Вы тут

Дапамажы не словам, а ўчынкам!


Люблю сустракацца на мерапрыемствах з калегамі-журналістамі, абмяркоўваць апошнія падзеі ў грамадстве, цікавіцца іх падыходам да падрыхтоўкі пэўнага матэрыялу. Прыемна бачыцца і ў нефармальнай абстаноўцы, напрыклад, на розных творчых і спартыўных спаборніцтвах, якія ў Віцебскай вобласці арганізуе для маладых журналістаў БРСМ. Тады асабліва адчуваеш, якая моцная каманда мы ўсе, калі разам. А нядаўна я задумалася... Як было б здорава, калі б сумесную энергію мы накіроўвалі на добрыя справы, каб кожны журналіст хаця б на некаторы час станавіўся валанцёрам!..

[caption id="attachment_101826" align="alignnone" width="600"]22-211 Але­ся СА­МА­ТОЙ, 28 га­доў, вя­ду­чы ка­рэс­пан­дэнт га­зе­ты «Віць­бі­чы». Твор­чае крэ­да: «Лю­бі тое, што ро­біш, і ўсё атры­ма­ец­ца»[/caption]

Вось, напрыклад, мы часта рыхтуем матэрыялы з розных дабрачынных акцый, свят, якія адзначаюцца ў дзіцячых дамах, тэрытарыяльных цэнтрах, бальніцах. Безумоўна, журналісты робяць добрую справу, калі расказваюць чытачам пра неабыякавых да чужой бяды людзей. А што перашкаджае нам самім рабіць дабро і дапамагаць не толькі друкаваным словам, але і ўчынкамі? Згадзіцеся, тады і матэрыял атрымаецца больш цікавым, калі ты прасякнешся тым, пра што пішаш, станеш часткай падзеі.

Ёсць у нас у «Віцьбічах» традыцыя — да Новага года мы з калегай рыхтуем матэрыял пад рубрыкай «Добрыя справы». І, адпаведна, перад тым, як яго напісаць, гэтыя добрыя справы робім. І хай яны не вельмі маштабныя, але вядома, што з маленькага ўчынку пачынаюцца вялікія здзяйсненні. Напрыклад, мы традыцыйна сустракаем з радзільнага дома шматдзетную маці. Прычым, зусім незнаёмую! Малюем плакаты з імем навароджанага, надзімаем паветраныя шарыкі, купляем неабходныя сродкі гігіены для немаўляці. Уявіце, які гэта прыемны сюрпрыз!

Аднойчы давялося дапамагчы чалавеку без пастаяннага месца жыхарства звязацца з сынам, з якім ён не кантактаваў некалькі гадоў з-за канфлікту — у выніку яны памірыліся і сям'я ўз'ядналася.

Вельмі кранальным быў наш візіт да адзінокай бабулі, нашай суседкі па пад'ездзе. Ёй мы вырашылі падарыць сапраўдны Новы год. Жанчына ўжо даўно сустракала свята без яго галоўнага атрыбута... Прыйшлі з елкай, цацкамі і іншымі ўпрыгажэннямі для яе. Атрымаўся цёплы, дамашні вечар.

Ёсць у нас сям'я, да якой мы таксама прыходзім у госці з падарункамі. У ёй маладая мама выхоўвае дачушку Крысціну з дыягназам ДЦП. І кожны раз мы расказваем на старонках газеты пра тое, якія добрыя перамены адбываюцца ў здароўі дзяўчынкі дзякуючы яе жаданню стаяць на нагах і імкненню дасягнуць гэтай мэты ўсімі сродкамі!

Напэўна, кожны ў Віцебску чуў гісторыю маленькай Насці Піцерскай, якая таксама змагалася з цяжкай хваробай. Аднойчы я задала сабе пытанне: «А ці магу я што-небудзь зрабіць, акрамя таго, што напішу заклік аб дапамозе ў газеце?» Разам з двума валанцерамі мы арганізавалі спецыфічную акцыю — збіралі сродкі на лячэнне дзяўчынкі ў начным клубе. За вечар атрымалася сума ў чатырыста долараў. Няшмат? А з іншага боку, кожны мог бы далучыцца да гэтай справы, прыдумаць арыгінальныя формы правядзення такіх акцый.

Выдатна было б, калі б мы, маладыя журналісты, крэатыўныя і смелыя, аб'ядноўвалі сілы, разам ажыццяўлялі сацыяльныя праекты і заклікалі праз свае сродкі масавай інфармацыі і іншых людзей не заставацца абыякавымі да чужых праблем.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.