Вы тут

Пра нашы праваслаўныя святыні змогуць болей даведацца расіяне, еўрапейцы і жыхары Азіі


У гэтым годзе адзначаецца 25-годдзе стварэння Беларускага Экзархата Маскоўскага Патрыярхату. Да гэтай юбілейнай даты Беларуская праваслаўная царква прэзентавала першую серыю дакументальнага фільма «Святыні Белай Русі», які плануецца паказаць па трох тэлеканалах Расіі, а таксама па спадарожнікавых у Еўропе і Азіі.
22-27

— Беларускі Экзархат святкуе 25-годдзе з дня свайго стварэння, — кажа мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі ПАВЕЛ, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. — Сёння Беларуская праваслаўная царква налічвае 1600 прыходаў, больш за 40 манастыроў, у нас ёсць Духоўная семінарыя, акадэмія, вучылішча. Гэта велізарная колькасць праваслаўных веруючых людзей.

Звярнуўшыся да тэмы праваслаўных святыняў, Уладыка падкрэсліў, што Беларусь славутая не толькі сваімі матэрыяльнымі каштоўнасцямі, але і людзьмі: «Я спадзяюся, што прэзентацыя фільма аб святынях на беларускай зямлі паслужыць сур'ёзным стымулам, каб мы звярнулі ўвагу на тыя каштоўныя жамчужыны, якіх мноства на ўсёй тэрыторыі Беларусі. Гэта нашы храмы, нашы манастыры і, зразумела, народ. Яго асновай з'яўляецца святасць. І імкненне да яе было заўжды, на працягу ўсяго існавання Беларускай праваслаўнай царквы.

Па словах Мітрапаліта Паўла, кінастужка будзе цікавая не толькі праваслаўным веруючым, але і кожнаму чалавеку незалежна ад веравызнання: «Нашы святыні — гэта не толькі крыніцы і маляўнічыя месцы. Там гарманічна спалучаюцца і архітэктура, і мясцовасць, і жывапіс, і музыка. Мы спадзяёмся і будзем спадзявацца, што, здзяйсняючы малітвы ў гэтых святых месцах, нашы душы будуць змяняцца. Нашы сэрцы, храмы і Айчына адкрыты для ўсіх, хто жадае ўбачыць святыні».

У першай серыі «Святыняў Белай Русі» расказваецца пра знакавыя ў гісторыі Царквы фігуры — Еўфрасінню Полацкую і Кірылу Тураўскага, храмы — Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі і Пустынскі Успенскі жаночыя манастыры, Свята-Траецкі Маркаў мужчынскі манастыр, Благавешчанскі храм горада Віцебска, і асобная ўвага — да кафедральнага сабора горада Турава і яго гісторыі.

Каб стварыць фільм, творчаму калектыву тэлеканала «Эхо ТВ» з горада Разані спатрэбіўся год. Аўтары пастараліся ў паўгадзінны тэрмін расказаць пра амаль дзясятак святыняў нашай краіны. Задума не прадугледжвае стварэнне іх пэўнай іерархіі па значнасці ці гістарычнай храналагічнасці. Хутчэй, гэта вольны экскурс у вобласці, гарады, вёскі Беларусі да храмаў і гістарычных асоб, якія ў іх жылі і працавалі. Да кароткіх гісторый стварэння цэркваў і здабывання святынь дадаюцца расповеды пра цуды, што здараюцца з людзьмі, якія звяртаюцца да ікон, мошчаў ці праз блаславёныя крыніцы па дапамогу.

Па словах айца СЕРГІЯ (Лепіна), старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы, «гэты фільм не самакаштоўны і не самадастатковы, ён толькі пачатак серыі фільмаў».

Уладзімір КАЛАШНІКАЎ, кіраўнік творчага калектыву, пасля кінапаказу расказаў, што ў найбліжэйшы час фільм будзе паказаны па трох тэлеканалах Расіі. Акрамя таго, стваральнікі стужкі дамовіліся са спадарожнікавымі каналамі, каб паказаць яе ў Еўропе і Азіі.

«Я думаю, што кожны, хто паглядзіць гэты фільм, зверне ўвагу на нашы святыя мясціны і будзе мець жаданне наведаць іх», — сказаў Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі і такім чынам заахвоціў не толькі па-турыстычнаму любавацца прыгажосцю будынкаў храмаў, але і прыкласці малітвенныя намаганні і здзейсніць паломніцтва да «жамчужын» Беларусі. «Таму мы з радасцю будзем працягваць працу над наступнымі серыямі фільма», — падсумаваў ён.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavit@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».