Вы тут

Хімія таленту,


або Ад шпаргалкі да «Выбараў».

За апошні год жыццё пераможцы конкурсу «100 ідэй для Беларусі» Паўла БАЦЫЛЕВА істотна змянілася: хлопца ўзялі працаваць у цэнтр інтэрнэт-праектаў Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, яго рукамі быў створаны дадатак «У саюз з сябрамі», а зусім нядаўна выйшла новая праграма — «Выбары-2015». Пры гэтым юнак стаў ужо другакурснікам механіка-матэматычнага факультэта БДУ. Павел распавёў нашаму карэспандэнту пра тое, як праграмаванне змяняе яго жыццё, якія перспектывы ён для сябе бачыць і чым займаецца цяпер.


22-3

— Як стваралася чарговая праграма «Выбары-2015»?

— Не скажу, што гэта была выключна мая ідэя — праект задумваўся супольна пры ўдзеле БРСМ і інфармацыйнага агенцтва БелТА. Распрацоўка пачалася ў канцы ліпеня. У гэтым і была галоўная цяжкасць: вельмі сціслыя тэрміны для прадукту, які павінен працаваць адразу на дзвюх платформах: іOS і Androіd. Больш за тое, была задача зрабіць праграму, інфармацыя ў якую загружалася б без абнаўлення, як бы сама па сабе. Карыстальніку не трэба нешта націскаць, усе змены адбываюцца літаральна на яго вачах. Напрыклад, яшчэ ўчора вы адкрывалі праграму, і вынікаў галасавання не было, а сёння ўжо з'явіліся. А яшчэ, нават калі ў вас няма доступу да інтэрнэту, інфармацыя, якая была запампавана раней, застаецца. Таму з тэхнічнага боку праца была даволі складаная.

З пэўнай часткай мне дапамог сябра Антон Філіповіч, з якім мы вучымся на механіка-матэматычным факультэце. Дарэчы, ён жа дапамагаў ствараць і «У саюз з сябрамі».

— Наколькі ведаю, ты актыўна шукаў інвестараў для свайго першага праекта — праграмы для рашэння задач «Хімія Х10», з якім перамог на
«100 ідэй для Беларусі»?

— Ён застаецца самым паспяховым з усіх маіх праектаў. Так, я сапраўды шукаў інвестара, які зацікавіўся б праграмай як бізнес-праектам. Наведваў шматлікія стартап-мерапрыемствы, размаўляў з людзьмі, якія ўжо нечага дасягнулі... На жаль, так і не атрымалася даказаць ім мэтазгоднасць працы, хоць, думаю, быў блізкі да гэтага. Можа, мой узрост паўплываў... Тым не менш праект працягвае развівацца. Цяпер колькасць запамповак праграмы на Androіd па СНД ужо перавысіла 140 тысяч, прытым што летам праграмы для школы звычайна загружаюць вельмі мала. Ды і сярэдняя адзнака, якую выстаўляюць карыстальнікі, з выпускам новай, больш пашыранай версіі вырасла яшчэ на адну дзясятую і цяпер складае 4,3. Гэта добры плюс, ён матывуе далей працаваць над «Хіміяй X10», каб зрабіць з яе штосьці больш якаснае. У блізкіх планах — запусціць праграму на іншых, акрамя СНД, рынках і пачаць атрымліваць прыбытак, з інвестыцыямі або без іх. А ідэі, чаго туды яшчэ карыснага дадаць, ёсць, і шмат. Увогуле, цяпер я збіраюся накіраваць больш высілкаў менавіта ў гэтым кірунку.

— Чым ты яшчэ займаўся апошнім часам?

— Летам рабіў мабільную праграму для газеты «СБ. Беларусь сегодня». Задача таксама была не з простых — яна павінна была мець шырокі функцыянал. Карыстальнік можа праглядаць сам нумар газеты, чытаць навіны па рубрыках і шмат іншага. Акрамя таго, у праграме можна пазнаёміцца з матэрыяламі іншых выданняў аднайменнага медыяхолдынга. Яна ўжо ёсць у Google Play, цяпер распрацоўваю версію для AppStore.

— Ты студэнт механіка-матэматычнага факультэта БДУ. Не шкадуеш пра свой выбар?

— Ні ў якім разе. За першы курс я паспеў улюбіцца ў факультэт, цяпер заўсёды раю яго шматлікім знаёмым абітурыентам. Моцна пасябраваў з хлопцамі з групы, з некаторымі сустракаліся летам. У плане вучобы пытанняў таксама няма, нават на першым курсе было шмат цікавых профільных дысцыплін, дзякуючы якім я даведаўся шмат новага. Многае цяпер выкарыстоўваю ў сваіх праектах.

— Якія ў цябе планы на будучыню?

— Хачу больш развівацца ў кірунку маркетынгу. Гэта не значыць, што я страціў цікавасць да праграмавання, не. Але прасоўванне прадукту — не менш важная частка, чым яго стварэнне, і мне хочацца ўдасканаліцца ў гэтым.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.