Вы тут

Мінскі спартыўна-аздараўленчы цэнтр «Фрыстайл» прыняў міжнародны турнір лыжных акрабатаў


На адкрытым чэмпіянаце краіны па скачках на лыжах у ваду выступілі 38 спартсменаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана і Швейцарыі.

[caption id="attachment_101862" align="alignnone" width="600"]22-37 Аляк­сей Гры­шын і Дзміт­рый Да­шчын­скі за­вяр­шы­лі сваё вы­ступ­лен­не за на­цы­я­наль­ную збор­ную.[/caption]

У нядзелю на новую арэну прыходзілі сем'ямі, невялікая колькасць месцаў (трыбуны разлічаны на 500 гледачоў) дабаўляла атмасферы цяпла і камфорту. Без перабольшання тут сабралася эліта лыжных акрабатаў, сярод іх Ала Цупер з паўгадавалым сынам, дачкой і мужам, Дзмітрый Дашчынскі з жонкай і дзіцем, Аляксей Грышын і, вядома, мэтр айчыннага фрыстайлу — Мікалай Казека. Настаўнік паспяваў размаўляць са сваімі былымі вучнямі, сачыць за выступленнямі дзеючых спартсменаў і раздаваць інтэрв'ю.

Нешта падказвала, што спаборніцкі дзень павінен скласціся ўдала для нашай краіны.

А тут яшчэ і Ганна Гуськова, якая ў суперфінал спаборніцтваў выйшла з найлепшым вынікам. Ну, а там, у апошняй спробе, яна выканала трайное сальта: першае — прагнуўшыся, другое з групоўкай, а трэцяе з вінтом. Суддзі ацанілі яе выступленне ў 85,40 бала, што дазволіла нашай суайчынніцы падняцца на першы радок п'едэстала. Другой стала расіянка Аляксандра Арлова, трэцяй — яе сяброўка па камандзе Таццяна Бабіч.

— Усведамленне таго, што я перамагла, прыйшло толькі ў той момант, калі паднялася на п'едэстал. Вялікі дзякуй, што пабудавалі для нас такі цэнтр, вельмі прыемна і камфортна было выступаць тут, — не хаваючы хвалявання падзялілася ўражаннямі ад спаборніцтваў Ганна Гуськова.

У мужчын першынстваваў заяўлены лідар швейцарац Міша Гесер, які набраў найбольшую суму балаў як у фінале, так і ў суперфінале (131,81). Расіянін Пётр Мядуліч і швейцарац Дзімітры Іслер сталі ўладальнікамі сярэбранага і бронзавага медалёў адпаведна.

Прадстаўнікі Беларусі Дзяніс Восіпаў і Максім Гусцік (на фота) замкнулі пяцёрку найлепшых, Дзяніс стаў чацвёртым, Максім фінішаваў пятым.

[caption id="attachment_101860" align="alignnone" width="600"]22-35 Пе­ра­мож­ца — бе­ла­рус­ка Ган­на Гусь­ко­ва (у цэнтры), ся­рэб­ра­ны пры­зёр Ган­на Ар­ло­ва і брон­за­вы пры­зёр Тац­ця­на Ба­біч.[/caption]

— За Ганну рады, яна змагла выйграць у сур'ёзных саперніц. Што ж тычыцца мужчын, то ўсе тры атлеты, якія сталі прызёрамі, выканалі трайное сальта з пяццю піруэтамі. Нашы хлопцы пакуль такой праграмай не валодаюць, таму будзем працягваць працаваць, — так падвёў вынікі выступлення сваіх падапечных галоўны трэнер зборнай Беларусі Мікалай КАЗЕКА.

Нагадаем, у спаборніцтвах не прыняў удзел лідар мужчынскай беларускай зборнай Антон Кушнір, ён назіраў за барацьбой з трыбун, таму што аднаўляецца пасля хваробы.

Адкрыты чэмпіянат Беларусі стаў этапам падрыхтоўкі нашых спартсменаў да зімовага сезона. Ужо ў канцы кастрычніка каманда адправіцца на «снежныя» зборы, а пазней пачнуцца этапы Кубкаў свету і Еўропы.

Акрамя спаборніцкай праграмы, турнір уключыў урачыстую цырымонію ўшанавання нашых славутых фрыстайлістаў Дзмітрыя Дашчынскага і Аляксея Грышына, якія афіцыйна завяршылі сваё выступленне за нацыянальную зборную. Дзмітрый, дарэчы, працягвае працаваць у камандзе: ён займаецца падрыхтоўкай маладых спартсменаў.

— Узнагароджанне стала для нас сюрпрызам. Я ўжо забыўся, калі перастаў скакаць, а тут такая нечаканасць. Вельмі прыемна, што заўзятары і кіраўніцтва яшчэ памятаюць пра нас. Вялікі дзякуй за ўсё мерапрыемства і добрыя словы, — адзначыў Дзмітрый Дашчынскі.

Нагадаем, спартыўна-аздараўленчы цэнтр «Фрыстайл» быў адкрыты ў красавіку 2015 года. Арэна з'яўляецца ўнікальнай, пры яе будаўніцтве выкарыстоўваўся вопыт швейцарскіх спецыялістаў. Высокатэхналагічнае абсталяванне стадыёна дазваляе ў падрыхтоўчы перыяд правесці эфектыўную працу, падвесці лыжных акрабатаў да асноўнай часткі сезона ў аптымальнай форме. Трамплін выкананы з палімернага пакрыцця і арашаецца вадой, што замяняе фрыстайлістам снежны схіл. Скачуць спартсмены ў самы глыбокі (7,5 м) у краіне басейн, ён абсталяваны паветранай падушкай, якая змякчае ўдар пры прызямленні атлетаў на ваду.

Пасля адкрыцця цэнтра паўсталі невялікія праблемы з разгоннай часткай трампліна, але ў самыя кароткія тэрміны ўсе непаладкі былі ліквідаваны, што дазволіла правесці першыя афіцыйныя спаборніцтвы на высокім узроўні. Гэта адзначылі як трэнеры, так і ўдзельнікі чэмпіянату.

22-331

Галоўны трэнер зборнай Расіі Дзмітрый КАВУНОЎ:

— Наша каманда праводзіць ужо другі вучэбна-трэніровачны збор у новым комплексе. Расійскім спартсменам вельмі падабаецца тут скакаць, напрацоўваць праграму перад зімовым сезонам. Мінскі спарткомплекс «Фрыстайл» без перабольшання ўнікальнае збудаванне, аналагаў якому ў Расіі няма. Тое, пра што мы марылі вельмі доўга, з'явілася ў Беларусі. Цяпер пастаянна будзем прыязджаць сюды на зборы.

Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Швейцарыі, тэхнічны дэлегат Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту Майкл РОТ:

— Раней беларуская каманда прыязджала трэніравацца ў Швейцарыю, а цяпер, калі ў яе ёсць уласны цэнтр такога ўзроўню, спартсмены стануць яшчэ мацнейшымі! Хацелася б адзначыць, што спаборніцтвы прайшлі на высокім узроўні, не ўзнікла ніякіх праблем. Мне хацелася б павіншаваць усіх арганізатараў, яны папрацавалі на «выдатна».

Пераможца адкрытага чэмпіянату Беларусі Міша ГЕСЕР (Швейцарыя):

— Ваш цэнтр — гэта выдатнае месца, якое падыходзіць як для трэніровак, так і для міжнародных спаборніцтваў высокага ўзроўню. Спадзяюся, што гэты турнір стане традыцыйным і мы зноў убачымся ў наступным годзе.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.