Вы тут

Напачатку было слова...


Модная сярод журналістаў гульня ў алфавіт была выкарыстана пры размове з галоўным рэдактарам часопіса «Маладосць» Святланай Дзянісавай. Але не было б «Маладосці» без наватарства і эксперыментаў! Замест таго, каб выцягнуць з дзіцячай азбукі выпадковы набор літар, «апанентка» прапанавала націснуць пяць кнопак на клавіятуры. Так, маўляў, бліжэй да паўсядзённай практыкі. Якія, маўляў, літары пад руку трапяць, тыя і будуць «расшыфраваны». Дзіўна, але тое, што трапіла «пад руку», у выніку лёгка склалася ў слова. І гэта было... СЛОВА! Яно і было «расшыфравана» — на кожную літару сказана тое, што асабліва трывожыць або захапляе.

22-101

С

— Самалюбаванне. Часы, калі можна было дазволіць сабе «прыперці рэдактара да сценкі» ў выпадку яго нязгоды надрукаваць твор, апелюючы да фактаў папярэдніх публікацый, «б'ючы» на імя і «рэгаліі», мінаюць. Сама рэальнасць так пастанавіла. Колькі, бывае, прысылаецца твораў ад аўтараў, што маюць цэлыя спісы перамог на шматлікіх літконкурсах, розных там прэмій і званняў, нават выдадзеных кніг, а тэксты пры гэтым, даруйце за рэзкасць, чытаць немагчыма. Ці мусіць «Маладосць» «весціся» на аўтарскую самарэкламу, нават калі ўсё ў ёй сказанае — ад перамог на конкурсах да выдадзеных кніг — чысцюткая праўда? Не. Пакідаючы апісаныя ў самарэкламе поспехі на сумленні тых, хто меў да іх дачыненне, «Маладосць» няхай і надалей з'яўляецца тэрыторыяй, свабоднай ад якой бы там ні было кан'юнктуры, месцам, дзе вартасць тэкстаў вызначаецца выключна прафесійным бачаннем рэдактараў, дзе талент талентам і застаецца. І вось што мне яшчэ хацелася сказаць. Часам за аўтараў прапанаваных нам тэкстаў хадайнічаюць сапраўдныя мэтры. Аднаму пісьменніку школьніца прысвяціла верш, пра твор другога студэнт напісаў рэцэнзію... І паўстае пытанне «на засыпку»: што будзе браць пад увагу рэдактар — імя таго, каму прысвечана, пра твор якога напісана, ці ўсё ж якасць самога матэрыялу? «Маладосць» — такое выданне, якое не толькі за якасць дбае, але і мэтраў, якім «прысвячаецца», у крыўду нізавошта не дасць. Прыкра толькі, што часам тыя крыўдзяцца разам з аўтарамі. Няўжо ўсё роўна, у якім кантэксце бачыць у друку сваё імя?..

Л

— Легенда. Часопіс «Маладосць» — легенда. І калі астранамічны дзень пачынаецца ў мяне з малітвы за сябе і родных, то дзень працоўны — з думкі пра гісторыю тых дзвярэй, якія штораніцы адмыкаю сваім ключом. Не ў літаральным сэнсе, безумоўна, бо дзверы — гэта толькі дзверы. Але для мяне яны — партал. Шчоўк — і я трапляю туды, дзе кожная хвіліна павінна быць скарыстана і пушчана выключна на карысць. Не ганарыцца трэба тым, што ты працуеш на месцы, дзе працавалі Пімен Панчанка і Генадзь Бураўкін, а баяцца. Баяцца схібіць, баяцца сапсаваць. Проста баяцца. Гэта нашмат больш дзейсная практыка. Легенда — гэта калі трапечацца сэрца і па скуры бягуць мурашкі.

О

— Опцыі. Так я называю тое, што ўласціва або не ўласціва тым, хто працуе ў нашай рэдакцыі або прэтэндуе на гэтую працу. Опцыі «спазніцца на працу», «не выканаць заданне ў акрэслены тэрмін», «не стрымаць абяцанне», «схалтурыць», «пайсці па шляху найменшага супраціўлення» ў сапраўднага «маладосцеўца» адсутнічаюць. «Падыходзіць да справы арыгінальна», «мысліць стратэгічна» і «дзейнічаць рацыянальна» — просты, стандартны набор. Той, хто хоча працаваць у самым прэстыжным маладзёжным літвыданні краіны, лёгка адказвае на пытанні кшталту: «Колькі свежых ідэй прыйшло ў вашу галаву за апошнія дваццаць чатыры гадзіны?» І ўласнаручна робіць выданне, у якім працуе, самым прэстыжным.

В

— Вокладка. З яе «мастацкім рашэннем» літаратурнаму выданню складаней, чым якому іншаму. Сюжэтныя фотаздымкі з героямі часу «Маладосць» на сваіх вокладках ужо размяшчала. Працы маладых мастакоў і дызайнераў (самая частая прапанова пры пошуку свежых ідэй) — таксама. Трафарэтныя «пытальнікі», яны ж паўшар'і галаўнога мозга, яны ж яркі фон для шэрай безаблічнай постаці прайшлі праз частку «нулявых» і змяніліся выявай «Залатой літары» — як сімвала поспеху. Шчаслівыя твары юных паэтаў — было. Кветкі ў якасці папярэджвання, што першы поспех — гэта толькі «кветачкі», і каб не аказаўся дэбют «пустацветам», каб літаратурная творчасць прынесла плады, патрэбна ўпартая, нястомная, цяжкая праца, — таксама ў змястоўным мінулым. Што наперадзе? Сёлета «Маладосць» «запусціла» праект «Прозвішчы», даўшы маладым мастакам магчымасць «убачыць» сваіх Агінскага, Ажэшку, Драздовіча, Быкава, Цётку, Баршчэўскага з Нікіфароўскім... Чаму без імёнаў? Ды лічыцца, што адукаваны чалавек (якім, безумоўна, чытач «Маладосці» з'яўляецца) дакладна ведае, як завуць таго ці іншага генія нашай культуры, а фамільярнасць тут ні пры чым. Найбліжэйшым часам рэдакцыя правядзе чарговы brаіnstоrmіng — і стане вядома, якой будзе вокладка «Маладосці» ў 2016-м. А пакуль што можна ўпэўнена паведаміць, што часопіс чакае ўвогуле новы дызайн.

А

— Амбіцыі. Часопіс «Маладосць» для тых, хто мае амбіцыі. Хто іх мае, той не прышле ў рэдакцыю тэкст, які не «адляжаўся», не перачытаўся «як чужы». Амбіцыйны паэт не прынясе падборку з вершамі, якія ўжо недзе друкаваліся або былі вернуты. Навошта? Амбіцыйны празаік не будзе ўласнаручна даваць свайму твору ацэнку — быццам набіваючы кошт. Дзеля чаго? Амбіцыйны публіцыст піша толькі тое, што трэба. Як праверыць, што напісана толькі тое, што трэба? Такі тэкст немагчыма скараціць, пад такі тэкст уражаны рэдактар са слязьмі шчасця на вачах гатовы аддаць любую колькасць старонак. За «вадзяністы» тэкст я «дзякуй» не скажу, а вось за высечаныя нізавошта дрэвы магу зрабіць аўтару вымову, і няхай не крыўдуе. Бо часам бываюць цэлыя кавалкі ні пра што, або паўторы, або нічым не абгрунтаваныя адступленні. Амбіцыйны журналіст не звяртаецца да героя інтэрв'ю па імені, не вітаецца, не развітваецца, не гаворыць «дзякуй» і не жадае поспехаў — гэта лішняе ў тэксце, гэта «за кадрам», пра гэта чытач і без таго ведае. Журналістыка паспяховых часопісаў — гэта рацыянальная, ашчадная журналістыка, яна не адбірае ў чытача лішні час, а ў выдання — лішнюю паперу. Амбіцыйны літкрытык? Ён будзе пісаць, а не адмаўляцца ад гэтай працы па той прычыне, што за яе «мала плацяць». Урэшце, «Маладосць» стваралася для тых, хто не можа не пісаць...

Запісала Любоў Вабішчэвіч

Фота Наталлі Асмолы

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.