Вы тут

Беларусь уваходзіць у першую дваццатку краін, якія адказна ставяцца да зберажэння азонавага слою


Словазлучэнне «азонавая дзірка» вядомае любому адукаванаму чалавеку. І ад таго, што праблема даўно акрэслена, стаўленне да яе ў насельніцтва ўжо звыкла-спакойнае. Хоць навукоўцы не стамляюцца нагадваць, што ўздзеянне ўзмацнелай ультрафіялетавай радыяцыі здольна выклікаць рак скуры, катаракту вачэй, прыгнятае імунную сістэму чалавека, а таксама наносіць непрадказальную шкоду раслінам, водарасцям і глабальнай экасістэме, у тым ліку глабальнаму клімату.

22-32

Між тым беларускія анколагі сведчаць, што ў апошні час у нашых суайчыннікаў на першае месца сярод анкалагічных захворванняў выйшлі злаякасныя пухліны скуры. Адзін з асноўных фактараў рызыкі для гэтых пухлін — якраз-такі ўльтрафіялетавае выпраменьванне. Але чаму ў беларусаў, якія жывуць далёка не на экватары і не каля Антарктыды, дзе размешчана велізарная азонавая дзірка, лідзіруюць менавіта злаякасныя пухліны скуры, сказаць ніхто не бярэцца. Тым не менш анколагі адзначаюць, што цяпер многія нашы суайчыннікі выязджаюць на адпачынак у паўднёвыя краіны, дзе, загараючы, нярэдка атрымліваюць апёкі.

Але ні адзін сонечны апёк не праходзіць бясследна, сцвярджае загадчык прыёмнага аддзялення, хірург РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі к.м.н. Генадзь Рымдзенак. Нават калі і здаецца, што ўсё абышлося, гэта можа быць не так. Яны могуць дацца ў знакі і праз 20, і праз 30 гадоў — тэрміну даўнасці тут не існуе. Да ведама: банальнае пачырваненне скуры пасля пляжу медыкі разглядаюць ужо як апёк 1-й ступені. Таму, адзначае Генадзь Рымдзенак, загараць трэба вельмі асцярожна, асабліва сінявокім і светласкурым людзям.

Але ёсць і добрыя навіны. Навукоўцы абяцаюць, што ў наступныя некалькі дзесяцігоддзяў азонавы слой на планеце адновіцца да кантрольных узроўняў 1980 года. Гэтага дазволяць дасягнуць узгодненыя міжнародныя дзеянні па барацьбе з азонаразбуральнымі рэчывамі.

Наша краіна адной з першых падпісала Венскую канвенцыю (ратыфікаваную ў 1986 годзе) аб ахове азонавага слоя і Манрэальскі пратакол (ратыфікаваны ў 1988 годзе) па рэчывах, што разбураюць азонавы слой, тым самым узяўшы на сябе строгія абавязацельствы па скарачэнні і спыненні спажывання азонаразбуральных рэчываў.

За апошнія пяць гадоў, па словах вядучага навуковага супрацоўніка Нацыянальнага навукова-даследчага цэнтра маніторынгу азонасферы БДУ Аляксандра Красоўскага, спажыванне азонаразбуральных рэчываў у Беларусі скарацілася на 50%. І, у адпаведнасці з абавязацельствамі, наша краіна павінна цалкам спыніць спажыванне азонаразбуральных рэчываў да 2020 года.

Разбураюць азонавы слой запуск касмічных ракет і самалёты, якія лётаюць на вышыні ў 12-16 км. Але самай галоўнай прычынай яго разбурэння з'яўляецца хлор і яго вадародныя злучэнні, якія трапляюць у атмасферу ў першую чаргу ад раскладання фрэонаў. Пры гэтым, як паведаміў начальнік упраўлення рэгулявання ўздзеяння на атмасфернае паветра і водныя рэсурсы Міністэрства прыроды і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Заўялаў, малекула хлору знішчае 200 тысяч малекул азону. Таму хлор, бром і фтор, якія трапляюць у верхнія слаі атмасферы, здольны выклікаць сур'ёзныя наступствы.

У свеце ўжо знойдзены заменнік фрэонаў у аэразолях — прапан-бутанавая сумесь. Яна амаль не саступае фрэону па параметрах, адзіным мінусам з'яўляецца толькі тое, што яна вогненебяспечная. Такія аэразолі ўжо досыць шырока выкарыстоўваюцца. Што тычыцца халадзільных установак, справы ідуць крыху горш. Тым не менш Мінскі завод халадзільнікаў ЗАТ «Атлант», які да 1993 года выпускаў халадзільнае абсталяванне, што працавала на азонаразбуральных рэчывах, у прыватнасці на фрэоне, пачынаючы з 2002 года перайшоў на вытворчасць халадзільнікаў і маразільнікаў з ужываннем азонабяспечнага холадагента R600а.

Азонаразбуральныя рэчывы пакуль яшчэ выкарыстоўваюцца ў ТАА «Завод аўтамабільных прычэпаў і кузаваў «МАЗ-Купава» для ўспеньвання панэляў і на Давыд-Гарадоцкім электрамеханічным заводзе — для абястлушчвання дэталяў. Але, як паведаміў Сяргей Заўялаў, і гэтыя прадпрыемствы павінны будуць пазбавіцца ад азонаразбуральных тэхналогій.

На «МАЗ-Купава» неўзабаве будзе заключаны кантракт на пастаўку новага італьянскага абсталявання, якое дасць магчымасць адысці ад азонаразбуральных тэхналогій. Такое ж бяспечнае абсталяванне ў рамках праекта ПРААН "Садзейнічанне ў рэалізацыі паскоранага вываду з абарачэння ГХФУ ў краінах з пераходнай эканомікай" і ў партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі ў верасні з'явіцца і ў Давыд-Гарадку. Кампанія «Мясамалмантаж» будзе вырабляць малагабарытныя аміячныя ўстаноўкі, якія пойдуць на змену абсталяванню, што змяшчае азонаразбуральныя рэчывы.

У цэлым у нашай краіне, па словах спецыялістаў, пачынаючы з 1996 года выведзена з абарачэння звыш 600 т розных азонаразбуральных рэчываў, а з 2007 года дзейнічае сістэма ліцэнзійнага рэгулявання абыходжання з азонаразбуральнымі рэчывамі.

Святлана Бусько

busko@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Казярогам важна на гэтым тыдні скончыць неадкладную справу, якая ўжо даўно не дае спакою.

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.