21

Да свята рыхтаваліся ўсе: гаспадары вясковых сядзіб, арганізацыі і ўстановы. Кожны на падворку і ў ваколіцы стараўся навесці парадак, пасадзіць больш кветак, упрыгожыць двор невялікай архітэктурнай формай, накшталт мініяцюрнага ветрака. Хоць, варта адзначыць, за парадкам тут сочаць не толькі напярэдадні свят. Летась Брашэвіцкі сельсавет увайшоў у лік пераможцаў абласнога конкурсу па добраўпарадкаванні населеных пунктаў. А сёлета тут праводзілі раённую выязную сесію дэпутатаў, каб паказаць калегам, як гэтыя пытанні вырашаюцца ў аграгарадку.

Нездарма ж на свяце вёскі асобнай узнагародай адзначылі работу мясцовага лясніцтва. Яго кіраўнік Уладзімір Крывецкі расказаў карэспандэнту газеты, што зараз асноўны ўклад леснікоў у знешняе аблічча Брашэвічаў заключаецца ў доглядзе дэндрапарку. Парк быў разбіты на двух гектарах у 2011 годзе. Паступова ён стаў любімым месцам адпачынку вяскоўцаў, іх сваякоў, гасцей. Тут можна не толькі палюбавацца рознымі, у тым ліку экзатычнымі, дрэвамі, а і пасядзець у альтанцы на беразе невялікага вадаёмчыка, пакарміць альбо паслухаць птушак. Але галоўная славутасць гэтага парку — вальеры з аленямі. Развядзеннем іх даўно займаецца лясніцтва. І ў Брашэвічы едуць нават з іншых населеных пунктаў, каб паглядзець на гэтых грацыёзных жывёлін.

У аграгарадку ўдала спалучаецца традыцыйная вясковая архітэктура з найноўшымі пабудовамі на гарадскі манер. Дом культуры разам з амбулаторыяй, іншымі сацыяльнымі аб'ектамі ўтвараюць кампактны, сімпатычны і зручны комплекс, дзе ўсё побач. Калі, скажам, ідзеш па дзіця ў садок ці школу, то можам наведаць амбулаторыю, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання, зрабіць пакупкі і плацяжы.

Дырэктар школы Аляксандр Кулік лічыць, што іх навучальная ўстанова не асабліва адрозніваецца ад гарадскіх. Тут навучаецца 135 дзяцей з Брашэвічаў і дзвюх суседніх вёсак. На заняткі школьнікаў падвозіць аўтобус. Гэтым жа транспартным сродкам усіх вучняў па графіку два разы на тыдзень дастаўляюць у раённы цэнтр на заняткі па плаванні. Гурткі і спартыўныя секцыі ў школе праводзяць як свае настаўнікі, так і педагогі-спецыялісты з Драгічына. Факультатыўныя заняткі арганізаваны па большасці прадметаў.

19-23

Школу капітальна адрамантавалі ў 2008 годзе. А вось дзіцячы садок перажыў абнаўленне літаральна нядаўна. І цяпер дашкольная ўстанова — прадмет гонару ўсёй вёскі. Бо вадзіць сюды дзяцей стала проста прыемна. Грошы на рамонт садка, а таксама на ўстаноўку энергазберагальных ліхтароў на вуліцы атрымалі па праграме малых грантаў Глабальнага экалагічнага фонду. Удзячныя за гэта вяскоўцы найперш былому дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу краіны па Драгічынскай акрузе Віктару Куліку. Менавіта ён падказаў кіраўніцтву мясцовай улады, як правільна аформіць дакументы, каб прэтэндаваць на грант. Паводле слоў старшыні Брашэвіцкага сельскага Савета Леаніда Карповіча, задаволены вяскоўцы работай сваёй медыцынскай установы. У амбулаторыі штодзень прыём вядзе ўрач агульнай практыкі Сяргей Бухта. Установа абслугоўвае больш за 1300 чалавек, з іх 262 дзіцяці. У амбулаторыі дзейнічае дзённы стацыянар, дзе два-тры чалавекі адразу могуць атрымаць кропельніцы, некалькі пацыентаў штодзень праходзяць фізіяпрацэдуры. Для простых аналізаў таксама не трэба дабірацца ў райцэнтр, іх зробяць на месцы. Ёсць у амбулаторыі і свой стаматалагічны кабінет. Прыватны спецыяліст тут да нядаўняга часу вёў прыём некалькі разоў на тыдзень, але апошнім часам ён дастаткова загружаны ў райцэнтры. Паводле слоў Сяргея Бухты, галоўны ўрач раённай бальніцы абяцаў пасля вырашэння пытання па прыцягненні спецыяліста ў раён зноў аднавіць работу кабінета і ў Брашэвічах.

На вясковы гандаль жыхары аграгарадка таксама не скардзяцца. У крамах райспажыўтаварыства можна набыць самыя розныя тавары. У прадуктовай, акрамя традыцыйнага асартыменту, заўсёды бываюць свежыя агародніна і фрукты. А халадзільнік ці тэлевізар можна купіць у «Прамтаварах» нават з растэрміноўкай. У сезон магазіны арганізоўваюць прыём ягад, грыбоў ад насельніцтва.

19-20

— Усе жыццёвыя і бытавыя пытанні, — дадае жыхарка Брашэвічаў Галіна Півень, — можна вырашыць на месцы. Пошта сёння працуе амаль як аддзяленне банка, усе неабходныя плацяжы па крэдытах, камунальных паслугах і сувязі робім тут.

Яшчэ жанчына адзначыла, што ў іх паспяхова працуе і прыватны гандлёвы пункт Аляксандра Грыцука. Прадпрымальнік выкарыстоўвае гнуткую сістэму зніжак на тавары. Гэта выгадна пакупнікам, ды і вялікія крамы стымулюе. Яшчэ ў Брашэвічах давялося пачуць, што плануюць тут адкрыць міні-рынак. Для населенага пункта, у якім пражывае больш за 800 чалавек, ён, відавочна, не будзе лішнім.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Драгічынскі раён

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.