Вы тут

Намеснік міністра замежных спраў Аляксандр Гур'янаў знаходзіцца з рабочым візітам у Лацінскай Амерыцы


Першыя палітычныя кансультацыі паміж знешнепалітычнымі ведамствамі нашай краіны і Сальвадора прайшлі на мінулым тыдні. Пра гэта на брыфінгу паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі — прэс-сакратар Міністэрства знешніх спраў Дзмітрый МІРОНЧЫК.

З 15 па 23 верасня праходзіць рабочы візіт намесніка міністра замежных спраў Аляксандра Гур'янава ў Сальвадор, Нікарагуа і Аргенціну. Паводле інфармацыі, агучанай Дзмітрыем Мірончыкам, падчас візіту ўжо адбыліся першыя ў гісторыі двухбаковых адносін палітычныя кансультацый паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Сальвадора. Таксама плануецца першае пасяджэнне беларуска-аргенцінскай і другое пасяджэнне беларуска-нікарагуанскай міжурадавых камісій па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. У мэтах прасоўвання інтарэсаў Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі Аргенціны адбудзецца ўручэнне консульскага патэнта нядаўна прызначанаму ганароваму консулу нашай краіны у Аргенцінскай Рэспубліцы Крысціяну Дэсідэры.

— Да падпісання ў ходзе візіту падрыхтаваны пакет дакументаў, якія пашыраць дагаворна-прававую базу двухбаковых адносін з гэтымі краінамі, — паведаміў прэс-сакратар МЗС. — У іх ліку міжурадавае пагадненне з Нікарагуа аб адмене віз для ўладальнікаў дыпламатычных і службовых пашпартоў, мемарандум аб супрацоўніцтве ў сферы сельскай гаспадаркі паміж Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам сельскай гаспадаркі, жывёлагадоўлі і рыбалоўства Аргенцінскай Рэспублікі.

У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Марыніч, прадстаўнікі такіх прадпрыемстваў, як МАЗ, "Беларуснафта", "Белэксімгарант", а таксама Банка развіцця нашай краіны.

— Адносіны Беларусі з Сальвадорам сёння знаходзяцца на этапе актыўнага старту, — заўважыў Дзмітрый Мірончык. — Мы спадзяёмся, што першыя палітычныя кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў, якія адбыліся ў Сальвадоры ў сераду вечарам па беларускім часе, нададуць значны імпульс двухбаковаму супрацоўніцтву. Трэба адзначыць, што мы з самага пачатку робім акцэнт на развіцці двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У гэтым кірунку ёсць выразныя перспектывы, пра гэта гаворыць і наш вопыт супрацоўніцтва з іншымі краінамі лацінаамерыканскага рэгіёна.

Аб'яднацца супраць тэрарызму

На днях у Маскве прайшлі кансультацыі паміж міністэрствамі замежных спраў нашай краіны і Расійскай Федэрацыі па сітуацыі на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы. У рамках мерапрыемства адбылася сустрэча кіраўніка беларускай дэлегацыі — начальніка ўпраўлення Афрыкі і Блізкага Усходу Ігара Ляшчэні з паслом па асаблівых даручэннях, спецыяльным прадстаўніком МЗС Расіі па ўзаемадзеянні з Альянсам цывілізацый Канстанцінам Шувалавым. Бакі абмяняліся думкамі па пытаннях узаемадзеяння з Арганізацыяй ісламскага супрацоўніцтва (АІС). Асаблівая ўвага была нададзена супрацоўніцтву з прадстаўнікамі АІС у рамках арганізацый сістэмы ААН.

— Падчас сустрэчы са спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта Расійскай Федэрацыі па Блізкім Усходзе, намеснікам міністра замежных спраў Расійскай Федэрацыі Міхаілам Багданавым бакі абмяняліся думкамі па актуальных пытаннях развіцця сітуацыі на Блізкім Усходзе, — адзначыў прэс-сакратар МЗС. — Асаблівая ўвага была нададзена ўзгадненню падыходаў па ўрэгуляванні сітуацыі ў Сірыі. Адбыліся таксама разгорнутыя кансультацыі па праблематыцы рэгіёна з дырэктарам дэпартамента Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі МЗС Расіі Сяргеем Вяршыніным. У цэнтры ўвагі была тэматыка Ісламскай дзяржавы, араба-ізраільскага ўрэгулявання, развіцця сітуацыі ў Лівіі і іншых краінах рэгіёна.

Надзея ЮШКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».