Вы тут

Не цэх, а ізалятар!


Развіццё айчыннай фармацэўтыкі дазваляе нашаму спажыўцу плаціць за лекі ў два-тры разы менш.

Ёсць прэпараты, на закупку якіх краіна выдаткоўвае з бюджэту да 200 млрд рублёў у год. Скажам, упакоўка адных імпартных таблетак каштуе каля 70 долараў, а наша фармацэўтычная вытворчасць ужо забяспечыла яе выраб за 40! «Некаторыя краіны-вытворцы выстаўляюць для закупкі проста неабгрунтавана высокія цэны, — кажа генеральны дырэктар прадпрыемства «Белмедпрэпараты» Павел КАХАВЕЦ. — Сабекошт тых таблетак можа быць мізэрны, а па факце трэба заплаціць за ўпакоўку не 3 цэнты, а 3 долары... Нельга сёння недаацэньваць уласную навуку і напрацоўкі».

19-7

— Два паказчыкі — стан вады і паветра — кантралююцца ў нас пастаянна, — пачынае экскурсію па новым корпусе начальнік цэха №2 Марына БЯСПОЛАВА. — Вы бачыце сістэму, спраектаваную такім чынам, каб вада цыркулявала на працягу ўсяго цыкла з пэўнай хуткасцю і пад пэўным ціскам. Пры гэтым усе неабходныя характарыстыкі няспынна кантралююцца, адбываецца хімічны і мікрабіялагічны маніторынг. Толькі такую ваду можна выкарыстоўваць для вытворчасці ін'екцыйных раствораў... Цэлы паверх на прадпрыемстве займаюць кандыцыянеры і фільтры, якія забяспечваюць у цэхах паветра неабходнай тэмпературы і вільготнасці...

Усе заводы, якія вырабляюць ін'екцыйныя растворы, праектуюцца такім чынам, каб самыя чыстыя вытворчыя памяшканні знаходзіліся ў сярэдзіне, што на прафесійнай мове называецца «асептычным ядром». Трапіць у гэтае «ядро» не могуць не толькі журналісты... Прасцей сказаць, хто туды трапіць можа. Вельмі невялікая частка персаналу, які да гэтага навучалі і атэстоўвалі. Журналісту можна толькі адчыніць дзверы ў першае памяшканне, дзе неабходна памыць рукі і пачаць пераапрананне... Чым глыбей пранікае ў цэх атэставаны спецыяліст, чым бліжэй стэрыльная зона, тым больш жорсткім патрабаванням даводзіцца адпавядаць. Уся працэдура дасканала прапісана і нават адлюстравана ў малюнках на сценах.

За 2011-2014 гады было распрацавана і выведзена на рынак 446 лекавых сродкаў беларускай вытворчасці. У гэтым годзе гэтая лічба павінна складаць не менш за 140 прэпаратаў. У першым паўгоддзі было зарэгістравана 98 лекавых сродкаў.

— У ін'екцыйнай вытворчасці самая вялікая каштоўнасць — персанал, — тлумачыць Марына Уладзіміраўна. — Бо гэта той удзельнік вытворчага працэсу, які можа як дапамагчы, так і нашкодзіць лекаваму сродку. Таму мы надаём асаблівую ўвагу іх навучанню, пасля якога для атрымання права доступу ў асептычныя памяшканні яны праходзяць атэстацыю з удзелам мікрабіёлага.

Вытворчасць супрацьпухлінных лекаў і цытастатыкаў, можна сказаць, толькі пачалася, але пачатку прамысловага выпуску папярэднічала аб'ёмная работа, звязаная з атэстацыяй абсталявання, падборам працэдуры ачысткі, даследаваннем асяроддзя і г. д. Усё ж такі размова ідзе пра закрытыя сістэмы, у якіх нават вузел мыцця і стэрылізацыі абсталявання працуе ў аўтаматычным рэжыме, без удзелу чалавека. Кожная серыя прэпарату мае «сваё» дасье, у якім прапісаны ўсе этапы, пачынаючы з ачысткі памяшканняў. Кожны крок пратакаліруюць і прыкладваюць потым да гатовай партыі.

Калі мы кажам пра ін'екцыйны цэх, значыць, тут вырабляюцца лекі, якія фасуюць у ампулы і флаконы. Першыя набываюцца ў Расіі і Польшчы, флаконы — французскія. Вымытыя і стэрылізаваныя ампулы-флаконы адпраўляюцца для напаўнення ў тое «ядро». У самым закрытым асептычным цэху можна ўбачыць (зразумела, праз акно), персанал, апрануты, як касманаўты. Адкрытымі застаюцца толькі вочы. Усё цела схавана пад спецыяльным адзеннем, абуткам, пальчаткамі. Праз адно акно можна ўбачыць дзве лініі напаўнення — ампульную і ў флаконы. Побач з абедзвюма — шкляныя «сподачкі» для маніторынгу біялагічнай чысціні паветра. Ёсць тут і лічыльнік часціц, які ў няспынным рэжыме адсочвае стан паветра. Па завяршэнні напаўнення ампулы зноў падвяргаюцца мыццю, праходзяць праверку герметычнасці запайвання, каб выявіць магчымыя мікратрэшчыны, і трапляюць у аддзяленне ўпакоўкі.

— У нашым цэху выпускаецца 30 найменняў лекаў, — кажа Марына Бясполава. — Гэта не толькі супрацьпухлінныя сродкі, але і прэпараты, якія выкарыстоўваюцца ў спадарожным лячэнні, напрыклад супрацьвірусны прэпарат ацыклавір, які неабходны для падтрымання імунітэту анкахворага. Толькі адзін прэпарат, арыгінальны, распрацаваны нашымі вучонымі — гэта каталон, астатнія — джэнерыкі. Прадпрыемства пастаўляе лекі ў цэлы шэраг краін, але нашы супрацьпухлінныя сродкі зараз запатрабаваны ў В'етнаме і Сірыі.

Паверхам ніжэй ажыццяўляецца выраб цытастатыкаў — высокаактыўных і высокатаксічных лекаў, здольных разбураць ракавыя клеткі. Завод выпускае іх у так званых ізалятарах, якія забяспечваюць у тым ліку стапрацэнтную абарону персаналу. Гэтая замкнутая сістэма таксама стварае гарантаваныя асептычныя ўмовы, але тут ужо не патрабуецца вялікае памяшканне, марудны працэс навучання персаналу, паколькі ўвесь тэхналагічны працэс адбываецца ў межах герметычнай сістэмы.

— Асноўныя нашы вытворчыя магутнасці сертыфікаваны на адпаведнасць стандартам Належнай вытворчай практыкі і кантролю якасці Сістэмы супрацоўніцтва фармацэўтычных інспекцый (PІC/S), дырэктыў ЕС і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, — адзначае гендырэктар Павел Кахавец. — Кожны год мы пашыраем лінейку прадуктаў, укараняем у вытворчасць новыя прэпараты і распрацоўваем новыя лекі.

Дзякуючы інвестыцыям

У галіне аховы здароўя зараз рэалізуюцца 12 інвестыцыйных праектаў, тры з іх завершацца да канца года. Паводле слоў намесніка міністра аховы здароўя — дырэктара Дэпартамента фармацэўтычнай прамысловасці Міністэрства аховы здароўя Беларусі Валерыя ШАЎЧУКА, да канца года будуць уведзены ў эксплуатацыю тры вялікія цэхі — па вырабе антыбіётыкаў у Лідзе (вытворчая пляцоўка прадпрыемства «Белмедпрэпараты»), такі ж у Барысаве (Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў), цэх па выпуску спецыяльных жэлацінавых капсул з аб'ёмам вытворчасці каля 1 млрд адзінак у год (прадпрыемства «Мінскінтэркапс»).

У Беларусі інвестыцыйным праектам аказваюць істотную дзяржаўную падтрымку — прадастаўляюцца льготныя крэдыты, льготнае падаткаабкладанне, у тым ліку пры пастаўцы абсталявання, кампенсацыі затрат на распрацоўку, стварэнне і асваенне новай вытворчасці.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.