Вы тут

Абу-Бекір Шабановіч: «Усявышні даў нам адну родную зямлю»


Мала хто з мінчан ведае, што ў скверы непадалёк ад праспекта Пераможцаў будуецца мячэць. Яе купал бачны з-за зялёных дрэў, і з кожным днём будаўніцтва ўсё больш імкнецца да завяршэння... З гэтай нагоды мы сустрэліся з Абу-Бекірам ШАБАНОВІЧАМ, муфціем Беларусі, кіраўніком Мусульманскага рэлігійнага аб'яднання ў Рэспубліцы Беларусь, які спецыяльна для «Звязды» расказаў пра розніцу паміж ісламам і Ісламскай дзяржавай Ірака і Леванта (ІДІЛ), станоўчыя рысы характару беларусаў і будаўніцтва саборнага храма мусульман.

19-5

— Як вы лічыце, ці можна атаясамліваць паняцці «іслам» і «ІДІЛ»?

— Безумоўна, не. Зараз у бок тых, што веравызнаюць іслам, ідзе надта шмат негатыву. Людзі асацыююць тое, што робіць ІДІЛ, з веравызнаннем і абвінавачваюць нават мірных вернікаў у неіснуючых злачынствах. Тыя, з кім мы кожны дзень бачымся: суседзі, сябры, калегі — так, вядома, не думаюць. Мы, усе народы і канфесіі Беларусі, — сапраўдныя браты. Усявышні даў нам адну родную зямлю. Мяркуйце самі: татары-мусульмане і беларусы ўжо суіснуюць 600 гадоў. З цягам часу мы сталі дзяржавастваральным народам, пры гэтым заўжды стараліся прытрымлівацца ўласцівай нашай рэлігіі якасці — міласэрнасці. Яна адрознівае нас ад адступнікаў ад веры.

— Тады чаму людзі ўсё адно ідуць у ІДІЛ? І яе прыхільнікаў не становіцца менш?

— Прадстаўнікі гэтага руху перацягваюць людзей з веры ў палітыку. А хто стаіць за гэтым? Праглядваюцца розныя дзяржавы і палітычныя сілы. У той жа час злучэнне рэлігіі з палітыкай заўжды было найтанчэйшай справай. Але хто сёння ведае сярэднявечнага філосафа Абу Хаміда аль-Газалі, які апісаў, якімі павінны быць правіцель і веруючыя, якія адносіны паміж імі лепей усталяваць? Гэтыя веды ёсць у адзінак... З недасведчаных, асабліва з навазвернутых, шмат хто абірае няверны шлях, да якога можна аднесці і ІДІЛ. А ўсё праз тое, што сярод мусульман, у прыватнасці беларускіх, высокі ўзровень рэлігійнай неадукаванасці. На сёння адна з нашых галоўных мэт — ліквідацыя духоўнай неадукаванасці. Але тая ж праблема існуе і ў праваслаўных, каталікоў, іўдзеяў ды іншых канфесій. Бо вывучэнне канонаў — гэта аснова веры. Прыйсці ў мячэць на святочны намаз ці толькі па дапамогу, каб пахаваць сваіх блізкіх, а ў астатні час забывацца на яе... Тое ж самае, як зайсці ў праваслаўны храм, паставіць свечку, сысці і месяцамі там не з'яўляцца. Які ты пасля гэтага веруючы? Можа, ты жывеш з пэўнымі вераваннямі, але калі гэта насамрэч так, то тады часцей прыйдзеш па параду да бацюшкі, да ксяндза. Да мяне часта нават па тэлефоне звяртаюцца: «Як лепей паступіць?» Для таго, каб лішні раз не саграшыць. Для разумення ўсяго гэтага патрэбна фундаментальная духоўная адукацыя. Калі будзе дакладнае разуменне, што ёсць «дабро» і «зло», то ні адзін чалавек не ўвойдзе ў несапраўднае рэлігійнае рэчышча. Але на дадзены момант у Беларусі няма Медрэсэ (мусульманская адукацыйная ўстанова. — Аўт.). Адсюль і недахоп кваліфікаваных кадраў. Мы працуем на грамадскіх пачатках, зарплаты не маем, таму ўсё трымаецца на энтузіязме і жаданні дапамагаць людзям.

— Будаўніцтва мячэці таксама можна аднесці да вашай ініцыятывы. Калі яно завяршыцца?

— Мы плануем скончыць будоўлю да канца гэтага года. Цяпер усё ўжо на апошняй стадыі, і хутка будзем запрашаць гасцей на адкрыццё. Спачатку, болей чым 10 гадоў таму, у будаўніцтве нам дапамагаў фонд караля Саудаўскай Аравіі, а зараз турэцкія вернікі перасылаюць свае сродкі праз Міністэрства рэлігійных спраў Турцыі, за што мы ім шчыра ўдзячны. Мячэць будзе ўмяшчаць да 1500 чалавек, а побач з ёй раскінецца парк, на тэрыторыі якога раней былі магаметанскія могілкі. На іх былі пахаваны тысячы гараджан і больш за 200 турэцкіх воінаў, якія знаходзіліся ў рускім палоне пасля балканскай вайны 1877-1878 гадоў. А таксама на гэтых могілках пахаваны татары, якія загінулі ў Першую і Другую сусветныя войны. Таму лагічна, што ў парку з'явяцца сімвалічны памятны знак пахаваным тут турэцкім і татарскім воінам і яшчэ адзін, прысвечаны сяброўству Беларусі і Турцыі.

[caption id="attachment_101595" align="alignnone" width="600"]19-6 Манумент чатыром канфесіям у горадзе Іўе.[/caption]

— Ці шмат чакаецца моладзі ў новай мячэці?

— Даволі шмат. Найчасцей за ўсё да нас прыходзяць пары: ён мусульманін, яна хрысціянка. Збіраюцца пабрацца шлюбам. Як правіла, знаёмяцца праз інтэрнэт, хлопец на кароткі тэрмін прыязджае ў Беларусь і жадае амаль адразу ўзяць дзяўчыну ў жонкі. Мы перасцерагаем беларусак і стараемся, каб яны спачатку распісаліся ў ЗАГСе. Збор дакументаў і папяровая валакіта зойме амаль год, і гэтага тэрміну дастаткова, каб цвяроза зірнуць на сітуацыю збоку. Вось прыходзіць яна да мяне на гутарку — прыгажуня, з вышэйшай адукацыяй. Я задаю пытанне: «Ці дастаткова добра ты ведаеш гэтага чалавека? Бо едзеш у невядомы свет. Розныя мужчыны бываюць: могуць і кінуць, і дзіця адабраць. Няўжо сярод сваіх не змагла адшукаць мужа?» На што чую амаль заўжды аднолькавы адказ: «Так, і сярод нашых хлопцаў ёсць добрыя. Але лепей я выйду за мусульманіна, які не п'е, не курыць, паважае старэйшых, любіць дзяцей, пра сям'ю дбае. І не будзе жыць інакш, бо трымаецца веры». І я бяззбройны. Што скажаш насуперак?

— І дзяўчына, калі прыме іслам, будзе насіць хіджаб. На Захадзе, дарэчы, у некаторых краінах забараняецца гэта рабіць.

— Я не бачу асаблівай праблемы ў тым, каб насіць хіджаб. Для Элеаноры Язерскай (добрая памяць ёй) прыгожа завязаны шаль на галаве быў часткай яе вобраза. І ніхто не асуджаў. Але ў мусульманак, якія носяць хіджаб, узнікаюць праблемы, напрыклад, каб сфатаграфавацца на пашпарт, які патрэбен для паломніцкай вандроўкі за мяжу. Бо зняць яго нельга па веравызнанні, а па заканадаўстве немагчыма зрабіць здымак у галаўным уборы. Тое ж тычыцца і праваслаўных манашак. Гэтым ствараюцца няроўныя ўмовы для мужчын і жанчын. Чаму яна павінна ахвяраваць сваімі рэлігійнымі перакананнямі? У Расіі, напрыклад, гэтую праблему вырашылі: жанчыны могуць рабіць здымкі на замежны пашпарт у хіджабе... Таму толькі ў такім выпадку можна казаць пра сапраўдную праблему. А з пункту гледжання эстэтыкі, удала падабраны шаль, хутчэй, упрыгожыць жанчыну, чым сапсуе. І яшчэ ахавае ад непатрэбных позіркаў.

— Думаю, беларусы да гэтага ставяцца даволі спакойна.

— У большасці сваёй, так. Гэта адзін з паказчыкаў, што ёсць стагоддзямі сфарміраваная талерантнасць беларусаў да іншых народаў, якія жывуць у нашай краіне. Своеасаблівая маральная людская база, якую нават пры вялікім жаданні нельга зруйнаваць. У Беларусі пражывае больш за 30 мусульманскіх нацыянальнасцей. Яны прыязджаюць у нашу краіну, бо ведаюць: тут цярплівы народ, які навучыўся гэтай рысе характару праз шматлікія выпрабаванні і войны. Ды і пра мірную працу татар-мусульман у асяроддзі хрысціянскага свету ведаюць. Трэба разумець, што тыя, хто не па ўласным жаданні, а праз знешнія абставіны ад'язджае з Радзімы, менавіта гэтага і шукаюць.

Для пацвярджэння сваіх слоў прывяду добры прыклад — горад Іўе, адкуль я родам. У ім некалькі гадоў таму ўсталявалі ўнікальны манумент — «У гонар сяброўства і адзінства канфесій Іўеўшчыны». Ён складаецца з чатырох стэл, якія сімвалізуюць столькі ж канфесій: іўдзеі, каталікі, мусульмане і праваслаўныя. Стэлы накіраваныя на чатыры храмы: былую сінагогу, касцёл, мячэць і царкву. На нашай — выява Карана, паўмесяц з зоркай і цытата з Карана, якая заклікае да міру і спакою. Спрадвечна мы жылі побач і заставаліся блізкімі адно аднаму. І прыкладаў гэтаму вельмі многа.

— Вы як муфцій якую мэту ставіце перад сабой?

— Зараз найперш за ўсё хачу павіншаваць нашых вернікаў са святам Курбан-байрам, якое мы адзначаем 24 верасня. Падчас яго мы ахвяруем жывёліну і раздаём яе мяса бедным людзям незалежна ад іх веравызнання. Калі зірнуць больш маштабна, то мая задача праз пропаведзі, малітвы, сустрэчы, пацвярджаць, што наша вера — гэта міласэрнасць. І толькі праз яе можна атрымаць міласць ад Усявышняга. У сапраўдным разуменні прытрымлівацца Джыхаду — значыць абараняць сваю Радзіму і сваю душу ад усяго негатыўнага. Калі ты прытрымліваешся гэтых двух правілаў, толькі тады лічышся сапраўды веруючым. Удумайцеся: палова веры — любоў да Айчыны. Так сказана ў Каране. Я, як прадстаўнік мусульман , якія жывуць у Беларусі і вызнаюць іслам, магу адказна сказаць, што мы ў найвышэйшай ступені патрыёты. Нават у самыя няпростыя часы, у тыя ж 1990-я, ніхто не з'ехаў. Нам так завешчана: жыві на зямлі, дзе прах тваіх продкаў, паляпшай яе, будзь прыстойным чалавекам у адносінах да іншых. Толькі тады ў судны дзень ты зможаш атрымаць ад Усявышняга дабро.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.