Вы тут

Кавуны і дыні «здалі» пазіцыі


А айчынныя ягады — «заваявалі».

...Прылаўкі запоўнены рознымі гатункамі яблыкаў і груш: чырвоныя, жоўтыя і зялёныя, кіслыя і салодкія — на любы густ. «Залаты ранет», «штрудзель» стануць вашымі ўсяго за 18 тысяч рублёў, «малінавыя» і антоўнаўку аддаюць па 12 тысяч, кісла-салодкі «імант» — па 13 тысяч. Грушы «бэры» ёсць у наяўнасці па 20 тысяч за кілаграм, а «медуніца» — па 25 тысяч. Раптам між латкамі з заморскай садавіной заўважаю невялікія кантэйнеры з клубніцамі. Калі верыць этыкетцы, ягады прыехалі з Польшчы.

— Бярыце, яны пахучыя, смаката, — раіць прадаўшчыца, ігнаруючы маё пытанне пра паходжанне клубніц. За 250 грамаў «далікатэсу» яна хоча атрымаць не менш як 30 тысяч рублёў. Праўда, на сезонным рынку знайшлося яшчэ некалькі кропак, дзе гандлявалі тым жа таварам, але па 25 тысяч рублёў.

Здалі пазіцыі дыні і кавуны: на прылаўках іх значна паменела. Затое, калі ў мінулым месяцы кілаграм паласатай ягады каштаваў у сярэднім 7 тысяч рублёў, то цяпер найвышэйшы «цэннік» складае 5 тысяч рублёў. Кошты на дыню таксама апусціліся на 3-4 тысячы, у сярэднім ён не перавышае 12 тысяч за кілаграм. А вось айчынныя ягады трымаюць марку. Напрыклад, кілаграм буякоў аблегчыць кашалёк на 130 тысяч рублёў. Нагадаю, падчас жнівеньскага шпацыру па сезонным рынку прадаўцы сапраўды папярэджвалі, што хутка кошты вырастуць (тады кілаграм сініх буйных ягад аддавалі па 70 тысяч рублёў). З'явілася абляпіха — кілаграмовы кантэйнер аранжавых вітамінаў мае цэннік «120». Кілаграм буйной прыгожай маліны (ягадкі — адна ў адну) стане вашым за 170 тысяч рублёў. Тым не менш, прадаўшчыца, убачыўшы ўва мне патэнцыйнага пакупніка, адразу папярэдзіла: можа саступіць.

...«Коўдры» з лепельскіх журавін і брусніц літаральна засцілаюць прылаўкі. Кошты на гэтыя ягады куды больш дэмакратычныя: адпаведна, па 40 і З0 тысяч за кілаграм смакаты. За такія грошы можна набыць два кілаграмы бананаў, кілаграм інжырных персікаў, грэйпфрутаў альбо ківі. Спакушаюць «бэбі-бананы», якія знайшліся па даволі прымальным кошце, усяго за 25 тысяч рублёў (лічыце, кілаграм зялёнага вінаграду). Хаця да Новага года яшчэ далёка, але ўжо з'яўляюцца мандарыны: за кілаграм пладоў без костачак з вас возьмуць 35 тысяч рублёў. Іншыя цытрусавыя — лімоны — абыдуцца даражэй: кілаграм ідзе не менш як за 45 тысяч рублёў. Па гэтым кошце можна набыць адзін плод авакада, два кіло персікаў альбо нектарынаў (апошніх на прылаўках стала значна менш, чым месяц таму).

Пераходзім да радоў з гароднінай. Тут прапануюць буйную прыгожую радыску — вялікі пучок за 15 тысяч рублёў. Пучкі кропу, зялёнай цыбулі, пятрушкі, шпінату, рукалы аддаюць па 10 тысяч рублёў. Радуюць вока па-святочнаму аранжавыя кавалкі гарбузоў — паўкілаграмовыя «ласункі» за 25 тысяч рублёў. Маладая бульба ідзе па розным кошце — ад 7 да 12 тысяч рублёў за кілаграм. Даволі шмат памідораў і агуркоў — адшукаць дастойную гародніну можна адпаведна па 12 і па 10 тысяч рублёў за кілаграм.

Хваляцца сваім скарбам і грыбнікі, якія прывезлі каштоўны тавар ажно з Віцебшчыны. У вёдрах — вялікія баравікі, веліканы-падбярозавікі, ёсць і лісічкі. Кошты розныя — нехта аддае кілаграмовае вядзерца белых за 160 тысяч рублёў, нехта падымае кошт яшчэ на некалькі дзясяткаў тысяч рублёў. Дарэчы, стаграмовая звязка сушаных белых грыбоў абыдзецца ў 100 тысяч рублёў. Кіло шампіньёнаў стане вашым усяго за 35 тысяч рублёў, а вешанкі — за 45 тысяч рублёў.

Лічыльнік «Звязды» (кошты за кілаграм, калі не пазначана іншае)

Сала хатняе салёнае — 110-145 тыс.

Бекон — 90 тыс.

Сальцісон — 80-95 тыс.

Фарш свіны — 63 тыс.

Свініна (філе) —120 тыс.

Свініна (грудзінка на засолку) — 65 тыс.

Бужаніна — 90 тыс.

Бройлернае кураня (філе) — 66 тыс.

Каўбаса (мяса качкі) — 103 тыс.

Паляндвіца сыравэнджаная — 240 тыс.

Бараніна (філе) — 165 тыс.

Цяляціна (філе) — 180 тыс.

Селядзец слабасалёны — 51 тыс.

Скумбрыя вэнджаная — 80 тыс.

Алей сланечнікавы рафінаваны (1 л) — 24 тыс.

Крупы грэцкія (800 г) — 14-15 тыс.

Рыс даўгазерневы (800 г) — 13 тыс.

Яйка курынае D-1 (дзясятак) — 13-14 тыс.

Яйка перапялінае (20 штук) — 22-23 тыс.

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалям засталося прыкласці зусім няшмат намаганняў, каб жаданая мэта была дасягнута.

Грамадства

Камандзір вядзе за сабой

Камандзір вядзе за сабой

Пяцікурснік Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Е. Полацкай быў удастоены ганаровага звання «Чалавек года Віцебшчыны — 2023».

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.