Вы тут

Кансалідацыя патэнцыялу


Менавіта яна патрэбна ў сённяшняй сітуацыі і Саюзнай дзяржаве, і ЕАЭС.

Учора Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіўся ў Сочы з рабочым візітам, сустрэўся з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

[caption id="attachment_101644" align="alignnone" width="600"]19-54 У час наведвання сумеснай беларуска-расійскай прамысловай выставы.[/caption]

Падчас сустрэчы беларускі лідар адзначыў, што Беларусь і Расія пастаянна трымаюць на кантролі як праблемы, якія існуюць у двухбаковых адносінах, так і станоўчыя моманты. «Мы сапраўды разумеем, што адбываецца вакол нас. Хапае і ў нас праблем, таму мы і збіраемся на такія рэгіянальныя мерапрыемствы (форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які адначасова праходзіў у Сочы. — Заўвага БЕЛТА)», — прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. Беларускі лідар нагадаў, што калі расійскія губернатары бываюць у Беларусі, то няма такога выпадку, каб кіраўнік дзяржавы асабіста не сустрэўся з кіраўніцтвам рэгіёнаў і не пацікавіўся бягучымі справамі, «што трэба, што мы можам зрабіць, што разам можам зрабіць».

«Я заўсёды дзякую рэгіёнам Расіі. Нашы беларуска-расійскія адносіны ў мінулыя часы былі выратаваны толькі рэгіёнамі Расіі. Калі б тады ў нас не было супрацоўніцтва з імі, нам вельмі складана было б утрымаць адносіны, якія ў нас былі ў складзе Савецкага Саюза. Пасля распаду вельмі цяжкі быў час», — нагадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ў Беларусі таваразварот з некаторымі рэгіёнамі Расіі вышэйшы, чым з іншымі дзяржавамі. «Прыкладна палавіна ўсяго беларускага таваразвароту прыпадае на Расію. Адсюль і каштоўнасць, і значнасць нашых адносін», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы выказаў упэўненасць, што прэзідэнцкія выбары пройдуць на самым высокім узроўні ў поўнай адпаведнасці з беларускімі і міжнароднымі стандартамі.

Прэзідэнцкая выбарчая кампанія — гэта заўсёды вельмі адказны і няпросты этап у жыцці любой краіны, адзначыў Прэзідэнт Расіі. Яму вядома, што ў Беларусі пачалі ўжо работу маніторынгавыя групы БДІПЧ АБСЕ і СНД, у абедзвюх прысутнічаюць расійскія прадстаўнікі. Уладзімір Пуцін пажадаў беларускаму калегу поспехаў.

Прэзідэнт Расіі адзначыў, што двухбаковыя беларуска-расійскія адносіны развіваюцца вельмі паспяхова. «Ёсць пытанні, якія, безумоўна, патрабуюць нашай асаблівай увагі, дасканалага разгляду, але ў цэлым хацеў бы адзначыць, што тыя мэты, якія мы перад сабой ставім у ходзе нашага ўзаемадзеяння, дасягаюцца», — сказаў Уладзімір Пуцін.

На пленарным пасяджэнні ІІ форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Сочы Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка закрануў надзённыя тэмы супрацоўніцтва ў Саюзнай дзяржаве і ў ЕАЭС.

Саюзная дзяржава — лакаматыў ЕАЭС

Саюзная дзяржава з'яўляецца лакаматывам стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. «Без сумнення, у новым інтэграцыйным фармаце будуць шырока запатрабаваны нашы напрацоўкі і па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. Па сутнасці, гэта адзін з ключавых фактараў павышэння ўстойлівасці нацыянальных эканомік», — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што, нягледзячы на цяжкасці, звязаныя з сусветным крызісам, кантакты паміж рэгіёнамі дзвюх краін значна пашырыліся: толькі за 8 месяцаў бягучага года ў Беларусі прынялі 36 рэгіянальных дэлегацый з Расіі. У сваю чаргу беларускія прадстаўнікі наведалі 21 расійскі рэгіён. Такія дзелавыя кантакты даюць рэальны эканамічны эфект у рэалізацыі сумесных праектаў.

Беларусь і расійскія рэгіёны ўзаемавыгадна супрацоўнічаюць па многіх напрамках. У Расіі запатрабавана беларуская прадукцыя. «Якасць, даступныя цэны з'яўляюцца яе канкурэнтнай перавагай. Наша краіна гатова і ў далейшым нарошчваць пастаўкі тавараў і паслуг», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён звярнуў увагу, што з Масквой, Санкт-Пецярбургам, Цюменскай, Смаленскай і Маскоўскай абласцямі, Татарстанам таваразварот значна перасягае аб'ёмы гандлю Беларусі з многімі замежнымі краінамі.

Аб якасці нашага малака

Аляксандр Лукашэнка падчас выступлення адказаў Прэзідэнту Казахстана Нурсултану Назарбаеву на крытыку беларускага малака.

«Мы жывём у рыначных умовах, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Купляюць у Казахстане такое малако — туды яго і вязуць. Не куплялі б — не павезлі». «Няма такога тэрміна «натуральнае малако», — працягнуў Аляксандр Лукашэнка. «Усе цудоўна разумеюць, што і Расія, і Беларусь узаемна «сушаць» гэтае малако, выдаляюць ваду. Калі пік малака падае, калі яго не хапае, Расія заказвае ў Беларусі; мы часта купляем у Расіі гэта малако, разбаўляем яго: гэта значыць, дабаўляючы ваду, і атрымліваецца нармалізаванае малако», — сказаў Прэзідэнт. Ён растлумачыў таксама, што малочным напіткам лічыцца прадукт, у які дабаўляецца сок.

«Калі разважаеш на нейкую тэму і праблему, трэба больш глыбока ў ёй разбірацца», — лічыць Аляксандр Лукашэнка. «Гэтая тэма не мае ніякіх адносін да таго, што адбываецца ў нас у Еўразійскім эканамічным саюзе. У нас ёсць значна больш сур'ёзныя праблемы», — рэзюмаваў ён.

Аб адзінай прамысловай палітыцы

Прэзідэнт Беларусі прапанаваў канкрэтныя крокі для фарміравання адзінай прамысловай палітыкі ў Саюзнай дзяржаве сёння. Існуючая ў свеце сітуацыя прадэманстравала наяўнасць пэўнай неабароненасці як Беларусі, так і Расіі ад знешніх фактараў, адзначыў беларускі лідар. «Цяпер асабліва патрэбна кансалідацыя нашага патэнцыялу як у Саюзнай дзяржаве, так і ў Еўразійскім эканамічным саюзе ў цэлым. Найважнейшае значэнне, на наш погляд, мае каардынацыя дзеянняў у прамысловым сектары, якая можа быць забяспечана фарміраваннем адзінай прамысловай палітыкі. Галоўная яе мэта — дыверсіфікацыя нацыянальных эканомік, стварэнне новых вытворчасцяў і развіццё чалавечага капіталу».

Прэзідэнт Беларусі прапанаваў шэраг канкрэтных крокаў у гэтым напрамку, пачаўшы з неабходнасці забяспечыць аднолькавыя канкурэнтныя ўмовы суб'ектам гаспадарання для работы на агульным рынку тавараў і паслуг. «Неабходна максімальна ўстараніць існуючыя бар'еры і абмежаванні ў гандлі, якія прыводзяць да страты прывабнасці двухбаковага супрацоўніцтва і адпаведна нівелююць саму ідэю інтэграцыі», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аб уступленні ў СГА

Беларусь не спяшаецца ўступаць у СГА, каб не нанесці шкоды ЕАЭС, заявіў Прэзідэнт Беларусі. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што апошнія дамоўленасці Казахстана з СГА, мытныя пошліны, пра якія яны дамовіліся, стварылі рэальную праблему функцыянавання адзінага эканамічнага саюза. «Мы вымушаны прыстасавацца да таго, што там накруцілі СГА і Казахстан. І гэта будзе няпроста: там панізілі пошліны так, што можа хлынуць прадукцыя на расійскі і беларускі рынкі», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Амаль усе прамысловыя прадпрыемствы трапляюць пад удар, дадаў ён.

Беларусь таксама ў сваю чаргу аднавіла перамоўны працэс з СГА. «Але ў гэтым выпадку мы не спяшаемся ўступіць у СГА», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, трэба прааналізаваць сітуацыю. «Можа, няўдзел сёння Беларусі ў СГА нам прынясе большую карысць, чым уступленне. Зразумела, што нас цяпер будуць «прасаваць», каб мы з боку Беларусі яшчэ ніжэй апусцілі мытныя пошліны, але гэта разбурыць увесь эканамічны саюз», — падкрэсліў Прэзідэнт.

«Мы спыніліся, акуратна вывучаем сітуацыю для таго, каб не дапусціць гэтых памылак, і нашы партнёры і калегі павінны пра гэта ведаць», — сказаў беларускі лідар.

Аб «развароце ад Расіі»

«Трэба спыніць размовы наконт нейкага развароту Беларусі, павароту і г.д.», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, растлумачыўшы, што гэтая тэма, у прыватнасці, узнімаецца некаторымі расійскімі СМІ. «Мы не збіраемся ні з кім канфліктаваць, мы выбудоўваем роўныя добрыя адносіны, як гэта робіць сёння Расійская Федэрацыя», — прадоўжыў Прэзідэнт.

«Не трэба нас папракаць, што мы кудысьці разварочваемся. Нам няма куды разварочвацца. Мы з вамі будзем заўсёды разам», — рэзюмаваў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аб бесперспектыўнасці санкцый

«У свеце адбываецца, няхай павольна, усведамленне бесперспектыўнасці санкцый і тым больш ізаляцыі асобных краін, а таксама нагнятання ваенных пагроз. Мы заўсёды былі супраць такіх метадаў», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Вяртаючыся да тэмы Саюзнай дзяржавы, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яна павінна стаць ядром Еўразійскага эканамічнага саюза. «Трэба максімальна эфектыўна выкарыстоўваць патэнцыял інтэграцыі, — прадоўжыў ён. — Выканаўшы гэтыя задачы, Беларусь і Расія змогуць надаць магутны імпульс інтэграцыі краін і народаў, актывізаваць узаемадзеянне рэгіёнаў і гаспадарчых структур». Кіраўнік дзяржавы пажадаў, каб Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі стаў добрай традыцыяй Саюзнай дзяржавы, ніколі не страчваў сваёй актуальнасці і эфектыўнасці, служыў добрым стымулам для развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння.

* * *

Учора Аляксандр Лукашэнка ў суправаджэнні Уладзіміра Пуціна наведаў адукацыйны цэнтр «Сірыус» у Сочы.

Для Прэзідэнта Беларусі правялі спецыяльную экскурсію, расказалі аб сістэме навучання ў такіх цэнтрах. Аляксандр Лукашэнка распісаўся ў Кнізе ганаровых гасцей.

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні. 

Грамадства

Народнае прадстаўніцтва

Народнае прадстаўніцтва

Вясна гэтага года праходзіць у Беларусі пад знакам Усебеларускага народнага сходу ў яго новым статусе і якасці. 

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў.