Вы тут

Віктар ШНІП: «Калі два пісьменнікі не могуць ужыцца разам, нехта з іх графаман»


У дзяцінстве ён насіў паказваць свае вершы Янку Купалу, а перад тым, як выкрышталізавацца ў адметнага беларускага паэта, паспеў пабыць і беспрацоўным, і грузчыкам. Сваімі разважаннямі пра жыццё, літаратуру і пісьменніцкае шчасце дзеліцца паэт, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар ШНІП.

19-2

Пра першы верш

Я нарадзіўся і рос у вёсцы Пугачы Валожынскага раёна. Да 15 гадоў у Мінску ні разу не быў, хоць да яго 50 кіламетраў. Жыў у «сваім» свеце, у даволі закрытай прасторы. Ведаў, што ёсць «тут», а «там» нічога няма, гэта ўсё прыдумана. Магчыма, існуе, а магчыма — не... Таму я фантазіраваў. Уяўляў, што збіраю войска, вызваляю свет ад злыдняў, будую замак дзесьці сярод лесу. А калі ў мяне ўжо быў замак і войска, я думаў пра тое, што трэба жаніцца — шукаць прынцэсу... І на гэтым звычайна ўсе мае мары заканчваліся, бо дзе ж яе знайсці?

Першы верш прыдумаў, калі мне было пяць гадоў. Жыў тады ў бабулі ў вёсцы Лягезы. Гэта былі 60-я гады, і я, слухаючы размовы старэйшых, пачуў, што Амерыка кагосьці бамбіць. І мне захацелася дапамагчы змагацца з ёй. Тады я не ведаў, што Зямля круглая, а ўяўляў яе пляскатай, і што тыя амерыканцы жывуць недзе пад намі. Але ў мяне не было экскаватара, каб дакапацца да іх, а рыдлёўкай капаць глыбакавата. Затое быў суседскі калодзеж, з аднаго боку якога бяром ваду мы, а з другога — тыя, хто жыве пад намі, амерыканцы. Я назбіраў камянёў (падумаў, што можна кінуць іх у калодзеж і трапіць якому-небудзь амерыканцу ў лоб) і пачаў кідаць. Здавалася, нават у кагосьці трапляў... Але тут выбегла суседка, убачыўшы, чым я займаюся, накрычала на мяне. Я ўцёк, і ад крыўды прыдумаў верш...

Пра кнігі і Леанарда Да Вінчы

У школе ўсе вялі дзённікі — запісвалі туды нейкія пажаданні, вершы, песенькі. Калі мне было 9 гадоў, да мяне трапіў такі дзённік. Трэба было нешта напісаць, і я ўспомніў, што мама спявала адну вельмі прыгожую песню. Вырашыў па памяці яе перапісаць. Пасля мама прачытала і сказала, што гэта не тая песня, а я нешта сам прыдумляў. І тады я зразумеў, што напісаў верш.

Бацькі асабліва не звярталі на гэта ўвагі: піша — і піша, чытае — і чытае. У вёсцы галоўнае было дапамагаць па гаспадарцы. Я ўмею і касіць, і араць, але і займацца нейкай творчасцю ніхто не забараняў. Калі хадзіў паказваць свае вершы Купалу ў Вязынку (вядома ж, яго не ўбачыў, але верыў у тое, што ён ёсць), мама (якая таксама не ведала, што ён памёр), запыталася, што Купала сказаў. «Каб я пісаў вершы, а вы мне давалі больш вольнага часу, не прымушалі шмат працаваць і куплялі кніжкі». І калі бацькі паехалі купляць мне рэчы ў школу, прывезлі кнігу Івана Сяркова «Мы з Санькам у тыле ворага», якую я амаль вывучыў на памяць. Пасля даведаўся, што ў сябра ёсць «Палескія рабінзоны». Я вымяняў гэтую кніжку на ножык, які скраў у бацькі — ён ім усё роўна не карыстаўся.

У 12 гадоў упершыню паглядзеў фільм пра Леанарда Да Вінчы. У дзяцінстве будучы мастак быў вельмі назіральным, усё занатоўваў, і я таксама стаў нешта запісваць і маляваць. Пасля быў перапынак, але з 18 гадоў, дзякуючы фільму пра Леанарда да Вінчы, я вяду дзённік. Пішу ў інтэрнэт — «Жывы часопіс», «Фэйсбук», але нешта заношу і ў сшытак.

Пра мову і выбар прафесіі

Школа ў Пугачах была цалкам беларуская, дома ўсе па-беларуску гаварылі, іншай мовы я і не чуў, хіба толькі па тэлевізары і па радыё. З рускай сутыкнуўся, калі паступіў у Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум, мне было 15 гадоў. Экзамены здаваў па-беларуску, але, прабыўшы два тыдні ў горадзе, прыехаў дамоў і пачаў гаварыць па-руску. А тады сам сабе думаю: чаму гэта я не гавару так, як бацькі? І з таго часу стаў размаўляць толькі на роднай мове. Пытанняў наконт таго, на якой мове пісаць, таксама ніколі не ўзнікала.

Да нас на бульбу прыязджалі студэнты з Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума, і дома жылі выкладчыкі. Яны параілі паступаць да іх. Ну я і паступіў... Часам шкадую: мне трэба было скончыць 9-ты і 10-ты класы, каб не было потым ніякіх прыгод. Але ў старшыя класы трэба было хадзіць за сем кіламетраў у Дубравы — далёка.

Прыехаўшы ў Мінск, дасылаў вершы ў розныя газеты. У 16 гадоў мне прыйшло запрашэнне з «Чырвонай змены» на літаб'яднанне «Крыніцы» ад Яўгена Крупенькі. Пайшоў, і першым, каго там сустрэў, быў Яўген Гарадніцкі, мой зямляк з Ракава. Ён тады працаваў у выдавецтве з мастаком Міколам Селешчуком. Я крыху маляваў, і, каб мог падзарабіць, Яўген прывёў да яго. Селяшчук даў мне кніжку на афармленне. Я ўзяў, нешта маляваў, а пасля падумаў: «Які я мастак?» — і вярнуў кніжку.

Пра станаўленне

Літаб'яднанне стала для мяне своеасаблівай школай. У 23 гады выйшла мая першая кніжка. Пасля гэтага мяне адразу прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Пасля заканчэння тэхнікума сем гадоў быў беспрацоўным. Працаваць на будоўлі не мог: як высветлілася падчас практыкі, баюся вышыні. Калі скончыў тэхнікум, нават не пайшоў забіраць дакументы. Існаваў за кошт ганарараў, зрэдку нейкія грошы браў у бацькоў, працаваў грузчыкам на лікёра-гарэлачным заводзе. А жыў я творчасцю. Калі прыехаў паступаць у Маскву ў Літінстытут, мне сказалі: «Ты сапраўдны паэт, а то ўсе тут правільныя».

Час вучобы найбольш паспрыяў творчаму раскрыццю. Я сябраваў з літоўцам, украінцам, рускім і палякам. Мы чыталі вершы, абмяркоўвалі, перакладалі адзін аднаго. Сама вучоба была творчая, бо вучыліся не 18-гадовыя студэнты, а асобы, якія ўжо ўваходзілі ў Саюзы пісьменнікаў. У 25 гадоў я быў самы малодшы на курсе.

Дзякуючы сустрэчы з Людмілай Рублеўскай я стаў амаль кожныя выхадныя хадзіць у тэатры, музеі. Сябры нават казалі: «Нас на бабу прамяняў».

Не хачу нікога пакрыўдзіць, але калі два пісьменнікі, муж і жонка, не могуць ужыцца разам, нехта з іх графаман. Не кажу, што мы такія ўжо вялікія, але сапраўдныя творчыя людзі разумеюць, хто што піша. Жонка — першая чытачка, і ад яе няма ніякай зайздрасці, поўнае разуменне.

Пра беларускую літаратуру

Літаратура не стаіць на месцы, яна як жывы арганізм. Калі я пачынаў пісаць у 70-я, 80-я гады, тады паўсюль былі «пратаптаныя сцежкі», рамкі, у якія пісьменнікі ці ўваходзілі, ці не. Але мы і цяпер можам бачыць, хто ў іх стараўся не ўпісвацца: Караткевіч, Барадулін, Стральцоў, Разанаў. Многія пісьменнікі нешта пісалі для «рамак», а нешта — па-за імі. Атрымлівалася штосьці сваё, і яны разумелі, што гэта застанецца. Былі часы, калі ў кнігах павінны былі быць нейкія «паравозікі» — пра камсамол, пра партыю. Калі няма — узнікаюць пытанні: кніжка не адпавядае часу. Цяпер шмат змянілася, кожны знайшоў сваю нішу, людзі сталі пісаць тое, што ім хочацца. І сапраўды, на кожны твор знойдзецца свой чытач. Пісьменнікі розныя, і я лічу, што гэта добра.

Нядаўна я рыхтаваў зборнік «Проза і паэзія маладых», там больш за 40 аўтараў узростам да 35 гадоў. Я бачу, што яны зусім па-рознаму пішуць. Майму пакаленню 30 гадоў назад у галаву такое не прыходзіла, бо мы глядзелі на старэйшых. Калі я ў 80-я гады пазнаёміўся з Адамам Глобусам, мы з іншымі пісьменнікамі збіраліся ў яго і пісалі хоку. Склалі кніжку, але ў выдавецтве яе «зарэзалі» праз нязвыклую форму. Цяпер такой праблемы няма, моладзь адчувае сябе вольнай, а таксама, што беларуская літаратура — гэта частка еўрапейскай літаратуры.

Сёння ў літаратуры захоўваецца рэалізм, толькі называецца ён па-іншаму — нон-фікшн (непрыдуманая літаратура). Празаікі крыху гультаяватыя: раней пісалі ад рукі, пасля друкавалі, працавалі доўга. А цяпер хутка набіраюць на камп'ютары, ды яшчэ і выбіраюць кароткія формы: 50 старонак — гэта ўжо раман. І героі нашага часу — у гэтых кароценькіх запісах. Мы героі, і пісьменнікі — героі.

Беларуская (вобразна кажучы) «Вайна і мір» напісана. Гэта цудоўна зрабілі пісьменнікі, якія перажылі калектывізацыю, вайну. А датычна аб'ёмаў эпапеі, дык добры верш у чатыры радкі часам больш значны, чым паэма ў 4 тысячы радкоў.

Дарэчы, чытачы нашы непатрабавальныя самі да сябе. Калі папросіш іх назваць сучасных беларускіх пісьменнікаў, якіх яны ведаюць, яны скажуць, што не ведаюць — і ганарацца гэтым.

Даволі шмат прыходзіць у выдавецтва людзей, якія лічаць сябе пісьменнікамі і просяць выдаць іх кніжку. Але не ўсё, што напісана і раздрукавана, з'яўляецца мастацкім творам. Няма школы, стылю. Пісьменнік павінен пачынацца з маленькага апавядання і паступова рухацца ў сваім развіцці. А калі чалавек адразу на 500 старонак піша — можа быць, вядома, ён геній, але, як правіла, нічога геніяльнага ў такіх творах няма.

Пра шчасце і каштоўнасці

Мы не цэнім тое, што ў нас ёсць. І толькі паглядзеўшы на чужое, звяртаем увагу на нашы каштоўнасці. Мы цікавыя свету не ўраджаем бульбы. Гэта ўсё добра, але яно кожны год мяняецца, а творы мастацтва застаюцца. А яшчэ Беларусь за мяжой ведаюць перадусім дзякуючы спорту. І гэта нармальна: найперш ідуць гладыятары, а пасля ўжо спевы.

Кожнае пакаленне шчаслівае і няшчаснае па-свойму. Але мы шчаслівыя тым, што жывём у сваім часе. Творчыя людзі шчаслівыя тым, што ім Бог даў нешта сказаць, пакінуць пасля сябе. Шчасце беларускага паэта ў тым, што ён — паэт. Трэба ва ўсім бачыць станоўчае, нельга заганяць сябе ў кут і шукаць ворагаў. Варта помніць, што жыццё сённяшнім днём не канчаецца, заўтра прыйдзе Мудры Гісторык і раскажа пра ўсё, што было.

Запісала Дзіяна СЕРАДЗЮК

seradzyuk@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.