Вы тут

Джаспер & Эмілі


Ён і творы свае называе заўсёды двума словамі праз гэты злучнік — «Джаспер & Эмілі», «Трубакладчык & Сцяна», «Горад & Маска», — і сам на такі ж манер прадстаўляецца: Аляксандр Змушка & Саша Тэмлейн. Першы — кандыдат біялагічных навук, навуковы супрацоўнік аддзела біятэхналогіі Інстытута пладаводства, другі — пісьменнік, які працуе ў жанрах навуковай фантастыкі, прыгодніцкага, філасофскага і гумарыстычнага фэнтэзі, альтэрнатыўнай гісторыі і дзіцячай казкі.

22-111

Джаспер быў дрэвам.

Ён усё папярэдняе жыццё марыў абярнуцца дрэвам, і вось у яго атрымалася. Джаспер спакойна рос, магутна распасцёршыся над абрывам; яшчэ крыху — і яго карэнне паласкалася б у аблоках і хмарах. У яго зялёнай галаве звіла гняздо нейкая птушачка, але, паколькі ў папярэднім жыцці ў заалогіі ён асабліва не разбіраўся, то не ведаў, што за яна. Але птушачка так смешна вымаўляла раніцай «Пень! Пень!», што Джасперу адразу ж прыйшлася даспадобы. Лістоты ў яго не было — адны толькі трывалыя шыпулькі, а ствол ён меў звонкі і залацісты, як і належыць усялякай добрасумленнай сасне.

Джаспер быў сваім жыццём больш чым задаволены.

Тут ніколі не было суха, а глебы хапала, каб учапіцца вузлаватымі каранямі.

Высока-высока ўгары чорнымі кропкамі луналі птушкі, зрэдку прабягаў горны баран, а ўнізе, пад абрывам, праз жмуты аблокаў віднеўся Горад: маленькі, такі ўтульны і прыгожы, быццам быў выбудаваны з карамелі і зацвярдзелай нугі. Джаспер памятаў, што калісьці ён жыў у ім, але там было занадта шумна, вечна патрабавалася размаўляць і нешта вырашаць, а ён гэтага не любіў.

Тут Джаспер таксама зрэдку гутарыў: калі вецер, які жыве высока ў пячоры на схіле гары, разыходзіўся не на жарт, то хвоі рыпелі і стагналі — скардзіліся адна адной на жыццё, а то і дзяліліся плёткамі або фантазіямі пра тое, што нядрэнна б ім было стаць карабельным лесам, трапіць у лапы лесніка з сякерай, стаць выдатнай стройнай мачтай і пабачыць чужыя краіны.

Джаспер ні пра што гэтакае не марыў.

Ствол яго быў зламаны дзесяць разоў, галіны раскінуліся шырока ў бакі, а карані апляталі скалу, як буйнакалібернае павуцінне. Раз на год, як і належыць, на ім спелі шышкі, і ён скідаў іх уніз; можа, дзесьці там, пад аблокамі, на зялёных лугах, каля ручаёў яны і маглі вырасці ў самых сапраўдных прыгажунь і атрымаць шанец аказацца фарштэўнем, кілем, а то і носам прыгожага карабля.

А яшчэ Джаспер меў сябра.

Гэта была маленькая дзяўчынка, якая нярэдка гулялася ля яго каранёў, нягледзячы на строгую забарону бацькоў. Яна таксама была з Горада, і Джаспер, калі б захацеў, нават мог цьмяна ўзгадаць яе прадзеда — з той пары, калі ён яшчэ быў чалавекам.

Спачатку ўсё ішло добра.

Час цягнуўся, нічога не мянялася, ды Джаспер і не хацеў перамен.

Ён для таго і стаў дрэвам, каб шыпулькі свабодна зелянелі па паветры, на галінах цвыркалі птушкі, а карані магутным доўгім высілкам цягнулі вільгаць з зямлі. Але перамены былі непазбежнымі. Да Горада ўнізе правялі шырокую дарогу, і ён застракацеў намётамі, ларкамі і шатрамі з дарагіх адрэзаў тканіны. Праз Горад праходзіла шмат гасцей: ён рос, разбухаў, як кропля. Знаёмая дзяўчынка — здаецца, яе звалі Эмілі, — таксама вырасла і ператварылася ў нязграбнага падлетка... Упершыню Джаспер адчуў нейкі неспакой: яго задавальняла, калі ўсё ідзе, як ёсць. Няхай ён і не хацеў жыць у Горадзе, але любіў яго такім, якім той быў, і гнеўна глядзеў на пухліну, якая расла ўнізе — крывабокія, абы-як пабудаваныя дамкі.

«А што, калі б я зноў нарадзіўся чалавекам, то мог бы ўсё змяніць?» — падумаў ён, але адразу ж адкінуў гэтую недарэчную думку. Да таго ж Эмілі перастала прыходзіць, і Джаспер павольна старэў на сваёй скале...

Але аднойчы сёе-тое змянілася — зусім.

Джаспер упершыню ўбачыў гэтыя клубы дыму раніцай.

Яны падымаліся над стэпам, быццам нябачаны жоўты пажар, і загарадзілі сабой палову гарызонту. Крывава-чырвонае сонца падымалася ўгору, купаючыся ў гэтым пыле. А затым пыл стаў набліжацца.

І Джаспер убачыў людзей: маленечкія, як мурашкі, са зморшчанымі тварамі, падобнымі да печаных яблыкаў, і зіхоткімі вострымі шаломамі, яны злосна сцябалі сваіх нізкарослых чэзлых конікаў. Яны імчаліся і імчаліся ад гарызонту да Горада, і не было ім ні канца ні краю.

А затым Горад запалаў!

Агонь разліваўся, як вішнёвае варэнне, якое Джаспер так любіў у чалавечым дзяцінстве. З жахам і лютасцю ён глядзеў, як агонь паглынае выродлівыя пабудовы, што сталі яму цяпер такімі дарагімі.

І тады ён убачыў Эмілі. У сукенцы, якую даводзілася прытрымліваць абедзвюма рукамі, яна імчалася па вузкай сцежцы, абдзіраючы рукі ў кроў і збіваючы чаравікі. Спачатку Джаспер падумаў, што яна бяжыць да яго (што за недарэчная думка?!) — але пасля зразумеў: леваруч праз прорву быў працягнуты вераўчаны мост. Калі па ім перайсці, а затым абсекчы канцы...

У руцэ Эмілі быў заціснуты нож.

На няшчасце, да моста вяла не адна дарога, а цэлыя тры!

І першыя дзве ўжо запоўніліся людзьмі. Джаспер у гневе глядзеў на гэтыя плоскія твары, захопленыя звярынай пажадлівасцю і злосцю; на адзенне, што больш было падобна на рыззё; на мячы — крывыя і залітыя крывёй. Эмі моўчкі абхапіла яго ствол рукамі і заплюшчыла вочы. Дыханне вырывалася з яе грудзей з сіпам, нерытмічнымі рыўкамі.

— Вось і ўсё, раптам прамовіла яна голасам маленькай Эмі. — Бывай, дрэва.

І яна адпусціла пальцы.

Джаспер зароў.

Злавіўшы вецер, што заблукаў у вышыні, ён паспешліва сплёў з яго патокаў смяротныя вузлы. Старая плоць выдала нямы стогн. Так, ён па-ранейшаму быў моцным і магутным, і мог бы чапляцца за жыццё яшчэ доўга — але не гэтага хацеў. Карані з агідным віскам выдраліся з зямлі. Вырываліся і падалі ў прорву камяні. Дзікуны стоўпіліся каля моста і са страхам пазіралі на гэта дзейства.

— Ён рос над абрывам, — гаўкнуў адзін з іх. — Напэўна, не вытрымаў свайго цяжару. Жыхары неба забіраюць яго. Ён падае.

У глыбокай пашане яны глядзелі, як каласальны ствол перакрэсліў празрысты, блакітнавата-шызы акіян і прызямліўся дакладна на пляцоўку на тым баку.

— О, божа! — выдыхнула Эмілі. — Ты зрабіла гэта для мяне?! Для мяне, дрэва?!

Джаспер сярдзіта зашумеў ветрам у галінах.

Больш не марнуючы часу, яна папаўзла.

Прыгожы крыналін і шоўк не прызначаліся для поўзання па старым ствале хвоі. Яна разадрала локці і распарола спадніцу. Варвары, апамятаўшыся, з галёканнем лезлі за ёй. Але галіны быццам трымалі іх, сукі лезлі ў вочы, ствол вылузваўся з рук. І калі яна, дрыжучы ад напружання, ступіла на цвёрды пятачок па той бок, дрэва раптам зарыпела.

Ніжнія галіны падламаліся, і ствол, зрабіўшы грацыёзны паварот вакол сваёй восі, з пераможным стогнам строс, як мурашак, наліплых на яго дзікуноў, і павольна ды велічна адышоў уніз...

Падаў ён доўга, вельмі доўга — бездань была такой, што груку падзення Эмі не пачула.

У вар'яцтве пагоні, у крыві паміраючага горада, у роспачы надзеі ёй здалося, што велічэзны ствол упаў не проста так: ён ратаваў яе ад забойцаў і гвалтаўнікоў, і ён жа павёў іх за сабой.

— Ён ахвяраваў сабой дзеля мяне, — шапнулі разбітыя вусны Эмі. — О, якая вар'яцкая думка!

Але, быць можа, яе суцешыла б тое, што Джаспер, працінаючы воблака і разбіваючыся аб каменную пліту ўнізе, зусім пра гэта не шкадаваў.

Аляксандр Тэмлейн

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.