Вы тут

Вадзім Гігін: «Зорная хвароба» не спрыяе развіццю


У гэтым перакананы першы намеснік старшыні Беларускага саюза журналістаў.

Падчас інтэрв'ю галоўны рэдактар часопіса «Беларуская думка», які з'яўляецца адным з арганізатараў і пастаянных удзельнікаў форуму маладых журналістаў, не толькі расказаў пра асаблівасці сёлетняй «вучобы», але і падзяліўся ўласнымі поглядамі на журналістыку.

22-14

— Вадзім Францавіч, чым чацвёрты форум будзе адрознівацца ад папярэдніх трох?

— Па-першае, ён будзе самым масавым. Гэта і зразумела: Год моладзі як-ніяк. Па-другое, пленарная частка пройдзе не ў традыцыйнай форме, калі выступоўцы адзін за адным выходзяць на трыбуну і нешта кажуць, а затым ім задаюць пытанні. Хочам даць слова непасрэдна самім маладым журналістам. І зрабіць гэта ў форме дэбатаў, падчас якіх моладзь будзе ўздымаць вострыя пытанні, што стаяць перад нашай прафесіяй. Яны адбудуцца з удзелам ганаровых гасцей. У якасці экспертаў выступяць вядомыя майстры слова. Дарэчы, праект БРСМ «Выбірай.BY» узняў сапраўдную хвалю маладзёжных дэбатаў. Ужо не раз даводзілася праводзіць такія дыскусіі, і гэта насамрэч узрушвае. Маладыя людзі ў прысутнасці высокіх дзяржаўных кіраўнікоў уздымаюць самыя надзённыя праблемы, якія тычацца выбарчага працэсу, кадравай палітыкі, эканомікі і г.д. І самі ж знаходзяць адказы, уступаюць у дыялог з міністрамі, дэпутатамі, старшынямі выканкамаў. Усё праходзіць у вострай, але добразычлівай атмасферы. Цяпер чарга дайшла да журналістыкі. Упэўнены, атрымаецца цікава і карысна.

Акрамя таго, на базе канкрэтных рэдакцый і інфармацыйных агенцтваў пройдуць выязныя трэнінгі. Ну і вядома, па добрай традыцыі Беларускі саюз журналістаў агучыць вынікі конкурсу для журналістаў-пачаткоўцаў «Дэбют», які, дарэчы, быў заснаваны адначасова з першым форумам. Радуе, што прозвішчы пераможцаў застаюцца на слыху і праз тры гады: гэта сведчыць, што журналістыка — іх свядомы выбар. Сёлета конкурсных работ прыйшло надзвычай шмат. Нашаму Камітэту па этыцы і прэміях прыйшлося шмат папрацаваць. Вельмі добра, што маладыя журналісты з раёнак і абласных рэдакцый, мясцовых тэлерадыёкампаній складаюць канкурэнцыю прадстаўнікам агульнанацыянальных масмедыя. Гэта сведчыць, што ў прафесію прыйшло добрае і таленавітае пакаленне.

— Вы неяк казалі, што не лічыце сябе журналістам у поўным сэнсе гэтага слова...

— Так, бо ў мяне няма адпаведнай адукацыі. Я скончыў гістарычны факультэт...

— Але ж, тым не менш, вы ўзначальваеце часопіс, пішаце не толькі навуковыя, але і публіцыстычныя артыкулы, ведзяце ток-шоу на тэлебачанні. Атрымліваецца, каб дасягнуць поспеху ў прафесіі, журналісцкая адукацыя зусім неабавязковая?

— Ёсць некалькі падыходаў. Наш, савецкі (ён прысутнічае і ў некаторых іншых краінах), згодна з якім журналістыцы трэба навучацца ва ўніверсітэце. І іншы: калі гэта рабіць не трэба, а журналістамі працуюць спрэс людзі з педагагічнай, філалагічнай ці іншай адукацыяй. Асабіста я лічу, што тут павінна быць нейкая залатая сярэдзіна. Вучыцца, безумоўна, трэба, бо калі ты не ведаеш асновы рамяства (структуру артыкула, жанры і г.д.), будзе цяжкавата.

Але ці трэба вывучаць журналістыку 5 гадоў? Гэта дыскусійнае пытанне. Тое ж, што, незалежна ад адукацыі, рэальна дабіцца поспехаў у журналістыцы, даказвае само жыццё. Так, на маіх вачах міліцыянер, які ў 45 гадоў пайшоў на пенсію, стаў выдатным крымінальным аглядальнікам. Многія спартсмены пасля таго, як заканчвалі сваю кар'еру, рэалізоўваліся ў спартыўнай журналістыцы. Яны ведаюць тое, пра што пішуць, знутры, таму іх тэксты атрымліваюцца глыбокімі.

22-17

— Ці з'яўляецца ўзрост, на ваш погляд, перашкодай для журналіста ў плане самарэалізацыі ў прафесіі?

— Зразумела, не. Калі ў маладога чалавека ёсць талент, арганізатарскія здольнасці, што можа стаць для яго перашкодай? Не хацелася б зараз прыводзіць хрэстаматыйныя прыклады з іншых галін. Скажам прасцей. Чалавек апантаны, які верыць у свае сілы, упэўнены ў тым, што ён робіць, — праб'ецца. І ўсё ж таленту трэба дапамагаць. Вось як яго заўважыць, не прапусціць у мітусні дзён? Гэта пытанне. Менавіта на дапамогу таленавітым людзям у нашай прафесіі накіраваны форум маладых журналістаў і прэмія «Дэбют». Упэўнены, і сёлета з'явяцца новыя імёны, якія неўзабаве стануць гонарам айчыннай журналістыкі.

— Ёсць журналісты, якія толькі год-два як скончылі ўніверсітэт, але для іх ужо характэрна «зорная хвароба». Наколькі важна маладому чалавеку крытычна ставіцца да сябе?

— Крытычна ставіцца да сябе, лічу, важна ў любым узросце і ў любой прафесіі. Працытую вядомыя словы Канстанціна Сяргеевіча Станіслаўскага: «Здолейце любіць мастацтва ў сабе, а не сябе ў мастацтве». На мой погляд, гэтае правіла і ёсць самая лепшая прышчэпка ад усялякай «зорнасці». Ды і жыццё хутка ставіць на месца тых, хто адрываецца ад зямлі, ад інтарэсаў людзей, для якіх мы з вамі працуем.

І менавіта чытачы, гледачы, слухачы выносяць канчатковае рашэнне: ёсць талент альбо не. Самае галоўнае для журналіста, у тым ліку маладога, не страціць адчуванне рэчаіснасці, пульс часу. Быць сучасным — гэта не значыць быць модным. Бо тая ж мода можа завесці далёка не ўперад, а зусім у іншым накірунку. Таму і пэўны кансерватызм павінен прысутнічаць.

Паглядзіце, колькі бруду некалі вылілі на савецкую журналістыку! Але сёння мы вучымся на прыкладах Аграноўскага, Зорына, Бовіна, Булацкага, Матукоўскага. Дарэчы, гэтыя людзі былі вельмі незвычайныя як асобы, але зусім далёкія ад зорнасці. У іх было чалавечае абаянне, а не танныя «панты».

— Не сакрэт, што Беларускі саюз журналістыкі клапоціцца не толькі пра моладзь, але і пра «акул пяра». Старшыня творчага аб'яднання Анатоль Іванавіч Лемяшонак, у якога неаднаразова даводзілася браць інтэрв'ю, заўсёды казаў пра важную ролю інстытута настаўніцтва ў журналістыцы. А хто быў вашым настаўнікам, чалавекам, які дапамог упэўнена стаць на творчае крыло?

— Сапраўды, вельмі важна, каб маладому чалавеку, які прыйшоў у рэдакцыю, нехта дапамог, падтрымаў, без зайздрасці накіраваў, падказаў, на каго трэба арыентавацца. На шчасце, у Саюзе журналістаў ёсць такія людзі. У якасці прыкладу прывяду Георгія Сцяпанавіча Тамашэвіча, які шмат гадоў узначальваў брэсцкую арганізацыю. Ён, дарэчы і сам стаў адным з першых журналістаў-настаўнікаў, арганізаваў папулярызацыю гэтага вопыту. З яго лёгкай рукі інстытут настаўніцтва паспяхова развіваецца ў тым ліку і ў раённых газетах.

Дарэчы, для калег старэйшага пакалення вось ужо чацвёрты год праводзіцца конкурс «Журналіст-настаўнік». Мы надаём яму не менш увагі, чым «Дэбюту». Клапоціцца пра гэты напрамак дзейнасці Беларускага саюза журналістаў вельмі дасведчаны чалавек — наш адказны сакратар Сяргей Дзмітрыевіч Сверкуноў.

Што тычыцца асабіста мяне, то я вельмі ўдзячны свайму настаўніку (не толькі ў навуцы, але і па жыцці) — доктару гістарычных навук, прафесару Мікалаю Стэфанавічу Сташкевічу. А ў журналістыцы, напэўна, Паўлу Ізотавічу Якубовічу. Было так. Не паспеў я ўзначаліць «Беларускую думку», як гендырэктар БелТА Дзмітрый Аляксандравіч Жук зладзіў для мяне своеасаблівы іспыт: папрасіў зрабіць вялікае інтэрв'ю для часопіса з галоўным рэдактарам «Советской Белоруссии». Гэта было маё першае сур'ёзнае інтэрв'ю і бясцэнныя ўрокі рэдактуры. Павел Ізотавіч, здаецца, разы чатыры вычытваў тэкст. Не крытыкаваў, а проста браў аловак і правіў. Адначасова вельмі добразычліва і з тактам раіў, як арганізаваць працу рэдакцыі. Трэба заўжды вучыцца, глядзець, як робяць іншыя, аналізаваць. А апускаць рукі, на мой погляд, увогуле не варта ні ў якой сітуацыі. Які сэнс? Трэба ісці наперад і верыць у свае сілы. Калі верыш, то ў выніку ўсё атрымаецца.

22-16

— Гумарыстычнае выказванне «Чукча не чытач, чукча — пісьменнік» журналісты часта прымяняюць датычна да сябе, калі высвятляецца, што нехта з іх не чытае тэксты сваіх жа калег. Тым не менш не сакрэт, што для таго, каб выпрацаваць свой стыль, недастаткова варыцца ва ўласным соку. Што вы параіце пачытаць маладым журналістам?

— Хаця б проста чытаць. Без гэтага немагчыма адбыцца ў прафесіі. На жаль, сёння мала чытае не толькі моладзь... Хаця, ведаеце, можа маладыя якраз і чытаюць. Не раз даводзілася сустракацца з маладой чытацкай аўдыторыяй. І хлопцы, і дзяўчаты былі ў курсе апошніх літаратурных навінак. А часам пагаворыш з якім-небудзь чыноўнікам, альбо бізнесменам... Так, зразумела, будні заядаюць, шмат працы. І ўсё ж трэба пакідаць час, каб развівацца як асоба. А гэта немагчыма без кнігі. Няважна, друкаванай ці электроннай.

Асабіста на мяне вялікае ўражанне зрабіў «Ціхі Дон» Шолахава — нічога лепшага ў жыцці не чытаў. Цяпер вельмі шмат чытаю кніг па гісторыі, палітыцы, рэлігіі, мемуараў. Ну і, вядома, не буду арыгінальным, ёсць агульны набор сусветнай класічнай літаратуры, якую трэба было б вывучыць. Магу назваць сваіх любімых аўтараў. З беларускіх — Купала, Багдановіч, Шамякін, Быкаў і Караткевіч. А верш Канстанцыі Буйло «Люблю» магу чытаць і слухаць бясконца. З рускіх — Ясенін, Чэхаў, Зошчанка, Булгакаў. Вельмі люблю лаціна-амерыканскую літаратуру, у прыватнасці Борхеса, Амаду. І сёння ўзгадваю тую асалоду, калі на адным дыханні прачытаў «100 гадоў адзіноты» Маркеса.

Для мяне ў літаратуры важныя арыгінальная ідэя і падача матэрыялу. Прапісныя ісціны, якія гавораць у лоб, як трэба рабіць, а як не, чытаць складана і непрыемна. Наколькі начытанасць уплывае на журналісцкі стыль, цяжка сказаць. Але, несумненна, журналіст павінен мець шырокі кругагляд.

— Гістарычная адукацыя, напэўна, вельмі дапамагае пры напісанні тэкстаў, дазваляе свабодна праводзіць паралелі паміж мінулым і сучаснасцю?

— Яна ўвогуле дапамагае па жыцці. Нават у кампаніі гістарычны анекдот расказаць — у мяне іх цэлая калекцыя. Гісторыя — класічная адукацыя, якая ўпарадкоўвае мазгі. Ты на многія рэчы больш сістэмна глядзіш. Да таго ж яна і памяць добра развівае. Хаця вельмі шмат спрэчак вакол таго, а што ж такое гісторыя. Навука? Нешта больш блізкае да літаратуры і філасофіі? З майго пункту гледжання — навука, прычым даволі дакладная. Тое, што яна мае вялікае грамадскае значэнне, толькі падкрэслівае адказнасць вучоных. Дарэчы, тут вельмі шмат агульнага з журналістыкай.

Да нас, гуманітарыяў, некаторыя ставяцца з пагардай. Маўляў, кожны можа гэтым займацца. Не атамы ж расшчапляць! А бяруцца — потым такога панавыкручваюць... Усё ж такі любое слова — навуковае, публіцыстычнае, нават у справаводстве (можа, там яшчэ і болей) — патрабуе акуратнасці і павагі. За словам стаяць лёсы людзей.

— Мне вельмі прыемна, што вы адказваеце на мае пытанні па-беларуску. Як лічыце, павінен журналіст ведаць дзве мовы ці ўсё ж такі дастаткова адной?

— Родную мову чуў і ведаю з дзяцінства. Праўда, мы не размаўлялі ў Смілавічах, адкуль я родам, на літаратурнай беларускай, хутчэй на «трасянцы». Аднак асобныя рэчы і паняцці называліся выключна па-беларуску — хата, сенцы, брама.

Усё павінна быць натуральна. Двухмоўнасць — гэта рыса нашага народа. Мы павінны ганарыцца тым, што можам думаць на дзвюх мовах, карыстацца гэтым. Лічу, што кожны беларус, які паважае сябе, незалежна ад прафесіі, павінен ведаць як мінімум беларускую і рускую. А ўвогуле, чым больш чалавек ведае моў, тым лепш.

Надзея ДРЫЛА

dryla@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».