Вы тут

Праверка на дарозе


Гэту гісторыю мне расказаў мой колішні сябар — знатны паляўнічы і заядлы аматар рыбалкі. Праз яе, апошнюю, і прыгода была.

Дамовіліся неяк трое знаёмцаў ранічкаю махнуць на рыбалку. Машыну меў толькі адзін — Міхась. Яму, адпаведна, і кіроўцам быць. А таму ні напярэдадні, ні ў час рыбалкі ён, што называецца, ні грамулькі ў рот не браў, нават не збіраўся — тут справа прынцыпу. Проста напярэдадні мала спаў: спачатку збіраў ды насіў у машыну неабходнае прычындалле, потым захапіўся нейкімі хатнімі справамі... Факт, што лёг далёка за поўнач і толькі, здаецца, вочы заплюшчыў, — зазвінеў тэлефон.

— Ну, ці доўга цябе чакаць?! — данёсся абураны голас з таго канца проваду.

Міхась зірнуў на гадзіннік: Божухна, ён праспаў, падвёў людзей! Значыць, трэба хутчэй... Так — ногі ў штаны (гузікі потым), боты на ногі і кулём у машыну.

Дзякаваць Богу, яна тут жа завялася... Міхась праехаў па горадзе, сабраў сваіх сябрукоў. Толькі выехалі за горад — «даішнік»... У такую рань... І адкуль ён толькі ўзяўся! Аднак жэзлам загадвае спыніцца.

— Вы нецвярозы, — праверыўшы дакументы, кажа Міхасю.

— Ды не, — бароніцца той, — ні грама не піў ні сёння, ні ўчора. Ведаў жа, што за руль. У мяне з гэтым строга.

— Не ведаю, не ведаю, — засумняваўся ахоўнік парадку. — Давайце праверым. Вось вам трубачка. Дзьмухніце, калі ласка.

Міхасю баяцца няма чаго: удыхнуў на ўсе грудзі — дзьмухнуў. Проба нічога не паказала. «Даішнік» пачухаў патыліцу, дастаў другую трубачку... Не памяняла колеру і яна.

— Дзіўна, — заклапочана сказаў міліцыянер, — абедзве новыя... Можа, бракаваныя? Трэба праверыць.

Сказана — зроблена: дзьмухнуў у трубачку... ён.

— Глянь ты, спраўная! — прызнаў, пачырванеўшы. І дадаў: — Едзьце, шчаслівай дарогі!

Міхась вярнуўся ў машыну.

— Вынесла ж яго нячыстая... І чаго ён да мяне прычапіўся? — спытаў у сяброў.

— А ты ў люстэрка сёння глядзеў? — пацікавіліся тыя.

Міхась зірнуў (хоць у тое маленькае, што было ў машыне) і аж самому вусцішна стала — твар пакамечаны, валасы дыбком, вачэй амаль не відаць... Выліты алкаш.

Але ж пры гэтым на яго выдых прыбор не спрацаваў, а наадварот «здаў» даішніка...

А зрэшты, той таксама чалавек, і нішто чалавечае яму, відаць, не чужое?

Анатоль Палынскі,

г. Беразіно

Карова? Прынцэса!

У век сучасных тэхналогій моладзі, вядома ж, цяжка ўявіць, як жылі і працавалі іх дзяды, прадзеды. Для гэтага трэба чытаць кніжкі, глядзець фільмы.

У многіх з іх, тагачасных, дзеі разгортваліся ў вёсках, і галоўнымі героямі былі тады свінаркі, пастухі, даяркі, трактарысты. На гусенічным у ролі (Мацвея з Пянькова) «папрацаваў» нават знакаміты Вячаслаў Ціханаў! Бурліла жыццё ў вёсках...

Як расказвае мая мама, працаваць тады прыходзілася шмат і праца была вельмі цяжкай. Але ж людзі былі здаровыя, бадзёрыя, сілы мелі...

Тых жа кароў на ферме даілі ўручную. І каб толькі — кожнай даярцы трэба было сваю групу зімой пакарміць, стойлы прыбраць...

Мама вельмі любіла сваіх каровак, шкадавала іх. І, калі ў іншых даярак на слыху былі спрэс звычайныя, так бы мовіць, каровіны мянушкі — кшталту Рагуля, Красуля ды Чарнуля, то ў маёй мамы што ні кароўка, то Кветка, Фея, Харашуха, Паненка...

А любіміцай у яе была Прынцэса. Відаць, адчуваючы сваю неардынарнасць, гэтая кароўка пасвілася трошкі паводдаль ад статка, на рэчцы мутную ваду не піла — чакала, пакуль сыдзе каламуць. І малака давала шмат, як, дарэчы, усе маміны кароўкі...

Магчыма, праз гэта іншыя даяркі на ферме таксама сталі даваць сваім падапечным больш ганаровыя мянушкі: у статку з'явіліся Барыні, Баярыні, Царэўны, Каралеўны, нават Графіня!

І што вы думаеце: па вытворчасці малака маміна гаспадарка выйшла на першае месца ў раёне! Потым слава пра яе стала грымець на ўсю вобласць.

Можа, кароўкі сталі адчуваць сваю прыналежнасць да вышэйшага свету і стараліся «адпавядаць»? А можа, і даяркам лягчэй было «служыць» Графіням ды Каралевам, бо нездарма ж кажуць, што карова без мянушкі — мяса.

Таццяна Раманава,

г. Наваполацк

Не сілаю, дык спосабам

Сенакос у вёсцы — адказная пара. Прынамсі, была. Бо гэта цяпер косяць касілкамі, альбо і зусім сена людзям гатовае даюць — у цюках. А некалі, гадоў 30 і болей таму, касілі яго ўручную — косамі... І, дарэчы, нікому не скардзіліся, што гэта, маўляў, дужа цяжка! Было б што касіць, як той казаў, бо жыўнасці ўсе трымалі многа: у людзей на падворках не адна карова была. Ды і бычкоў асобныя трымалі. А вось сенажаці часам выдзялялі дрэнныя, ад дому далёка...

У тое лета дзялку нам далі аж за 17 вёрст. Касіць яе давялося талакой. Добра яшчэ, што з надвор'ем пашчасціла: сохла ўсё на вачах. Вось муж і кажа мне: «Я дагаварыўся з трактарыстам — ён увечары па наша сена пад'едзе. Пагрузіць яго дапамогуць мясцовыя хлопцы. Гарэлкі я куплю, а ты збяры што з ежы. Трэба ж прыкусіць».

Трэба — значыць трэба. Сабрала я ў торбу нейкіх харчоў, паклала туды ж свой купальнік (думаю, буду сена варочаць — пазагараю заадно)... Селі мы з мужам на матацыкл ды паехалі. Да самой сенажаці, праўда, падруліць не змаглі — сцежка раней «абарвалася». Але ж матацыкл паблізу ў цянёк паставілі, а на дрэва — каб сабакі не дасталі — павесілі торбу з пачастункам і купальнікам (не надзявала я яго, бо адразу ж сталі грызці авадні, ды і, калі па шчырасці, не да загару неяк было). Мы з мужам пайшлі працаваць: падварушвалі наша сена, зграбалі ў валкі...

Увечары, як і дамоўлена было, прыехаў трактар.

Не падманулі мужа і тыя хлапцы.

Факт, што сена мы дружна пагрузілі, увязалі — наступіў час «наліваць».

Усёй «камандай» (хлопцы ў прадчуванні...) мы пакіравалі да знаёмага дрэва. Там я задрала галаву і знямела: торбы на месцы... не было. Затое ўнізе, на траве, валяліся шматкі знаёмай абгорткі...

— Ну, гаспадынька, варон ты пакарміла, — прызнаў нехта з памагатых. — А вось чым будзеш людзей?..

Нам з мужам хоць ты скрозь зямлю праваліся!

Але ж сталі шукаць. Спачатку ў высокай траве ён знайшоў кілішак, потым — бутэльку з гарэлкай. А вось з харчоў не засталося ні крошкі — «закусваць» хлопцам давялося рукавом.

А тым часам я ўспомніла пра свой купальнік. Яго ж таксама нідзе не было! «Ну і халера з ім, — падумала. — Усё роўна стары. Трэба будзе новы купіць...»

Аднак тут нехта з хлопцаў спытаў:

— Слухайце, а што гэта на дрэве вісіць?

Усе дружна пазадзіралі галовы: з верхавіны і зусім непадалёк звісаў... мой купальнік.

...Даставаць яго ніхто з мужчын не палез: і не новы, і высока, і цямнець стала... А вось вароны — хто ведае — можа, яго потым і знялі. Яны гэта могуць, як высвятляецца...

С.А. Курцін.

г.п. Лынтупы, Пастаўскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.